«Подых навальніцы» () — беларускі мастацкі фільм, зняты ў 1982 годзе рэжысёрам Віктарам Туравым па аднайменным рамане Івана Мележа. З’яўляецца працягам мастацкага фільма «Людзі на балоце», створанага ў 1981 годзе. Сюжэт кінакарціны развіваецца на фоне станаўлення савецкай улады ў палескай вёсачцы Курані.
Сюжэт З’яўляецца другім фільмам з цыклу «Палеская хроніка».
Першая серыя Першая сцэна — Васіль нібыта ў мроі цалуе Ганну. Лета. Побач з сенакосам хлопец бяжыць за бацькам Хадоські і просіць старога аддаць за яго дачку. Бацька ізноў не дае згоды і папракае хлопца тым, што той дрэнны жаніх. Юнак кажа, што хутка ў Куранях будзе калгас і тады маладыя з голаду напэўна не памруць. Тым часам Ганна супакойвае дачку Верачку ў калысцы на лугу. Стары Глушак кажа Ганне, каб лепш брала ў рукі граблі. Васіль з бацькамі таксама працуюць на сенакосе. З’яўляецца Апейка. Сяляне чакаюць, што той пачне агітаваць пра калгас. Але ён бярэ ў рукі касу і жартаўліва кажа, што прыехаў папрацаваць, зарабіць дадатковых грошай.
З возу саскоквае дзяўчына — настаўніца з Глінішч — і падбягае да Ганны. Яны вітаюцца, размаўляюць. Ганна расказвае, як змянілася яе жыццё пасля нараджэння дачкі ад нялюбага мужа. Настаўніца заве Ганну да сябе, у горад. Ганна занепакоена кажа Яўхіму, што Верачка неяк цяжка дыхае і ўся счырванела. Бацька адказвае, што спякотна, усім цяжка дыхаць. Аднавясковец раіць хутка везці малую ў Юравічы да доктара. Стары Глушак не дае згоды.
Увечары вясковыя жанчыны мыюцца ў рэчцы і размаўляюць пра надыходзячую калектывізацыю. Пачынае цямнець, вяскоўцы селі ля кастра. Чарнушка расказвае, што такое добрае сена ўрадзіла і ў год, калі прыйшлі немцы з вайною. Размова зноў вяртаецца да калгасаў. Васіль кажа, што няма такога закона, каб сілком адабраць у селяніна каня і зямлю. Чарнушка скардзіцца, што адзін працуе, а другі як быў гультай, так і застанецца. Тым не менш, аднавяскоўцы згаджаюцца з адным: калі ўлада «папросіць», ніхто не зможа пярэчыць. Актывісты стаяць на сваім — машыны і ўгнаенні вёска атрымае толькі тады, калі будзе створана арцель. І ў выніку ставіцца пытанне аб тым, што з сённяшняга дня ў Куранях павінен быць калгас, а хто супраць калгаса — той супраць савецкай улады. Андрэй Руды адзначае, што так народ толькі больш спалохаецца. Сяляне з цяжкімі думкамі паціху расходзяцца па хатах.
На наступны дзень сяляне ізноў працуюць на сенакосе. Збіраецца навальніца, Алена Дзятлік будзіць бацьку і малога Валодзьку, якія прылеглі каля стога. Пачынаецца дождж. Ганна кажа Глушаку, што Верачка, відаць па ўсім, захварэла. Сцяпан спачувае Ганне і малой, якая ўвесь час плача. Глушак не згаджаецца везці дзяўчынку да доктара, замест гэтага моліцца Богу. Нават Яўхім абыякава ставіцца да свайго дзіцяці. Ганна вырашае ісці адна з дачкой на руках. Глушачыха са слязьмі адгаворвае яе. Нарэшце Яўхім запрагае каня і вязе жонку з дачкой да доктара.
