Жанна д’Арк (сучасн. ; — ) — нацыянальная гераіня Францыі, адна з галоўных камандуючых французскіх войскаў у Стагадовай вайне. Трапіўшы ў палон да бургундцаў, была перададзена ангельцам, асуджана як ератычка і спалена на вогнішчы. Пасля была рэабілітавана і кананізавана — прылічана каталіцкай царквой да ліку святых.
Францыя ў эпоху Жанны д’Арк
Стагадовая вайна пачалася ў 1337 годзе з нападу на Францыю англійскага караля Эдуарда III, які заявіў пра свае правы на французскі прастол. Аж да 1415 года вайна ішла са зменным поспехам: французы цярпелі жорсткія паразы, але ўсё ж ім удавалася трымаць пад кантролем значную частку краіны і нават часамі адваёўваць некаторыя тэрыторыі. Але ў 1415 годзе сітуацыя для французаў рэзка пагоршылася: у Англіі спынілася міжусобіца, і кароль Генрых V з новай дынастыі Ланкастараў распачаў імклівы наступ углыб мацерыка. У самой Францыі унутраная сітуацыя была катастрафічная, краінай фармальна кіраваў вар’яцкі кароль Карл VI, за рэальную ўладу ў краіне змагаліся групоўкі арманьякоў і бургіньёнаў.
25 кастрычніка 1415 года французскія войскі былі разбітыя ў бітве пры Азенкуры. У 1416 годзе бургундскі герцаг Ян Адважны ўступіў у хаўрус з англічанамі, неўзабаве ён стаў гаспадаром Парыжа і пачаў кіраваць ад імя звар’яцелага караля супольна з жонкай апошняга — Ізабелай Баварскай. Дафін Карл, спадчыннік Карла VI, толькі цудам здолеў уцячы на поўдзень краіны.
У 1420 годзе быў падпісаны дагавор у Труа, паводле якога дафін Карл аб’яўляўся пазбаўленым правоў на карону. Каралём пасля смерці Карла VI павінен быў стаць Генрых V Англійскі, заручаны з французскай прынцэсай Кацярынай, а за ім — яго сын, народжаны ад гэтага шлюбу. Гэта быў смяротны прысуд незалежнасці Францыі. У 1422 годзе Генрых V раптоўна памёр, і каралём абедзвюх дзяржаў стаў яго дзевяцімесячны сын Генрых VI. Рэгентам пры малалетнім каралю стаў англійскі герцаг Бэдфард.
Каб цалкам падначаліць Францыю, ангельцам досыць было злучыць акупаваную паўночную Францыю з даўно кантраляванымі імі Гіенью і Аквітаніяй на поўдні. Ключавым пунктам, што замінаў ім гэта зрабіць, быў горад Арлеан, аперацыя па ўзяцці якога пачалася ў 1428 годзе. Абаронцы трымаліся адважна, але вынік аблогі здаваўся прадвызначаным.
Біяграфія
Дамрэмі — Шынон
Традыцыйная дата нараджэння Жанны — 1412 год, аднак у дэкрэце Папы Пія X ад 6 студзеня 1904 года, прынятым услед за ўрачыстым паседжаннем, на якім была разгледжана справа пра прылічэнне Дзевы да ліку святых, названа дата 6 студзеня 1409/1408 года.
Жанна д’Арк нарадзілася ў вёсцы Дамрэмі на мяжы Шампані і Латарынгіі ў сям’і збяднелых дваранаў (паводле іншай версіі — заможных сялян) Жака д’Арк і Ізабелы дэ Бутон па мянушцы Рамэ (рымлянка) з-за яе паломніцтва ў Рым. Жанна ніколі не звала сябе Жаннай д’Арк, а толькі «Жаннай Нявінніцай», удакладняючы, што ў дзяцінстве яе звалі Жанэтай.
