Палі́тыка ( — дзяржаўныя, грамадскія справы, ад грэч. πολίτης — грамадзянін, далей ад грэч. πόλις — горад; стар.-грэч. λόγος — думка, прычына) — арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін.

Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку палітыкай называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сацыяльных груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная палітыка мае мнагамерны характар і выступае ў трох асноўных аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сацыяльнай актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сацыяльнымі групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі.

Змест палітыкі складаюць: адносіны паміж сацыяльнымі суб’ектамі наконт улады, інтарэсы; тэарэтычныя, ідэалагічныя і духоўныя каштоўнасці (найбольш важныя: свабода, дэмакратыя, правы чалавека, сацыяльная справядлівасць, салідарнасць і г.д.).

Палітычная навука

Палітычная навука ці паліталогія — навука аб палітыцы, аб заканамернасцях развіцця палітычнага працэсу, палітычнай сістэмы і ўлады; аб сутнасці, формах і метадах дзейнасці ўсіх суб’ектаў палітыкі. Вывучае палітычнае жыццё грамадства, палітычныя працэсы, сістэмы і з’явы, дзейнасць людзей, якая накіравана на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдіны XX ст.

Структура палітыкі Існуюць розныя тыпалогіі структуры палітыкі. Згодна адной з іх, самастойнымі элементамі палітыкі з’яўляюцца: палітычная свядомасць, якая адлюстроўвае з’явы, працэсы, законы, тэндэнцыі развіцця палітычнай рэчаіснасці. Палітычная дзейнасць дзяржавы гэта працэс пераўтварэння ў жыццё палітычных ідэй і тэорый; палітычныя інстытуты — гэта арганізацыі і ўстановы (дзяржава і яе органы, палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і рухі і г.д.); палітычныя адносіны — сувязі паміж грамадзянамі і ўладаю, паміж невялікімі і значнымі сацыяльнымі групамі, паміж дзяржаваю і грамадзянскай супольнасцю.

Згодна другой тыпалогіі вылучаюць: эканамічную палітыку (прамысловая, сельскагаспадарчая, фінансавая, у галіне транспарту і сувязі і інш.); сацыяльную палітыку (аховы здароўя, бытавога абслугоўвання); культурную палітыку (адукацыя, навука, мастацтва).

Наступная падзяляе палітыку на: унутраную — рэгуляванне эканамічных, сацыяльных, палітычных адносін паміж людзьмі ў пэўным грамадстве; знешнюю — накіраваную на бяспеку дзяржавы, рэалізацыю ўнутраных мэтаў; сусветную або міжнародную, з мэтай вырашэння задач, якія стаяць перад сусветнай супольнасцю.

Акрамя таго, палітыку можна падзяліць на: спецыялізаваную, прыватную, несамастойную (да яе адносяцца: гаспадарчая, сямейная, культурная, падатковая, навуковая і г.д.), «чыстую палітыку» (вытвараецца ўрадам, заканадаўчымі органамі).

У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў палітычнай прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з палітычнай дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнародных аб’яднанняў і арганізацый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнародных соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў палітычнага жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сацыяльных груп і інш., абмежаваных адміністрацыйна-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывідуальных паводзін).

Функцыі палітыкі Функцыі палітыкі: пазнавальная — пазнанне палітычнай рэчаіснасці, даследаванне прыроды і крыніц улады; кіравання — вызначаюцца кірункі эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця грамадства; прагнастычная — распрацоўваюцца перспектывы развіцця; інтэграцыйная — для аб’яднання груп грамадства на падставе ідэй; мабілізацыйна-арганізатарская — з мэтай вырашэння задач; ідэалагічная — распрацоўка грамадскага ідэала; выхаваўчая — уключэнне чалавека ў палітычнае жыццё; аналітычная — аналіз вынікаў палітычнай дзейнасці розных палітычных суб’ектаў; аксіялагічная — ацэнка палітычных працэсаў, з’яў, дзеянняў палітыкаў; інавацыйная — творчае ўразуменне палітычнай рэчаіснасці, спосабаў і метадаў яе змянення.

Палітычныя сістэмы і ідэалогіі У свеце вядома каля 20 палітычных і ідэалагічных сістэм: Аўтакратыя Аўтарытарызм Анархізм Дэмакратыя Дыктатура Камунізм Кансерватызм Касмапалітызм Лібералізм Марксізм Мілітарызм Нацызм Нацыяналізм Пацыфізм Плутакратыя Сацыялізм Тэакратыя Таталітарызм Тымакратыя Фашызм

Крыніцы

Літаратура Бубнаў Ю. М., Пушкін І. А. Паліталогія: Курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. — 176 с. Катляроў І. В. Палітыка //

Спасылкі

Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы