Ірына Барысаўна Акуловіч (нар. , Магілёў) — беларуская дзяржаўная функцыянерка, прапагандыстка рэжыму Лукашэнкі. Дэпутатка Савета Рэспублікі 6-га склікання. Фігурантка Чорнага спісу ЕС, санкцыйных спісаў шэрагу іншых краін як кіраўніца БелТА.
Біяграфія Нарадзілася 20 кастрычніка 1974 года ў Магілёве ў сям’і настаўнікаў.
Працавала кантралёрам на Магілёўскім заводзе бытавых вырабаў. Па сканчэнні Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова стала музычным кіраўніком у садку-яслях № 46, пазней — настаўніцай малодшых класаў у школе № 21 Магілёва.
Пасля дэкрэтнага адпачынку працавала на розных пасадах у Магілёўскім абласным тэлерадыёаб’яднанні, прайшла шлях ад уласнага карэспандэнта да загадчыцы карэспандэнцкага пункта ў Магілёве Белтэлерадыёкампаніі. У 2009—2018 гадах — дырэктарка рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Тэлерадыёкампанія „Магілёў“».
У 2013 годзе была названая «Чалавекам года» на Магілёўшчыне. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.
У верасні 2016 года прызначана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання ад Магілёўскай вобласці. Дэпутаткай уваходзіла ў склад Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі.
5 красавіка 2018 года прызначана генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускае тэлеграфнае агенцтва».
У красавіку 2024 года была выбрана дэлегаткай на Усебеларускі народны сход 7-га склікання ад Беларускага саюза жанчын.
Міжнародныя санкцыі 5 жніўня 2024 года ўнесена ў Чорны спіс Еўрасаюза. Савет Еўрапейскага саюза ў сваім рашэнні ад 26 ліпеня 2024 года адзначыў, што Акуловіч, прызначаная на пасаду кіраўніцы «найбуйнейшага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва» БелТА Аляксандрам Лукашэнкам, ягоная даўняя прыхільніца. Пад яе кіраўніцтвам з 2018 года БелТА ў сваіх публікацыях і дзейнасці, такой як фотавыставы і публічныя мерапрыемствы, актыўна прапагандуе рэжым Лукашэнкі і яго самога. Акрамя таго, у сваіх публічных заявах і дзейнасці Акуловіч выказвала падтрымку Лукашэнку і ягоным наратывам адносна дэмакратычнай апазіцыі. Як кіраўніца БелТА яна «задае тон і кірунак інфармацыйнага агенцтва і разглядае СМІ як інструмент захавання цяперашняга рэжыму» ў Беларусі, такім чынам падтрымліваючы рэжым Лукашэнкі.
14 жніўня 2024 года ў свой санкцыйны спіс Акуловіч унесла Швейцарыя. 23 жніўня 2024 года да еўрапейскіх санкцый далучыліся Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя.
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Магілёве Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 27-га склікання Катэгорыя:Прапагандысты Беларусі Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 7-га склікання