ААТ «Мі́нскі падшы́пнікавы заво́д» (МПЗ) — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, якое спецыялізуецца на вырабе падшыпнікаў. Знаходзіцца ў горадзе Мінску. Колькасць персаналу — каля 2 000 чалавек. Агульная вытворчая плошча — звыш 380 000 м².

На 2021 год уваходзіў у 10-ку найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Выпускаў звыш 600 мадэляў падшыпнікаў пад таварным знакам МПЗ ад 1 см дыяметрам і 10 грамаў вагой да 98 см дыяметрам і да 880 кг вагой. Вырабляў каля 70 % канструктыўных груп падшыпнікаў, якія існавалі ў свеце. За 2020 год вырабілі звыш 5 млн падшыпнікаў, з якіх 40 % новых узораў 2010-х гадоў. Доля ролікавых сферычных 2-радных падшыпнікаў склала 65 % продажаў і каля 90 % паставак за мяжу ў больш як 20 краін. Асноўнымі пакупнікамі былі прадпрыемствы 7 галін прамысловасці — машынабудаўнічай, горназдабывальнай, металургічнай, энергетычнай, будаўнічай, нафтагазавай і абароннай. Прадпрыемства ўваходзіла ў Міжрэспубліканскі саюз вытворцаў падшыпнікаў (Расія). Мінскі падшыпнікавы завод меў станцыю выпрабавання падшыпнікаў з лабараторыяй на 60 выпрабавальных машын ВНІПП мадэляў 537 і 542—545. Гэта дазваляла выпрабаваць падшыпнікі карданных валаў, аўтамабільніх ступіцаў, рухавікоў і вадзяных насосаў на вібрацыю і шум.

Вырабы і паслугі На 2021 год Мінскі падшыпнікавы завод вырабляў 77 узораў ролікаў і 788 узораў падшыпнікаў, у тым ліку: 661 ролікавы (85 %) — 491 радыяльны сферычны 2-радны (62 %), 116 радыяльных ігольчатых, 12 радыяльна-ўпорных канічных, па 9 упорна-радыяльных сферычных і ўпорных, 7 радыяльных цыліндрычных, 5 радыяльных 1-радных тараідальных, 4 упорна-радыяльныя сферычныя 1-радныя і 3 радыяльныя сферычныя 2-радныя; 90 шарыкавых — 62 радыяльных, 15 упорна-радыяльных і 13 радыяльна-ўпорных; 37 шарнірных.

Таксама на заводзе выпускалі: прывадныя ролікавыя ланцугі для трактароў, дэталі ровараў, свердзелы, мэблевую фурнітуру, адкрывалкі бляшанак і пляшак, а таксама дэталі для чыгуначнага палатна, пакоўку і раскатныя кольцы. Урэшце МПЗ аказваў праз сваю лабараторыю, выпрабавальню і цэх перавозак паслугі: хіміка-спектральнага аналізу металаў; вымярэння ўнутраных зазораў, дакладнасці кручэння і геаметрычнай дакладнасці падшыпнікаў; вымярэння рэшткавай намагнічанасці і шурпатасці паверхні; памераў і норм дакладнасці ролікаў, лінейных памераў для ўнутраных і вонкавых паверхняў; пасажырскіх перавозак мікрааўтобусамі і грузаперавозак да 40 тонаў, здачы ў наём аўтавышкі, аўтакрана, пагрузчыка і экскаватара.

Збытавая сетка На 2021 год Мінскі падшыпнікавы завод меў 25 гандлёвых прадстаўнікоў у 36 гарадах 16 краінаў: 14 гарадоў у 9 краінах Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (Дубай), Арменія (Ерэван), В’етнам (Хашымін), Грузія (Тбілісі), Індыя (Нью-Дэлі і Нойда ў штаце Утар-Прадэш), Ірак (Багдад), Іран (Тэгеран), Казахстан (5: Усць-Каменагорск, Караганда, Паўладар, Семей і Шымкент) і Тайланд (Бангкок); 1 краіна Афрыкі — Егіпет (Каір); 21 горад у 6 краінах Еўропы — суседнія Латвія (Рыга), Польшча (Сасновец), Расія (13: Волагда, Вялікі Істок, Дальнягорск, Екацярынбург, Лесазаводск, Масква, Находка, Перм, Уладзівасток, Усурыйск, Хабараўск, Цюмень і Чалябінск) і Украіна (4: Марыупаль, Львоў, Паўлаград і Харкаў), а таксама Балгарыя (Сафія) і Эстонія (Нарва).

