Егі́пет (), Ара́бская Рэспу́бліка Егі́пет () — краіна на паўночным усходзе Афрыкі і паўднёвым захадзе Азіі. Мяжуе з Ізраілем, тэрыторыяй Палесціны (сектарам Газы), Суданам і Лівіяй. На поўначы абмываецца водамі Міжземнага мора, на ўсходзе — Чырвонага мора. Па тэрыторыі Егіпта праходзіць Суэцкі канал — найкарацейшы марскі шлях з Міжземнага мора ў Індыйскі акіян.

Гісторыя Егіпта — адной з найстаражытнейшых цывілізацый свету, без перабольшання, калыскі чалавецтва — прасочваецца да 6-4 тыс. да н.э. У Старажытным Егіпце былі пабудаваны такія архітэктурныя славутасці як піраміды Гізы і Вялікі Сфінкс. Старажытныя руіны, як, напрыклад, Мемфіс, Фівы, Карнак і луксорская Даліна цароў з'яўляюцца важнымі цэнтрамі археалагічных даследаванняў. Егіпет стаў адным з цэнтрам зараджэння пісьменства, арашальнага земляробства, будаўніцтва гарадоў, арганізаванай рэлігіі. Сучасны Егіпет — спадкаемца той высокай цывілізацыі, што затым перажыла і ўвабрала не адну хвалю гісторыі (грэцкую, рымскую, арабскую і інш). З ХVI ст. Егіпет знаходзіўся пад уладай Асманскай імперыі. У канцы XIX ст. трапіў у сферу брытанскага ўплыву. У 1922 атрымаў фармальную незалежнасць як манархія. У 1952 адбылася рэвалюцыя, у выніку якой кароль Фарук і брытанскія салдаты ўцяклі, а Егіпет стаў рэспублікай.

Егіпет мае пераважна раўнінны рэльеф. У краіне маюцца паклады нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жалезнай руды. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі і спякотны; на поўначы — міжземнаморскі. Большую частку Егіпта займаюць пяскі і камяністыя прасторы Сахары. У такіх умовах яшчэ большую ролю набывае Ніл — найбуйнейшая рака, што перасяе краіну з поўдня на поўнач і стварае вялікую дэльту. Даліна Ніла — суцэльны заселены аазіс.

Егіпет з'яўляецца трэцяй па колькасці насельніцтва краінай Афрыкі і першай у арабскім свеце і на Блізкім Усходзе. У пераважнай большасці сваёй каля 100 мільёнаў жыхароў краіны «Population Clock» . Central Agency for Public Mobilization and Statistics. 16 April 2011. жывуць каля берагоў ракі Ніл, у суцэльна асвоенай вобласці плошчай каля 40 тысяч км², адзінай, дзе маюцца ворныя землі. Вялікія плошчы пустыні Сахары з'яўляюцца маланаселенымі. Меней за палову егіпцян жывуць у гарадах, найбольш густанаселенымі цэнтрамі з'яўляюцца гарады Каір і Александрыя, а таксама іншыя гарады ў даліне і дэльце Ніла. У пачатку нашай эры Егіпет стаў адным з важнейшых цэнтраў хрысціянства, аднак сёння гэта пераважна мусульманская краіна.

У пачатку 2011 года падчас Арабскай вясны ў Егіпце адбылася рэвалюцыя, якая прывяла да звяржэння прэзідэнта Хосні Мубарака са сваёй пасады, якую ён займаў амаль 30 гадоў. Сённяшні Егіпет — дэмакратычная прэзідэнцкая ўнітарная рэспубліка. Зрэшты, многія назіральнікі характарызуюць палітычны рэжым прэзідэнта Абдула ас-Сісі як аўтарытарны.

Егіпет — другая па аб'ёме эканомікі краіна Афрыкі — мае значны патэнцыял для таго каб у ХХІ стагоддзі стаць адной з вядучых эканомік свету. Эканоміка Егіпта, дзе такія сектары, як турызм, сельская гаспадарка, прамысловасць і сфера паслуг, знаходзяцца на амаль адным узроўні, з'яўляецца адной з найбольш разнастайных на Блізкім Усходзе. У індустрыі турызму занята каля 12 % працоўнай сілы Егіпта. Значную долю валютных паступленняў у краіну дае збор за праход караблёў па Суэцкім канале.

Егіпет — член Лігі арабскіх дзяржаў (штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Каіры), Афрыканскага Саюза, Арганізацыі Ісламская канферэнцыя (АІК) і Руху недалучэння.

Этымалогія

Слова "Егіпет" утворана ад старажытнагрэцкай назвы краіны Айгіптас ("Αἴγυπτος"), вытворнай ад тапоніма "Хікупта" — егіпецкай назвы горада Мемфіса. Хікупта азначае "дом ка (душы) Пта (бога апякуна Мемфіса)". Афіцыйная арабская назва Егіпта гучыць як "Міср", хоць самі егіпцяне вымаўляюць яе як "Маср".

