Тэадорых I (каля 485 — 533/534) — кароль франкаў з дынастыі Меравінгаў у 511—533/534 гадах. Кіраваў у Рэймсе і Мецы (будучая Аўстразія). Старэйшы сын караля Хлодвіга I.

Біяграфія Гістарычныя крыніцы Галоўным біёграфам Тэадорыха I з'яўляецца Грыгорый Турскі, біскуп горада Тура. І летапісец Фрэдэгар, які запісаў сваю «Хроніку» ў VII стагоддзі, і ананімны аўтар «Кнігі гісторыі франкаў», які жыў у VIII стагоддзі, галоўным чынам паўтараюць Грыгорыя Турскага, не робячы значных адступленняў ад яго тэксту. Таксама некаторыя звесткі пра Тэадорыха можна знайсці ў Відукінда Карвейскага ў яго працы «Дзеянні саксаў», у прыватнасці, там распавядаецца пра ўзаемаадносіны Тэадорыха з цюрынгамі і саксамі. Пра тое ж, але ў больш сціснутай форме, апавядаюць і Кведлінбургскія аналы. Імя Тэадорых складаецца з дзвюх частак — каранёў theut (гэта значыць «народ», «людзі») і ric (што перакладаецца як «правадыр», «кароль»); гэта значыць «Тэадорых» на франкскай мове азначае «Кароль народа».

Паходжанне Тэадорыха Маці Тэадорыха, нідзе не названую па імені, Грыгорый Турскі і іншыя летапісцы, Кведлінбургскія аналы лічаць наложніцай, хоць больш верагодна, што яна была дачкой каго-або з франкскіх каралёў, найбольш верагодна караля рыпуарскіх франкаў з рэзідэнцыяй у Кёльне Сігіберта Кульгавага. У вачах хрысціянскіх святароў і манахаў, якія ў тыя часы пісалі свае хронікі, шлюб, не асвячоны царквой, быў несапраўдным, і таму яны называюць яе наложніцай, а яе сына Тэадорыха прызнаюць незаконнанароджаным. Аднак, мяркуючы па тым, што Тэадорых, як старэйшы сын, атрымаў долю ў бацькаўскай спадчыне ледзь не большую за сваіх адзінакроўных братоў, гаворыць пра тое, што ў вачах франкаў ён быў цалкам законным сынам. Мяркуючы па тым, што менавіта Тэадорыху дасталіся землі рыпуарскіх франкаў, яго маці павінна была адносіцца да кіруючага дому каралёў менавіта гэтых рэйнскіх франкаў.

Каралеўства Тэадорыха thumb|350px|Падзел дзяржавы Хлодвіга I паміж яго сынамі ў 511 г. Уладанні Тэадорыха I пазначаны зялёным колерам Тэадорых, адзіны з сыноў Хлодвіга, пры жыцці бацькі ўжо дасягнуў паўналецця і нават камандаваў войскамі ў 507 — 508 гадах у вайне з вестготамі. Пад яго кіраўніцтвам франкі занялі Авернь, а таксама захапілі гарады Альбі і Радэз.

Пасля смерці Хлодвіга I у 511 годзе Франкскае каралеўства было падзелена на чатыры часткі паміж яго сынамі: Тэадорыхам, Хладамірам, Хільдэбертам I і Хлотарам I. Тэадорых атрымаў каля траціны каралеўства, а астатнія землі былі падзелены прыкладна на роўныя часткі паміж яго братамі.

У склад каралеўства Тэадорыха ўваходзілі наступныя землі: старыя рыпуарскія вобласці на ўсход ад Рэйна, землі па Рэйне і Мозелі, вобласці па верхнім цячэнні Мааса з гарадамі Туль і Вердэн, а таксама акруга Базель, Шалон і Рэймс. Межы ўладанняў братоў у Аквітаніі не могуць быць дакладна ўсталяваны. Вядома толькі, што Авернь належала Тэадорыху. Таксама ён, верагодна, захаваў за сабой горада Альбі і Радэз, захоплены ім у час вайны з вестготамі. Яго сталіцай быў спачатку Рэймс, а затым Мец.

