Павел Юр’евіч Вінаградаў (нар. , Мінск) — актывіст моладзёжнага крыла кампаніі «Гавары праўду!» — «Zmena», вязень сумлення, беларускі палітвязень.

Біяграфія Скончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй № 4 па спецыяльнасці «цырульнік». Вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Мінскага педагагічнага ўніверсітэта.

Грамадская дзейнасць З’яўляўся сябрам маладзёжнай арганізацыі «Зубр», да 2010 года — актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь», з 2010 года далучыўся да кампаніі «Гавары праўду». Актывіст моладзёжнага крыла кампаніі «Гавары праўду!» «Zmena».

Храналогія пераследу За палітычную дзейнасць затрымліваўся міліцыяй. Першае затрыманне адбылося ў 2007 годзе на акцыі супраць адмены сацыяльных ільгот. Асуджаны на 5 сутак арышту.

У 2008 годзе з’яўляўся фігурантам «Справы 14-ці» па арт. 342 КК, якая была заведзеная за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 г. Асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы. У маі 2009 года Amnesty International абвясціла вязнямі сумлення ўсіх асуджаных да абмежавання волі фігурантаў «працэсу 14-ці», у тым ліку і Вінаградава, і заклікала да адмены прысуду.

На прэзідэнцкіх выбаах 2010 года Вінаградаў быў адным з актыўных сяброў ініцыятыўнай групы і перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011-га года. Спачатку абвінавачванне было прад’яўлена па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), затым засталося абвінавачванне толькі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Утрымліваўся пад вартай у СІЗА № 1 Мінска (вул. Валадарскага, 2). 5 мая 2011 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска (суддзя — Ала Булаш) вынес Вінаградаву прысуд — пазбаўленне волі на чатыры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжымуАляксандр Тамковіч Жыццё пасля кратаў — Смоленск: Родина, 2013. — 294 с. — ISBN 978-985-6025-25-2. Разам з ім на розныя тэрміны па крымінальнай справе аб «Масавых беспарадках» у сталіцы 19 снежня былі асуджаныя Алесь Кіркевіч, Зміцер Дрозд, Аляксандр Пратасеня і Уладзімір Хамічэнка. 23 мая 2011 года ў Чорны спіс Еўрасаюза былі дададзены Ала Булаш і Аляксандр Бароўскі, дзяржаўны абвінаваўца на працэсе.

Для адбывання гэтага тэрміну быў пераведзены ў калонію г. Івацэвічы, вядомую пад назвай «Воўчыя норы».

Вызвалены 14 верасня 2011 года згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні.

10 красавіка 2012 года суд Маскоўскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прэвентыўным наглядзе тэрмінам на два гады за Паўлам Вінаградавым у сувязі з неаднаразовымі затрыманнямі і адміністрацыйнымі арыштаміhttps://zapraudu.info/alyaksandr-tamkovich-zmeny-i-zmena/ .

Прэвентыўны нагляд з Вінаградава быў зняты 2 лістапада 2015 года, пасля чаго актывіст быў пастаўлены на ўлік у .

7 чэрвеня 2016 года суд Маскоўскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб устанаўленні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да актывіста. У абарону Паўла пад канец чэрвеня 2016 года выступіла Amnesty International, патрабуючы ад беларускіх уладаў скасаваць накладзены на яго прэвентыўны нагляд як незаконны, паколькі ён звязаны з ажыццяўленнем яго права на свабоду мірных сходаў.

Летам 2021 года Паўла Вінаградава асудзілі спачатку на 15, потым яшчэ на 30 дзён арышту за допіс у фэйсбуку. За той жа допіс на яго завялі крымінальную справу аб паклёпе на Лукашэнку. Праз 48 дзён Павел выйшаў на волю. Зноў затрымалі яго 21 снежня таго ж года, а ў сакавіку 2022 года прысудзілі да пяці гадоў калоніі. 27 снежня 2021 года праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Вінаградава палітычным зняволеным. У пачатку верасня 2025 года Вінаградаў атрымаў дадатковы год зняволення за «непадпарадкаванне адміністрацыі»https://t.me/nashaniva/104722. 11 верасня таго ж года пасля памілавання быў фактычна дэпартаваны ў Літву.

Крыніцы

Літаратура Тамковіч, А. Супраць плыні. — 2011. С.99-110. Тамковіч, А. Жыццё пасля кратаў — Смоленск: Родина, 2013. — 294 с. — ISBN 978-985-6025-25-2.

Спасылкі Актывіст кампаніі «Гавары праўду» з допыту не вярнуўся. Яго трымаюць у ІЧУ на Акрэсціна Суд над Паўлам Вінаградавым: 5 сутак арышту Паўла Вінаградава вызвалілі раней тэрміну сканчэння арышту Паўлу Вінаградаву працягнулі прэвентыўны нагляд «Не выправіўся»: за Паўлам Вінаградавым ізноў устанавілі прэвентыўны нагляд

Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі