MACS J1149 Lensed Star 1, Ікар (Icarus), MACS J1149+2223 Lensed Star-1 — блакітны звышгігант і найбольш далёкая назіраная зорка, размешчаная на адлегласці 9 млрд светлавых гадоў ад Сонца (z=1,49), станам на красавік 2018 года. Выпраменьванне зоркі, якое дайшло да нас, было выпушчана праз 4,4 млрд гадоў пасля Вялікага выбуху. Паводле слоў аднаго з першаадкрывальнікаў данага аб’екта, Патрыка Кэлі, зорка знаходзіцца прынамсі ў сто разоў далей за папярэднюю самую аддаленую зорку, якая не з’яўляецца звышновай. Таксама ўпершыню назіраецца ўзмоцненая выява зоркі як асобнага аб’екта.
Агульныя звесткі
Зорка была выяўлена ў рамках даследавання звышновай SN Refsdal касмічным тэлескопам Хабла. Пры вывучэнні здымкаў звышновай зоркі пачынаючы з 2004 года навукоўцы выявілі кропкавую крыніцу, якая з’явілася на здымках 2013 года і стала больш яркай к 2016 году. Было вызначана, што крыніца з’яўляецца асобнай зоркай, выява якой у 2000 разоў узмоцнена з прычыны гравітацыйнага лінзавання. Выпраменьванне LS1 было не толькі ўзмоцнена ўплывам скопішча галактык MACS J1149+2223, размешчанага на адлегласці 5 млрд светлавых гадоў, але ў пэўны момант таксама і іншым кампактным аб’ектам з масай каля трох мас Сонца ў скопішчы галактык, якія перасеклі прамень зроку (гравітацыйнае мікралінзаванне). Звычайна ў падобных даследаваннях адкрываюць галактыкі ці звышновыя зоркі. Тэмпература аб’екта не змянялася з часам, што супярэчыць здагадцы пра звышновую; таксама па велічыні тэмпературы аб’ект быў аднесены да блакітных звышгігантаў.
Святло ад зоркі было выпраменена ў той час, калі ўзрост Сусвету складаў чвэрць ад сучаснага значэння 13,8 млрд гадоў. Кэлі выказаў здагадку, што аналагічныя з’явы мікралінзавання дапамогуць знайсці самыя раннія зоркі ў Сусвеце. У наш час зорка ўжо не існуе ў выглядзе блакітнага звышгіганта, зыходзячы з ацэнак часу жыцця такіх зорак.
Гл. таксама Спіс найбольш аддаленых астранамічных аб'ектаў
Крыніцы
Спасылкі
Hubble Discovers Supernova Split by Cosmic Lens — NASA (2017) View of SN Rafsdal — National Geographic Society (2015) Images of SN Refsdal — HubbleSite (2015)
Катэгорыя:Метад гравітацыйнага мікралінзавання Катэгорыя:Бела-блакітныя звышгіганты