У 13 гадоў Жанна ўпершыню, па яе запэўненнях, пачула галасы архангела Міхаіла, святой Кацярыны Александрыйскай і, як лічыцца, Маргарыты Антыяхійскай, якія часам з’яўляліся ёй і ў бачным абліччы. Праз некаторы час яны нібыта адкрылі Жанне, што менавіта ёй наканавана зняць аблогу з Арлеана, узвесці дафіна на трон і выгнаць захопнікаў з каралеўства. Калі Жанне споўнілася 16 гадоў, яна адправілася да капітана горада Вакулёр Раберу дэ Бадрыкуру і абвясціла пра сваю місію. Абсмяяная, Жанна змушаная была вярнуцца ў вёску, аднак праз год паўтарыла сваю спробу. Гэтым разам капітан, здзіўлены яе настойлівасцю, быў больш уважлівы, а калі Жанна дакладна прадказала сумны для французаў вынік «Селядцовай бітвы» пад сценамі Арлеана, пагадзіўся даць ёй людзей, каб яна змагла скіравацца да караля, а таксама забяспечыў мужчынскім адзеннем — шаперонам, хукам і шосамі, прытым Жанна да канца аддавала перавагу апранацца менавіта так, тлумачачы, што ў мужчынскім адзенні ёй лягчэй будзе ваяваць і пры тым не выклікаць нездаровай увагі да сябе з боку салдатаў. У гэты ж час да атрада Жанны далучыліся два яе верныя спадарожнікі — рыцары Жан дэ Мец і Бертран дэ Пуланжы.
Пераадолеўшы за 11 дзён адлегласць па непрыяцельскай бургундскай тэрыторыі паміж Дамрэмі і Шынонам, 4 сакавіка 1429 года Жанна прыбыла ў гэты замак — рэзідэнцыю дафіна Карла. Дафін скарыстаўся тым, што Жанна пісала яму ў лісце, што абавязкова пазнае яго, і зладзіў ёй праверку, пасадзіўшы на трон іншага чалавека і стаўшы ў натоўпе прыдворных. Аднак Жанна вытрымала выпрабаванне, пазнаўшы караля. Яна абвясціла яму, што пасланая Небам дзеля вызвалення краіны ад англійскага панавання і папрасіла аб войску для таго, каб зняць аблогу Арлеана. У Шыноне Жанна ўразіла Карла VII і маладога герцага Алансонскага сваім майстэрствам у вярховай яздзе, сваімі бездакорнымі ведамі гульняў, распаўсюджаных сярод шляхты: , гульня ў колцы, якія патрабавалі дасканалага валодання зброяй. Падчас апраўдальнага працэсу Ален Шарцье, сакратар каралёў Карла VI і Карла VII, заявіў на конт допытаў, што праводзіліся на працягу папярэдняй судзільні, наступнае: «Стваралася ўражанне, што гэтая дзяўчына выхавана была не ў палях, а ў школах, у цесным камунікаванні з навукамі».
Карл, аднак, вагаўся. Спачатку ён загадаў, каб матроны пацвердзілі некранутасць Жанны, потым адправіў яе ў Пуацье, дзе яна павінна была падпасці пад допыт багасловаў, а таксама адправіў ганцоў на яе радзіму. Пасля таго, як не было знойдзена анічога, што магло б кінуць цень на рэпутацыю дзяўчыны, Карл адважыўся перадаць у яе рукі камандаванне войскам і прызначыў яе галоўнакамандуючым. Вядучыя французскія военачальнікі Эцьен дэ Віньёль па мянушцы Ла Гір (з франц. гнеў), Патон дэ Сентрайль і граф Дзюнуа, які з апошніх сіл адбіваў англійскія атакі ў Арлеане, павінныя былі пайсці пад яе камандаванне. Начальнікам яе штаба стаў прынц Алансонскі. Важную ролю ў такім смелым рашэнні адыграў той факт, што Жанна імем Бога пацвердзіла Карлу яго законнанароджанасць і правы на прастол, у якіх сумняваліся многія, улучаючы самога Карла.
