Лас-А́вес () — архіпелаг з 11 малых астравоў на поўдні Карыбскага мора. Уваходзіць у склад Федэральных уладанняў Венесуэлы. Агульная плошча — 3,35 км². Сталага насельніцтва няма.

Геаграфія Архіпелаг Лас-Авес месціцца на поўдні Карыбскага мора ў 57,57 км на захад ад вострава Банайрэ. Бліжэйшы кантынентальны бераг Венесуэлы знаходзіцца ў 117,9 км на паўднёвы захад. Складаецца з 2 груп Барлавента (усходняя) і Сатавента (заходняя), кожную з якіх атачаюць каралавыя рыфы. Астравы нізкія, сфарміраваныя вапнякамі.

Клімат трапічны пасатны. Гадавая колькасць ападкаў не перавышае 560 мм у год.

Гісторыя Археолагі выявілі, што з 1 тысячагоддзя да н. э. архіпелаг наведвалі індзейцы з узбярэжжа Венесуэлы. Яны здабывалі тут ракавіны малюскаў і соль. У 1499 г. адкрыты іспанскай экспедыцыяй на чале з Алонса дэ Ахеда. З XVII ст. іспанскія і галандскія перасяленцы выкарыстоўвалі астравы для часовага прытулку падчас здабычы рыбы і драўніны, аднак з-за недахопу пітной вады сталых паселішчаў не стваралі.

У 1678 г. каля астравоў Лас-Авес адбылася бітва паміж галандцамі і французскім флотам. Яна скончылася паражэннем французаў.

У 1938 г. уключаны ў склад Федэральных уладанняў Венесуэлы.

Спасылкі Archipiélago Las Aves — Venezuela Archipiélago Las Aves (Historicos) Archipelago Las Aves Stock Photos and Pictures

Катэгорыя:Астравы Атлантычнага акіяна Катэгорыя:Астравы Карыбскага мора Катэгорыя:Малыя Антыльскія астравы Катэгорыя:Астравы Венесуэлы Катэгорыя:Незаселеныя астравы