Адбіццё нападу данаў thumb|250px|злева|Бітва франкаў і данаў. Армія Тэадорыха, ўзначаленая яго сынам Тэадэбертам I, адбівае захопнікаў данаў і прымушае іх уцякаць. На гарызонце бачныя два судны, якія ўжо адчалілі. Мініяцюра Жана Фуке з Вялікіх французскіх хронік. Каля 1455—1460. Дэпартамент Манускрыптаў. Парыж У часы кіравання Тэадорыха на яго дзяржаву напаў народ паўночных мараплаўцаў данаў. Іх кароль Хахілайх праплыў са сваімі воінамі ўверх па Рэйне і разарыў акругу хатуарыяў. Сын Тэадорыха Тэадэберт выйшаў з войскам насустрач прышэльцам і пасля паспяховай бітвы адабраў у іх захопленую здабычу і палонных. Хахілайх паў у бітве. Гэты Хахілайх, пра якога распавядае Грыгорый Турскі, несумнеўна тоесны каралю гаўтаў Хігелаку, які згадваецца ў англасаксонскім эпасе пра Бэўвульфа. Там распавядаецца пра гібель Хігелака, які напаў са сваёй дружынай на франкаў і пацярпеў ад іх паражэнне. Разам з Хігелакам у баі загінуў і яго сын Хердрэд. Нажаль, у «Бэўвульфе» няма падрабязнасцей пра франкаў, Тэадорыха і яго сына Тэадэберта, які перамог данаў.

Грыгорый Турскі, распавядаючы пра гэты набег данаў, па сваім звычаі, не прыводзіць ніякіх дат. Большасць гісторыкаў датуюць гэту падзею 515 годам. Аднак, існуе і датаванне 521 годам, што здаецца больш абгрунтаваным, таму што сын караля Тэадэберт, які нарадзіўся каля 503 года, наўрад ці мог кіраваць адбіццём уварвання ў такім юным узросце.

Вайна ў Бургундыі

У 524 годзе Тэадорых разам з адзінакроўным братам Хладамірам вёў вайну з каралём бургундаў Гадамарам II, нягледзячы на тое, што быў жанаты з пляменніцай Гадамара. Пасля таго як Хладамір паў, змагаючыся з бургундамі каля Везеронса, яго родныя браты Хільдэберт I і Хлотар I забілі дзвюх з трох яго малалетніх сыноў і падзялілі яго каралеўства. Тэадорых спачатку застаўся ўбаку ад учыненай братамі разні, але трохі пазней запатрабаваў сваю долю ў спадчыне забітага брата і атрымаў вобласці Труа, Санс, Аксер і Лімож.

Вайна ў Цюрынгіі З пачатку VI стагоддзя экспансіянісцкія памкненні франкаў былі накіраваны ў першую чаргу на дзяржаву цюрынгаў, чые ўладанні цягнуліся ад Эльбы да Дуная. Аднак пры жыцці остгоцкага караля Тэадорыха Вялікага, на пляменніцы якога Амалаберзе быў жанаты кароль цюрынгаў Герменефрэд, Тэадорых I Франкскі не смеў адкрыта напасці на цюрынгаў, якія былі ў саюзе з остготамі.

Цюрынгія ў той час была падзелена паміж братамі Герменефрэдам, Бадэрыхам і Бертахарам. Пра тое, якой часткай каралеўства цюрынгаў валодаў кожны з братоў, і ў якой залежнасці быў адзін да іншага — нічога не вядома. Тым часам Герменефрэд у 525 годзе забіў свайго брата Бертахара і захапіў яго ўладанні. Затым у 529 годзе кароль цюрынгаў заключыў саюз з Тэадорыхам I супраць іншага свайго брата, Бадэрыха, абяцаўшы каралю франкаў палову каралеўства брата: «Калі ты заб'еш яго, мы пароўну падзелім яго каралеўства». Тэадорых выступіў у паход, Бадэрых, які пацярпеў паражэнне, быў забіты і Тэадорых вярнуўся ў сваё каралеўства. Аднак Герменефрэд не аддаў яму абяцанага, чым выклікаў адкрытую варожасць Тэадорыха.