Сяляне тым часам хаваюцца ад дажджу ў буданах. У адным з іх Іван Анісавіч вядзе задуменную гаворку з Міканорам аб тым, як зрабіць, каб мужык паверыў у бальшавіцкую калектывізацыю. Ён шчыра спачувае нялёгкай долі пакутніка-селяніна. Схаваўшыся ад дажджу, ля ракі вядуць гаворку Хадоська і яе жаніх. Дзяўчына то з гумарам, то ўсур’ёз адмаўляе на шчырыя імкненні і пачуцці хлопца. Хадоська ўжо не верыць у словы кахання нягледзячы на тое, што Хоня адкрывае ёй сваю душу.
Жалобная працэсія. На могілках забітая горам Ганна плача над маленькай труной. Сівы Чарнушка, хмуры Яўхім і іншыя мужчыны апускаюць труну ў дол. Святар праводзіць пахавальны абрад. Глушак з Чарнушкам ставяць над магілай крыж. Ганна кідае старому Глушаку абвінавачванні ў тым, што менавіта ён загубіў Верачку. Жанчыны адводзяць і супакойваюць Ганну. Хадоська выпадкова бачыць воз Чарнушкаў, якія едуць з пахавання. Яна абыякава сочыць поглядам за жалобнай Ганнай. Увечары Сцяпан шчыра жадае чым-небудзь дапамагчы Ганне, але тая кажа, што ёй нічога не трэба.
Аднаго ранку Ганна абвяшчае, што ідзе наведаць сваіх бацькоў. Яўхім гаворыць, што хопіць да іх хадзіць, дзеці яшчэ абавязкова будуць, а цяпер трэба ісці працаваць на поле. Ганна адмаўляецца і Глушачыха папракае яе тым, што дабрабыт сям’і для яе нічога не значыць. Ганна ганарліва адказвае жанчыне, хто для яе сапраўдная сям’я. Яўхім вырашае «выхаваць» жонку і да крыві б’е яе лейцамі.
Васіль з аднавяскоўцамі будуе хату для сваёй маладой сям’і. Тым часам, Ганна працуе ў хаце са сваімі бацькамі. Ідзе размова пра тое, што больш важна: гаспадарка і дабрабыт ці шчасце. Ганна не бачыць сэнсу ў пустым багацці, але старыя кажуць, што той, хто спазнаў голад так не думае. Размова перацякае на тэму жыцця і смерці.
Сцэна стварэння калгаса. Дзядзька Іван з сям’ёй вядзе ўласную карову і каня ў супольную гаспадарку. Аднавяскоўцы жартуюць, што не надта весела Івану ад гэтай «добрай» справы. Яўхім глядзіць на гэта здалёк без задавальнення. Ганна і Васіль сустракаюцца выразнымі поглядамі. Маці Міканора таксама вядзе карову са свайго хлява са слязьмі, але разумее, што павінна даць прыклад аднавяскоўцам — сын старшыня калгаса. Хлопцы ўносяць прылады працы, якія прывезлі сяляне, у агульнае гумно. Яны разважаюць наконт таго, што толькі бедната аддала маёмасць у калгас. Але абяцаюць, што яшчэ пакажуць багатым, хто меў рацыю. Міканор носіць у агульнае гумно мяхі са збожжам і вядзе тлумачальную размову сярод старых аднавяскоўцаў. Па ўсім відаць, што Васіль пакуль застаецца аднаасобнікам.
За вячэрай у хаце Васіля ідзе гаворка аб стварэнні калгаса. Бацькі Васіля скардзяцца на нялёгкі лёс простага селяніна і вырашаюць не ўступаць у калектыўную гаспадарку. Васіль мяркуе, што трэба тэрмінова дабудаваць хату, загадвае, каб бацька жонкі разам з Пятром дапамаглі. Маня корміць сына Алеську і ў гутарцы падтрымлівае Васіля. Тым часам на падворку Чарнушкаў старая кажа мужу, што ні ў якім разе не трэба аддаваць сваю, хоць і невялікую, але ў цяжкай працы набытую маёмасць. Чарнушка не верыць, што гэтага ўдасца пазбегнуць. У хаце Хадоські кладуцца спаць, стары няспынна лае новых «гаспадароў». Жонка просіць яго трымаць язык за зубамі, яна баіцца, што іх моцную гаспадарку могуць абкласці цвёрдым падаткам. У пустым хляве сядзіць сумная маці Міканора і скардзіцца сыну на невыразную будучыню, Міканор настойвае на правільнасці новага шляху.