Гісторыя thumb|280px|Галоўная прахадная «Мінскага падшыпнікавага завода» (лістапад 2019 года) 17 мая 1948 года Савет міністраў СССР прыняў Пастанову № 5959-РС «Аб будаўніцтве падшыпнікавага завода № 11 у г. Мінску». У красавіку 1950 года ў Чырвоным Урочышчы на ўскрайку Мінска пачалі ўзводзіць завод. 13 жніўня 1951 года майстарка Л. Ф. Арлова сабрала першы беларускі падшыпнік пад таварным знакам «ДПЗ-11». 7 верасня 1960 года на заводзе выпусцілі 100-мільённы падшыпнік. У 1962—1977 гадах уведзены ў дзеянне вытворчыя карпусы № 2, 3, 4 (з блокамі цэхаў), цэхі: тэрмічны, літых сепаратараў, інжынерна-бытавы, лабараторна-бытавы. 16 верасня 1969 года ў 2-м корпусе ўвялі ў дзеянне цэх ролікавых сферычных падшыпнікаў. 21 мая 1975 года Галоўны камітэт Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР узнаградзіў «ДПЗ-11» дыпломам 1-й ступені за ўкараненне электракаагуляцыйных збудаванняў для ачысткі прамысловых сцёкавых вод, а распрацоўшчыкаў — залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі. 13 лютага 1982 года на заводзе выпусцілі мільярдны падшыпнік. У 1995 годзе стварылі ўчастак пластмасавых і гумава-тэхнічных вырабаў. 25 снежня 1995 года завод перайменавалі ў арэнднае прадпрыемства «Мінскі падшыпнікавы завод» (МПЗ). Таксама ў 1995 годзе сабралі 1-шы буйнагабарытны падшыпнік вагой 637 кг. 10 лютага 2000 года прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства. У 2013 годзе МПЗ увайшоў у склад холдынгу «Беларуская металургічная кампанія», якім кіраваў «Беларускі металургічны завод» (Жлобін, Гомельская вобласць). У 2010—2013 гадах для змяншэння выдаткаў газу і электраэнергіі перааснасцілі кавальска-нарыхтоўчае і тэрмічнае абсталяванне завода. У жніўні 2015 года ў 1-м корпусе запусцілі кольцараскатны ўчастак з лічбавым праграмным кіраваннем і адпальвальным агрэгатам. У 2016 годзе ўсталявалі 29 і асучаснілі 16 прыбораў для вытворчасці ролікасферычных падшыпнікаў. У выніку замены газавыя награвальныя печы абсталявалі аўтаматычнай загрузкай і выгрузкай. Укаранілі загартовачна-адпускныя агрэгаты і звышфінішаванне кольцаў падшыпнікаў. 21 ліпеня 2017 года адкрылі аўтаматычную лінію загатовак кольцаў дыяметрам ад 22 да 60 см. 28 снежня 2020 года ўвялі ў дзеянне газанагравальную печ, што стала апошнім 41-м прыборам у мадэрнізацыі з 2010 года.

Кіраўнікі Георгій Кармілкін (20 красавіка 1949 — 1952) Пётр Яшчарыцын (1952—1962), акадэмік і доктар тэхнічных навук Іван Гаўрылаў (1962—1968) Аркадзь Высоцкі (1968—1988) Анатоль Зінкевіч (1988—1991) Анатоль Цыгалаў (1991—1994) Валерый Пенза (1994—2004) Віктар Можджэр (2005 — 22 снежня 2009) Аляксандр Лабусаў (22 снежня 2009 — 2016) Мікалай Анціпаў (2016 — кастрычнік 2019) Анатоль Савянок (з кастрычніка 2019 года)

Санкцыі 12 траўня 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць завода1948 – 2023: МПЗ встречает юбилей - 75 лет.

27 студзеня 2025 года Канада ўвяла санкцыі супраць завода «ў сувязі з працяглымі грубымі і сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, а таксама яго падтрымкай парушэння Расіяй суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

Цікавыя факты Вуліцы каля падшыпнікавага завода маюць неафіцыйную назву «мікрараён Шарыкі»Городской фольклор Минска: «бигуди», «гарлем», «помойка» и другое // ІнтэрфаксРайоны, кварталы: Партизанский проспект от площади Ванеева до «Автозаводской» // Onliner.byЯнварский Минск. Часть 2 // Жывы журнал.

Літаратура

Спасылкі

Заказаць

Катэгорыя:Прадпрыемствы Мінска Катэгорыя:Вытворцы падшыпнікаў Катэгорыя:Машынабудаўнічыя кампаніі Беларусі Катэгорыя:Кампаніі, заснаваныя ў 1951 годзе Катэгорыя:1951 год у Мінску Катэгорыя:Заводскі раён (Мінск)