Жанна — военачальнік
Пасля прызначэння для Жанны вырабляюць даспехі (яна атрымала адмысловы дазвол камісіі багасловаў з Пуацье на нашэнне мужчынскага адзення), сцяг і харугву. Меч для яе быў знойдзены ў царкве Сэнт-Катрын-дэ-Фьербуа паводле наказу самой Жанны. Па легендзе, гэты меч належаў Карлу Вялікаму.
Потым яна скіравалася ў Блуа, прызначаны зборным пунктам для войска, і ўжо на чале войска выступіла да Арлеана.
Вестку пра тое, што войска ўзначаліла пасланка Бога, выклікала незвычайны маральны ўздым у войску. Военачальнікі, якія страцілі надзею, і стомленыя бясконцымі паразамі салдаты натхніліся і зноў адчулі ў сабе адвагу.
29 красавіка Жанна з невялікім атрадам пракрадаецца ў Арлеан. 4 мая яе армія здабыла першую перамогу, узяўшы бастыён Сен-Лу. Перамогі шлі адна за другой, і ўжо ў ноч з 7 на 8 мая ангельцы былі прымушаныя зняць аблогу з горада. Такім чынам, заданне, якое іншыя французскія палкаводцы палічылі невыканальным, Жанна д’Арк вырашыла за чатыры дні.
Пасля перамогі пад Арлеанам Жанне далі мянушку «Арлеанскай Дзевы»().
Дзень 8 мая да нашых дзён адзначаецца кожны год у Арлеане як галоўнае свята горада.
Ваганні і нерашучасць Карла былі прычынай таго, што ў свой наступны паход да занятых англічанамі замкаў Луары Жанна выступіла толькі 9 чэрвеня. Аднак і на гэты раз армія, што ўзначальвалася ёю, дзейнічала хутка, наважна і надзвычай паспяхова. 11 чэрвеня армія падыйшла да цэнтральнага ўмацаванага пункта англічан на Луары — Жаржо, на наступны дзень Жаржо быў узяты прыступам, 15 чэрвеня Жанна выступае на Мен сюр-Луар, 16 чэрвеня — на Бажансі, а ўжо 18 чэрвеня адбылася вырашальная бітва пры Патэ з англійскім войскам, што ўзначальвалася Тальбатам і Фастальфам, якая скончылася поўным разгромам англічан. Грозны Тальбат трапіў у палон, Фастальф збег з поля бою. Луарская аперацыя была завершана.
Жанна адправілася да караля і заклікала яго рушыць на памазанне ў Рэймс, традыцыйнае месца ўкаранавання французскіх каралёў. Перад пачаткам паходу Жанна здолела таксама замірыць караля з перабываючым у яго ў няласцы канэтаблем Рышмонам, дасведчаным палкаводцам, што яшчэ больш згуртавала французаў.
29 чэрвеня пачаўся «бяскроўны паход» у бок Рэймса. Горад за горадам адкрываў вароты перад каралеўскім войскам, 17 ліпеня кароль быў урачыста памазаны ў Рэймскім саборы пры Жанне д’Арк, што выклікала незвычайны ўздым нацыянальнага духу ў краіне. Бургундскі герцаг Філіп III Добры не прыехаў на цырымонію, і Жанна ў той жа дзень напісала яму ліст, заклікаючы да замірэння.
Пасля каранавання Жанна пераконвала Карла пачаць наступ на Парыж, карыстаючыся спрыяльнай сітуацыяй і замяшаннем у стане англічан, аднак той ізноў пачаў вагацца. Атака на сталіцу была распачата толькі ў верасні, аднак наступ быў хутка спынены. Кароль аддаў загад адводзіць войска да Луары, і 21 верасня армія была распушчана.