Васіль арэ зямлю пад азімыя. Воддаль на сваёй «палосцы» працуюць Чарнушкі. Ганна, якая перабірае бульбу, раз за разам паглядае на Васіля. Да Васіля пад’язджае Міканор і папярэджвае, што Васіль арэ калгасную зямлю, парушае закон. Васіль эмацыйна адказвае Міканору, што калгас забраў лепшую зямлю і не пакінуў яму выбару. Міканор запрашае Васіля ў калгас, Васіль адмаўляе. Тым часам Чарнушка адпраўляе жонку карміць быдла, а сам працягвае араць. Ганна выкарыстоўвае нагоду і бяжыць да Васіля. Чарнушка разумее пачуцці дачкі і не пярэчыць. Ганна сустракае Васіля ля плота і між імі адбываецца чулая гаворка. Ганна пытаецца, ці ўспамінаў ён дзяўчыну. Васіль адказвае, што ўсё памятае, аднак кажа, што яны сталі чужымі. Ганна распавядае пра абрыдлае жыццё ў Глушакоў, добрым словам кажа пра жонку Васіля. Эпілогам сцэны з’яўляюцца слёзы Ганны, яе шкадаванні наконт таго, што так склалася іх жыццё. Дзяўчына шчыра гаворыць Васілю, што менавіта яна ва ўсім вінаватая, прызнаецца, што толькі ён з’яўляецца сэнсам яе цяжкага жыцця.
Ад некаторага часу Васіль і Ганна пачынаюць употай сустракацца на балотах. На адным са спатканняў Ганна шкадуе, што Васіль паверыў колішняй хлусні пра яе і Яўхіма, ад якой і пачаўся разлад паміж імі. Абдымаючы Васіля ў лодцы Ганна кажа, што мабыць утопіцца. Васіль адгаворвае яе. Ганна прызнаецца, што паміж ёй і Яўхімам не было блізкасці да вяселля. Васіль і Ганна цалуюцца. Тым часам Халімон Глушак прыходзіць да бацькоў Міканора. Тыя наліваюць яму чарку, п’яны Корч са слязьмі скардзіцца на жыццё, просіць справядлівасці. Прыходзіць Міканор і раіць Глушаку здаць усё да апошняга фунта ў калгас, а не хаваць, як летась. У хату ўрываецца Яўхім і трасе паперай з непасільнай велічынёй усталяванага падатку. Міканор пагражае «кулаку» адказнасцю за зрыў дзяржаўных нарыхтовак. Яўхім у адказ пагражае Міканору.
У Куранях пашыраюцца чуткі пра адносіны Васіля і Ганны. Дзяніс Ігнатавіч з Валодзькам чуюць пра гэта аднойчы ад аднавяскоўца. Да Васіля, які са сваякамі будуе хату падыходзіць Ларыён і смяецца, што Васіль надта марудна будуе іх сумеснае з Ганнай жытло. Алена Дзятлік кідаецца на хлопца і абвінавачвае ў хлусні, якая справакавана пачуццём зайздрасці. Васіль таксама лае хлопца, будаўнікі адыходзяць. Маня, якая чуе гэта, знаходзіцца у роспачы. Яўхім у хаце жорстка збівае Ганну, калі чуткі даходзяць і да яго. Яго супакойвае Халімон, калі бачыць, што сын можа забіць няверную жонку. Сцяпан абяцае заявіць пра рукапрыкладства ў . Глушак нагадвае сыну, што з самага пачатку быў супраць такога саюзу. Яўхім у лютасці забараняе Ганне з’язджаць з вёскі.
