Янка (Іван Андрэевіч) Філісто́віч (, в. Паняцічы, цяпер  — пасля 11 лістапада , ) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч на эміграцыі, удзельнiк антысавецкага руху на Беларусі, публіцыст.

Біяграфія Раннія гады Я. Філістовіча прайшлі ў Заходняй Беларусі. У час 2-й сусветнай вайны, у маі 1943 г. (па іншых звестках восенню 1943 г.) Я. Філістовіч быў мабілізаваны ў 13-ы паліцэйскі батальён (Вілейка, Мінск); перад прыходам Чырвонай Арміі эмігрыраваў у Германію. У жніўні 1944 г. вайсковая частка, дзе ён служыў, была накіраваная ў Італію, дзе да студзеня 1945 г. брала ўдзел у баях супраць англа-амерыканскіх войск. У лютым 1945 г. у Чэхаславакіі за спробу перайсці да чэшскіх партызанаў Я. Філістовіч быў адпраўлены ў турму г. Паддубіца, адкуль быў вызвалены 8 мая

Пасля вайны Я. Філістовіч перабраўся ў Францыю. Вывучаў гісторыю ў Сарбонскім (Францыя) і Лювенскім (Бельгія) універсітэтах. Выдаваў часопіс «Моладзь», быў адным з лідараў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі (створана на з'ездзе 26 сакавіка 1949). У Парыжы наладзіў кантакт з Міколам Абрамчыкам, з 11 сакавіка 1951 — сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік ураду БНР. У сакавіку 1951 узяўся за місію наладжвання кантакту беларускіх эміграцыйных уладаў з падполлем на тэрыторыі БССР. Пасля трохмесячнай падрыхтоўкі на базе Каўфберэн каля Мюнхена, 9 верасня 1951 года ў складзе амерыканскага дэсанту быў накіраваны ў раён БССР, з якога паходзіў.

Праз сваяка Пятра Кушаля Я. Філістовічу ўдалося наладзіць сувязь з групай С. Мікуліча, якая складалася з 5 чалавек і дзейнічала на тэрыторыі Іллянскага раёна з 1949 г. Я. Філістовіч пераняў камандаванне групай і зрабіў спробу ператварыць яе ў вайскова-палітычную арганізацыю. Увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку, забараніў рабіць грабяжы і напады на мясцовы актыў. Групе даў назву «Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы» і распачаў падрыхтоўку да палітычна-прапагандысцкай дзейнасціСт. Галковский. Контрразведчик // Беларусь сегодня, № 81, 2014. З гэтай мэтай у красавіку 1952 атрад правёў у в. Вязыні пад Маладзечнам напад на друкарню, якая друкавала газету «Шлях да камунізму». Партызаны забралі друкарскую машыну. На ёй планавалася друкаваць газету «Жыве Беларусь!», але адсутнасць друкарскага досведу, а таксама некаторых элементаў не дазволіла ажыццявіць план.Валаханович… С. 21—22

5 верасня 1952 г. аператыўнай групай МГБ БССР была праведзеная аперацыя па ліквідацыі групы Я. Філістовіча. Аднак яму ўдалося ўцячы і ён меркаваў перайсці мяжу з Польшчай, але 9 верасня 1952 г. у вёсцы Ярмолічы Маладзечанскай вобл., у выніку здрады, быў арыштаваны групай мясцовага ўпраўлення МГБ.Антысавецкія рухі…

Судовы працэс пачаўся 17 кастрычніка 1953 г. у Мінску. Я. Філістовіч быў асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі да смяротнай кары. Апошні дакумент, які ўласнаручна падпісаў Я. Філістовіч, гэта яго касацыйная скарга ў Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР, якая датуецца 11 лістапада 1953 г. (скарга напісана ў Мінску). Пасля гэтай даты Я. Філістовіч, як мяркуецца, быў расстраляны. Супраць яго сваякоў і тых, хто дапамагаў у яго дзейнасці, праведзены рэпрэсіі.

Дакументальныя крыніцы Крымінальная справа № 3383 па абвінавачванні Івана Андрэевіча Філістовіча захоўваецца ў Цэнтральным архіве КДБ Рэспублікі Беларусь у Мінску. У справе 23 тамы. Матэрыялы, галоўным чынам пратаколы допытаў Філістовіча, прадстаўляюць сабой каштоўную крыніцу па гісторыі паваеннай беларускай эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У канверце, прыкладзеным да 23-га тома, захоўваюцца арыгіналы і копіі данясенняў Філістовіча, запісаных яго рукой; нумары эмігранцкага часопіса «Моладзь».

Тэксты шасці шпіёнскіх данясенняў Філістовіча разам з некаторымі іншымі матэрыяламі з крымінальнай справы № 3383 надрукаваны ў часопісе «Беларуская думка» (2009, № 8, с. 74-81).

Літаратура Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3 Валаханович И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. — Мн., 2002. Лицкевич О. «Рух зусім незалежніцкі…» // Беларуская думка. — 2009. — № 8. — С. 74-81. Лукашук А. Фiлiстовiч. Вяртаньне нацыяналiста. — Мн., 1997 Сцебурака У. Яшчэ раз пра Янку Філістовіча // Куфэрак Віленшчыны. № 2(7). 2002.

Спасылкі Дакументальны фільм пра Янка Філістовіча

Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі Катэгорыя:Беларускія калабарацыяністы ў Другой сусветнай вайне Катэгорыя:Пакараныя смерцю ў Пішчалаўскім замку