Вясной 1430 года ваенныя дзеянні былі адноўленыя, але праходзілі млява. Жанне ўвесь час ставіліся перашкоды каралеўскімі прыдворнымі. У маі Жанна прыходзіць на дапамогу Камп’еню, абложанаму бургундцамі. 23 мая ў выніку здрады (быў падняты мост у горад, што адразала Жанне шлях для адыходу) Жанна д’Арк была ўзята ў палон бургундцамі. Кароль Карл, які гэтулькім быў ёй абавязаны, не зрабіў анічога, каб выратаваць Жанну. Неўзабаве за 10 000 залатых ліўраў бургундцы прадалі яе англічанам. У лістападзе—снежні 1430 года Жанна была перавезена ў Руан.
Працэс і асуджэнне
Працэс пачаўся 21 лютага 1431 года. Нягледзячы на тое, што фармальна Жанну судзіла царква па вінавачанні ў ерасі, яна ўтрымвалася ў турме пад аховай англічан як ваеннапалонная. Узначальваў працэс біскуп П’ер Кашон, зацяты прыхільнік англійскіх інтарэсаў у Францыі.
Англійскі ўрад ані не хаваў ні свайго дачынення да суду над Жаннай д’Арк, ні таго значэння, якое ён гэтаму суду надаваў. Ён узяў на сябе ўсе звязаныя з ім выдаткі. Захаваныя і апублікаваныя дакументы англійскага скарбніцтва ў Нармандыі паказваюць, што гэтыя выдаткі былі немалымі.
У хроніках венецыянца Маразіні проста сказана: «Англічане спалілі Жанну з прычыны яе поспехаў, бо французы мелі поспех і здавалася, будуць мець поспех без канца. Англічане ж казалі, што, калі гэтая дзяўчына загіне, лёс не будзе больш прыхільны да дафіна». Падчас працэсу высветлілася, што звінаваціць Жанну будзе не так проста — дзяўчына трымалася на судзільні з узрушальнай мужнасцю і ўпэўнена аспрэчвала вінавачанні ў ерасі і зносінах з д’яблам, абыходзячы шматлікія пасткі. Паколькі не атрымоўвалася дамагчыся ад яе прызнанні ў ерасі, суд пачаў канцэнтравацца на тых фактах, дзе добраахвотнае прызнанне Жанны не патрабавалася, — прыкладам, на нашэнні мужчынскага адзення, грэбаванні аўтарытэтам Царквы, а таксама спрабаваў давесці, што галасы, якія чула Жанна, зыходзілі ад д’ябла. Насуперак нормам царкоўнага суда Жанне не дазволілі падаць апеляцыю Папу і праігнаравалі спрыяльныя для Жанны высновы працэсу ў Пуацье.
У надзеі зламаць волю вязніцы яе ўтрымваюць у жудасных умовах, англійскія вартаўнікі абражаюць яе, на допыце 9 мая трыбунал пагражаў ёй катаваннем, але ўсё марна — Жанна адмаўляецца скарыцца і прызнаць сябе вінаватай. Кашон разумеў, што калі ён засудзіць Жанну на смерць, не дамогшыся ад яе прызнання віны, то толькі паспрыяе ўзнікненню вакол яе арэолу пакутніцы. 24 мая ён удаўся у адкрытую подласць — паказаў вязніцы прыгатаванае вогнішча для яе пакарання смерцю праз спаленне і ўжо каля вогнішча абяцаў перавесці яе з англійскай у царкоўную турму, дзе ёй будзе забяспечаны добры догляд, калі яна падпіша паперу пра адрачэнне ад ерасяў і паслухмянства Царкве. Пры гэтым папера з тэкстам, зачытаным непісьменнай дзяўчыне, была падменена іншай, на якой быў тэкст пра поўнае адрачэнне ад усіх сваіх «памылак», на якой Жанна паставіла крыж. Натуральна, Кашон і не думаў выконваць сваё абяцанне і зноў адправіў яе ў ранейшую турму.