Заваяванне Цюрынгіі thumb|злева|200px|Тэадорых I у Цюрынгіі. Пергамент. «Хроніка каралёў Францыі», XV стагоддзе. Музей Кандэ, Шанціі, Францыя У 531 годзе Тэадорых I, памятаючы пра вераломства караля цюрынгаў Герменефрэда, заклікаў на дапамогу свайго брата Хлотара I, і разам яны выступілі супраць караля цюрынгаў. У бітве, якая адбылася каля ракі Унструт, цюрынгам спачатку ўдалося завабіць франкаў у засаду. На раўніне, дзе павінна была адбыцца бітва, яны вырылі равы, прыхаваўшы іх дзёрнам з густой травой, ствараючы бачнасць роўнага поля. Калі пачалася бітва, у гэтыя равы патрапіла шмат франкскіх вершнікаў. Аднак франкі, карыстаючыся колькаснай перавагай, усё ж перамаглі, і цюрынгі кінуліся на ўцёкі да ракі Унструт. Там адбылася такая разня ўцекачоў, што рэчышча ракі загаціла груда трупаў. Франкі па трупах перабраліся, як па мосце, на іншы бераг. Паэт Венанцый Фартунат прысвяціў гэтай разні цюрынгаў паэму пад назвай «De excidio Thoringiae» («Пра гібель Цюрынгіі»).

Герменефрэд бег у крэпасць Скітынг (суч. Бургшайдунген). Аднак затым каралі франкаў перасварыліся з-за таго, што Тэадорых I задумаў забіць свайго брата Хлотара I. Патаемна падрыхтаваўшы ўзброеных людзей, ён запрасіў брата да сябе нібы для тайных перамоў. Узброеныя людзі хаваліся за заслонай, але Хлотар заўважыў іх ногі. Такім чынам змова правалілася. Жадаючы замяць справу, Тэадорых падарыў Хлотару вялікае сярэбранае блюда, але потым яго загрызла прагнасць і ён паслаў свайго сына Тэадэберта, які суправаджаў бацьку ў паходзе, забраць блюда назад. Хлотар вярнуў блюда, адмовіўся ад працягу вайны і вярнуўся дамоў.

Тады Тэадорых заклікаў на дапамогу саксаў, і тыя паслалі яму 9-тысячнае войска. Разам з імі ён аблажыў Скітынг, дзе з рэшткамі сваёй дружыны хаваўся Герменефрэд. Першы штурм не прынёс перамогі ніводнаму з бакоў. Тэадорых тайна ад саксаў уступіў у перамовы з Герменефрэдам і дасягнуў з ім пагаднення аб тым, што цюрынгі прызнаюць над сабой вярхоўную ўладу каралёў франкаў, і што абодва каралі нападуць на саксаў, небяспечных для іх абодвух. Аднак, калі саксы даведаліся пра перамовы, яны ў ноч на 1 кастрычніка 531 года раптам напалі на крэпасць, захапілі яе і перабілі большасць цюрынгаў, што знаходзіліся там.

Герменефрэд бег у аддаленыя вобласці Цюрынгіі, але затым вярнуўся, паверыўшы абяцанням Тэадорыха. Франкскі кароль асыпаў яго падарункамі, але аднойчы, калі яны гутарылі на крапасной сцяне горада Тальбіяка (Цюльпіха), хтосьці скінуў Герменефрэда са сцяны, той зваліўся і разбіўся насмерць. Відавочна, тут не абыйшлося без вераломства Тэадорыха.

Франкі авалодалі ўсёй Цюрынгіяй, за выключэннем часткі каралеўства, якая ляжала на поўнач ад ракі Унструт, якую падпарадкавалі саксы. Гэта было канцом Каралеўства Цюрынгія.