Геаграфічнае становішча

thumb|200px|справа|Здымак тэрыторыі Егіпта з спадарожніка Егіпет размяшчаецца на 1 млн км²«World Factbook area rank order» . Cia.gov. і такім чынам з'яўляецца 30-й паводле плошчы краінай свету. Тэрыторыя краіны прыкладна адпавядае памеру ўсёй Цэнтральнай Амерыкі«More changes ahead for Egypt». Findarticles.com., у два разы большая за тэрыторыю ІспанііE. A. Pearce, Charles Gordon Smith, «The Times Books World Weather Guide», (Times Books/Random House: 1990), p.40, і ў чатыры разы большая за тэрыторыю Вялікабрытаніі«Sun, sand and searing heat». Bbc.co.uk., а таксама роўная складзеным разам амерыканскім штатам Тэхас і КаліфорніяRobert Pateman, Salwa El-Hamamsy, «Egypt», (Marshall Cavendish: 2003), p.7. Егіпет размешчаны паміж 22 ° і 32 ° з.ш. і 24 ° і 36 ° у.д.

Егіпет мяжуе з Лівіяй на захадзе, Суданам на поўдні і мае мяжу з сектарам Газа і Ізраілем на ўсходзе. Абмываецца Міжземным морам на поўначы і Чырвоным морам на ўсходзе.

Егіпет — адна з нямногіх краін, размешчаных адразу ў двух частках свету і адзіная, што разлеглася на двух кантынентах: Сінайскі паўвостраў плошчай 130 тыс. км² геаграфічна належыць да Азіі (Еўразіі). З гэтай стратэгічна ўнікальнай транскантынентальнасці вынікае важная роля Егіпта ў геапалітыцы: дзяржава валодае суднаходным водным шляхам Суэцкага канала, які злучае Міжземнае мора з Індыйскім акіянам праз Чырвонае мора.

Прырода

Афрыканская частка Егіпта пераважна раўнінная, платападобная. Вышыні змяншаюцца з поўдня на поўнач, дзе-нідзе апускаючыся ніжэй за ўзровень мора, ажно да -133 м. ва ўпадзіне Катара. Паралельна ўзбярэжжу Чырвонага мора цягнуцца невысокія (да 1900 м) аднак скалістыя, бляклыя Нубійскія горы. Найвышэйшыя ж пункты краіны знаходзяцца ў азіяцкай частцы: у паўднёвым куце Сінайскага паўвострава ўздымаюцца горы вышынёй да 2 650 м (гара Кацярыны). У Егіпце маюцца значныя па рэгіянальных мерках паклады нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жалезнай руды.

Клімат на большай частцы Егіпта трапічны пустынны. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад 27 °C да 32 °C летам і да 43 °C на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Сярэднія зімовыя тэмпературы складаюць ад 13 °C да 21 °C. На поўдзень ад Каіра, колькасць ападкаў мізэрная — у сярэднім ад 2 да 5 мм у год, прычым дажджы выпадаюць з інтэрвалам у некалькі гадоў (і толькі ў зімовыя месяцы)Soliman, KH. «Rainfall over Egypt.» Quarterly Journal of the Royal Meteorological Society, vol. 80, issue 343, p. 104.. У вясновыя месяцы і на пачатку лета з паўднёвых пустынь дзьме сухі гарачы вецер хамсін. На вельмі тонкай паласе паўночнага ўзбярэжжа колькасць ападкаў можа дасягаць 410 мм«Marsa Matruh, Egypt» . Weatherbase.com., прычым уся гэта сума прыпадае на перыяд паміж кастрычнікам і сакавіком. Гэта вобласць субтрапічнага міжземнаморскага клімату. Устойлівы вецер з паўночнага захаду дапамагае знізіць тэмпературу ля ўзбярэжжа Міжземнага мора. У гарах Сіная і некаторых паўночных прыбярэжных гарадах зрэдку выпадае снег.

Адзіная водная артэрыя, што не перасыхае — гэта Ніл, найдаўжэйшая рака Афрыкі. Ніл перасякае Егіпет з поўдня на поўнач і пры ўпадзенні ў Міжземнае мора стварае вялізную дэльту плошчай 24 тыс.кв.км. На ўсім сваім егіпецкім працягу Ніл не прымае ніводнага прытока і выключна губляе ваду на ўсе магчымыя гаспадарчыя патрэбы. Вышэй горада Асуан у пачатку 1960-х была пабудавана плаціна, якая стала падпорам вадасховішча Насэр.