Васіль стаіць у недабудаванай хаце, прыходзіць дзед Дзяніс і абзывае Васіля «гаўнюком». Увечары, у сямейным ложку Маня абвінавачвае Васіля ў здрадзе з «сукай» Ганнай. Васіль эмацыйна кажа, каб яна заткнулася. Раніцай на поле да Міканора прыходзіць Сцяпан і просіцца ў калгас, Міканор адмаўляе. Апошняя сцэна — Васіль з Ганнай сустракаюцца на мосце. Ганна кажа, што пакіне вёску і з’едзе ў раён.
Другая серыя Зіма. Засмучаны Васіль на падворку ўспамінае сустрэчы з Ганнай. Прыходзіць Яўхім і пагражае Васілю смерцю. Дзень за днём маці і дзед Дзяніс спрабуюць вярнуць Васіля да нармальнага жыцця, намаўляюць забыць Ганну. Аднаго разу Васіль не вытрымаў і збег, каб не чуць папрокаў.
На рэчцы да Васіля падыходзіць Міканор і зноў пачынае размову пра новае жыццё ў калгасе. Старшыня абвінавачвае Васіля ў «цёмнасці» ды адсталасці. Васіль злосна патрабуе, каб Міканор адчапіўся ад яго і не вёў абрыдлай агітацыі пра калгас. Міканор шматзначна адзначае, што «хутка за такіх возьмуцца, звыкліся, што цацкаюцца з вамі». На балоце сустракаюцца Васіль і Чарнушка. Размова ідзе пра Ганну і яе пакутлівы лёс. Стары просіць Васіля неяк дапамагчы дачцэ, але зрабіць гэта не проста. За ўсім нібыта назірае Халімон Глушак.
Раніцай кіраўніцтва калгаса вядзе перамер зямлі. Бацька Хадоські вырашае сарваць гэта мерапрыемства, Васіль адгаворвае яго, таму што справа можа абярнуцца турмой. Аднак стары выбягае на поле і нападае на актывістаў. Завязваецца бойка, у выніку якой звязанага дзеда кладуць на воз і вывозяць. Васіль назірае за гэтым з хмызняку, потым бяжыць прэч. Аднойчы на балоце сустракаюцца Глушак з сям’ёй і Міканор з Васілём. Яўхім пагражае Міканору, гаворыць, што той зашмат на сябе ўзяў. Халімон супакойвае сына, але той гаворыць, што прыйдзе час і яны сустрэнуцца са старшынёй толькі ўдвох. Вынікам сцэны становіцца канфлікт Васіля і Міканора. Міканор абвяшчае, што зямля, на якой Васіль пасеяў азімыя, з’яўляецца ўласнасцю калгаса і не належыць Дзятліку. Васіль і Міканор ледзь не пачалі біцца, іх разнімаюць родныя.
Ноччу ў ложку Маня разважае аб тым, што мабыць Бугай усё выдумаў ад зайздрасці, паміж Васілём і Ганнай сапраўды нічога не было. Жонка абяцае кахаць Васіля ўсё жыццё, цалуе яго. Потым яна корміць Алеську, які раптам заплакаў. Васіль дапамагае супакоіць сына. Тым часам, у хаце Глушака за сталом ідуць разважанні, як расквітацца з Міканорам. Халімон гаворыць Яўхіму, што цяпер не той час, у Міканора моц. Але газеты пішуць, што хутка вайна з Польшчай і Глушак упэўнены, што трэба пачакаць гэтага моманту. П’яны Яўхім гаворыць, што тут адна дарога — уступаць у калгас. Маці напужаная словамі сына, але той працягвае, што сам з радасцю ўступіў бы ў калгас, але яго не возьмуць. Не возьмуць праз класавы матыў, не гледзячы на жонку, якая з працоўных. Ганна глядзіць у вакно на дождж.