Барацьба за Авернь У 531 годзе, калі кароль Тэадорых быў заняты па той бок Рэйна вайной з цюрынгамі, і нават распаўсюдзілася чутка пра яго смерць на гэтай вайне, адбылося паўстанне гала-рымскага насельніцтва Аверні супраць Тэадорыха. На чале паўсталых стаяў Аркадзій, унук паэта і пісьменніка позняй Рымскай імперыі Сідонія Апалінарыя. Аркадзій хацеў, каб Авернь адышла да Хільдэберта I. Быць можа, ён і яго паплечнікі спадзяваліся на тое, што Авернь зможа падчас барацьбы абодвух братоў здабыць большую палітычную самастойнасць. Як б там ні было, Аркадзій паспяшаўся ў Парыж, сталіцу Хільдэберта, веснікаў з прапановай авалодаць краінай. Хільдэберт сабраў армію і неадкладна адправіўся ў дарогу. Ён падышоў да падножжа гары, на якой стаяў горад авернцаў, цяпер Клермон, але брама была зачынена. Здавалася, жыхары баяліся памыліцца, калі чутка пра смерць Тэадорыха апынецца лжывай, а можа быць, яны шукалі выпадку цалкам вызваліцца ад улады франкаў. Але Аркадзій, пры дапамозе сваіх прыхільнікаў зламаў запоры брамы і ўпусціў франкаў. Пасля ўзяцця сталіцы астатняя краіна хутка падпарадкавалася Хільдэберту, але падпарадкаванне гэтае было вельмі хісткім, і складалася з клятвы быць вернымі і ў выдачы некалькіх закладнікаў.

Пакуль усё гэта адбывалася, прыйшла вестка, што Тэадорых вяртаецца пераможцам з вайны супраць цюрынгаў. Пасля гэтай навіны Хільдэберт, пакінуўшы слабы гарнізон у сталіцы Аверні, паспяшаўся ў Парыж, асцерагаючыся нападу на ўласныя ўладанні. Але прайшло два гады, а кароль Тэадорых не зрабіў ніякіх спроб да вяртання гарадоў, якія перасталі прызнаваць яго ўладу над сабой. Краіна заставалася фармальна падпарадкаванай каралю Хільдэберту, але кіравалася гала-рымлянамі ад яго імя, а менавіта партыяй Аркадзія, які, верагодна, дасягнуў тады ўсіх ушанаванняў, што былі мэтай яго інтрыг.

Вайна з вестготамі У пачатку 530-х гадоў паміж франкамі і вестготамі пачаліся ваенныя дзеянні. Вестготам удалося пасля смерці Хлодвіга I паступова зноў пашырыць сваю тэрыторыю на поўнач ад Пірэнеяў. Каб вярнуць страчаныя тэрыторыі, франкскія каралі Тэадорых і Хлотар у 532 годзе паслалі сваіх старэйшых сыноў Тэадэберта і Гунтара. Гунтар дайшоў да Радэза і, невядома чаму, павярнуў назад. Тэадэберт жа прасунуўся да Без'е, захапіў крэпасць Дыё і разрабаваў яе. Затым ён накіраваў паслоў у іншую крэпасць, названую Кабрыер (лац. Capraria, літар. «Казіны») сказаць жыхарам, што калі яны не здадуцца, то ўся гэта мясцовасць будзе выпалена і ўсіх хто там застанецца ўвядуць у палон. А ў той час там жыла адна матрона па імі Дэатэрыя, вельмі талковая і разумная жанчына, муж якой сышоў і сканаў у горадзе Без'е. Яна накіравала да караля паслоў з прызнаннем улады франкаў. Тады Тэадэберт падышоў да крэпасці і з мірам увайшоў у яе, і калі ён убачыў, што народ яму скарыўся, ён не прычыніў там ніякага зла. А Дэатэрыя выйшла да яго насустрач, а ён, убачыўшы, што яна прыгожая, закахаўся ў яе і стаў з ёй жыць.

Узяцце Клермона