Большую частку Егіпта займае пустыня з дзе-нідзе параскіданымі аазісамі. Егіпет уключае ў сябе часткі пустыні Сахара і Лівійскай пустыні. Вятры ствараюць уражальныя пясчаныя выдмы, якія часам дасягаюць вышыні болей за 30 метраў. Паміж пяскоў егіпецкай зямлі ўрадлівай абжытай стужкай віецца даліна Ніла. Да будаўніцтва Асуанскай плаціны, Ніл сваімі разлівамі штогод папаўняў глебы Егіпта, што гарантавала добры ўраджай кожны новы год.

Паколькі большая частка жыхароў стомільённага Егіпта канцэнтруецца ў дэльце і ніжнім цячэнні Ніла, эксперты адносяць краіну да ліку найбольш уразлівых да глабальнага пацяплення. Нават нязначнае падняцце ўзроўню Сусветнага акіяна можа спарадзіць процьму экалагічных бежанцаў з Егіпта.

Гісторыя

Старажытны Егіпет thumb|Піраміды Гізы Тэрыторыя Егіпта заселеная з глыбокай старажытнасці. Тут узнікла рачная цывілізацыя ў даліне ракі Ніл, і менавіта тут археолагамі зафіксаваны першыя ў гісторыі чалавецтва дзяржавы (каля 4 тысячагоддзя да н.э.). У дадынастычны перыяд існавала каля 40 дзяржаў-номаў і вялася барацьба за яднанне Верхняга і Ніжняга Егіпта. У 3000 годзе фараон Верхняга Егіпта Нармен, стаў узначаліў аб'яднаны Егіпет са сталіцай у Мемфісе. У эпоху Старажытнага царства — гэта гісторыя класічнага Егіпта — будаваліся знакамітыя піраміды (Хеопса, Хефрэна, Мікерына). У эпоху Сярэдняга царства Егіпет быў заваяваны гіксосамі. Новае царства (1600—1100 г. да н.э.) са сталіцай у Фівах  — гэта першая імперыя. У той час Егіпет аказваў вялікі культурны ўплыў на краіны Міжземнамор'я, у прыватнасці на старажытных грэкаў, праз якіх у еўрапейскую культуру трапілі многія егіпецкія навуковыя здабыткі. Пасля надыходу жалезнага веку Егіпет хутка губляе свой уплыў і трапляе ў залежнасць ад Асірыі VII ст. да н.э., затым (525 г. да н.э.) — ад Персіі. У 332 г. да н.э. Егіпет быў захоплены Аляксандрам Македонскім, краіна ўступае ў эліністычны перыяд (дынастыя Пталамеяў). У канцы І ст.да н.э. Егіпет становіцца правінцыяй Рымскай імперыі. У рымскі перыяд адбыўся заняпад старажытнаегіпецкай культуры; на змену познеегіпецкай мове прыйшла копцкая. На пачатку новай эры ў Егіпце актыўна распаўсюджваецца хрысціянства.

Сярэднявечны Егіпет

Пасля распаду Рымскай імперыі (395) Егіпет стаў правінцыяй яе ўсходняй часткі — Візантыі. У 639 г. у Егіпет увайшло арабскае войска Амра ібн аль-Аса. У 642 г. была захоплена сталіца Егіпта — Александрыя, краіна стала правінцыяй Арабскага халіфата. У складзе халіфата насельніцтва паступова перайшло на арабскую мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам. У 969 г. Егіпет быў заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 г. стаў іх сталіцай. З сярэдзіны ХІ ст. пачаўся распад халіфата Фатымідаў, што выкарысталі еўрапейскія крыжаносцы. У 1168 г. яны ўварваліся ў Егіпет і аблажылі Каір. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Егіпта, уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 г. захапіла вярхоўную ўладу. Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Егіпта ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае ўзбярэжжа Судана і інш.

Новы час У 1517 г. мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Егіпет стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта абярнулася заняпадам культуры і гаспадарчага жыцця Егіпта. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Турэцкі султан перастаў быць рэальным кіраўніком Егіпта, хоць і заставаўся яго рэлігійна-палітычным сюзерэнам. У 1798 г. французскія войскі на чале з генералам Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір. У 1801 г. французы капітулявалі перад англа-турэцкімі войскамі. У 1805 г. намеснікам султана ў Егіпце з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ пачаў мадэрнізацыю краіны. Узмацненне Егіпта не задаволіла ані Турцыю, ані еўрапейскія дзяржавы. Супольнымі намаганнямі ў 1841 яны змусілі Махамеда Алі капітуляваць, і з таго часу Егіпет трапляе ў залежнасць ад Англіі і Францыі. У 1869 г. адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. У 1882 Вялікабрытанія фактычна ўсталявала над Егіптам пратэктарат, хаця фармальна край заставаўся у складзе Асманскай імперыі. Канец ХІХ - пач. ХХ ст.стаў часам фарміравання нацыянальнай буржуазіі і інтэлігенцыі, узнікнення і развіцця нацыянальна-вызвольнага руху.

Найноўшы час