Вуліца Захарава — вуліца ў Партызанскім раёне Мінска. Названа ў гонар Івана Антонавіча Захарава (1898—1944), дзяржаўнага дзеяча БССР.
На вуліцы знаходзяцца Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, адміністрацыя Партызанскага раёна Мінску, установы міністэрстваў сувязі і інфармацыі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, нацыянальнага статыстычнага камітэта, навукова-педагагічная бібліятэка Нацыянальнага інстытута адукацыі, прамысловыя прадпрыемствы (хладакамбінат, дрэваапрацоўчае прадпрыемства). Уваходзіць у лік найдаражэйшых жылых вуліц Мінску.
Гісторыя Да 1947 года частка сённяшняй вуліцы Захарава ад перакрыжавання з вуліцай Румянцава і да чыгункі на Смаленскай вуліцы называлася Правіянцкая.Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. Сваю назву вуліца атрымала з-за таго, што злучала цэнтр Мінску з ваеннымі правіянцкімі складамі, што размяшчаліся каля чыгункі.
на карце Мінску 1858 года менавіта па лініі, па якой пазней ішла Правіянцкая вуліца, праходзіла мяжа гораду. На гарадской карце 1898 года вуліца была ўжо пазначаная.План губернского города Минска (1898) // Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. асобн. арк. карт. Асаблівасцю яе геаметрыі было тое, што Правіянцкая вуліца ішла не па простай лініі, а па зламанай: з выгібам на перакрыжаванні з Вясёлай (Першамайскай) вуліцай.
На пачатку XX стагоддзя вуліца ўяўляла сабой практычна ўскраіну гораду — ціхая вуліца з невялікімі драўлянымі забудовамі, якія танулі ў зеляніне прыдарожных клёнаў і садоў.
На Правіянцкай вуліцы жыў вядомы мінскі журналіст і пісьменнік Дарафей Бохан, які ў 1907 годзе ўзначаліў рэдакцыю ліберальнай газеты «Голос провинции».
Зімою 1925 года газета «Звязда» паведаміла, што на Правіянцкай вуліцы адчыніўся дом для беспрытульных дзяцей. У доме знайшлі прытулак 82 дзіцяці, якія згубілі сваіх бацькоў у часы грамадзянскай вайны.
У 1920-я — 1930-я гады на Правіянцкай, удалечыні ад шумнага цэнтра, жылі беларускі пясняр Янка Купала, пісьменнік Змітрок Бядуля, кампазітар Ісак Любан, камандзір 39-га кавалерыйскага палку, будучы легендарны савецкі маршал Георгій Жукаў.
Спадарожнік па Мінску (1930 г.) пазначае, што на вуліцы знаходзілася база Саюзу жыллёвай кааперацыі Беларусі «Белжылсаюз». Дом, дзе знаходзілася база, не пазначаны, адно прыгадваецца — насупраць свінарніка. Пачыналася ж вуліца ад лячэбніцы Чырвонага Крыжу.
Па непацверджаных афіцыйнымі дакументамі звестках, у пачатку 1940-х гадоў на Правіянцкай вялося будаўніцтва трамвайнай лініі. Падчас вайны недабудаваная лінія была цалкам знішчаная.
Правіянцкая вуліца была сярод цэнтральных вуліц Мінску, якія найбольш пацярпелі ад налётаў нямецкай авіяцыі ў першыя дні вайны. Участак вуліцы ад Чырвонай да Першамайскай падчас вайны быў разбураны.
Падчас вайны раён Правіянцкай вуліцы быў зонай актыўных дзеянняў падпольнай групы пад кіраўніцтвам Мікалая Кедышкі.
Сваю цяперашнюю назву вуліца атрымала 27 мая 1947 года ў гонар савецкага партыйнага дзеяча і кіраўніка партызанскага руху, намесніка кіраўніка ўраду БССР у 1938—1941 гадах Івана Захарава, які загінуў у гады вайны.
Вуліца Захарава распачыналася ад Чырвонай вуліцы, ішла праз Круглую плошчу і заканчвалася ля чыгункі на Смаленскай вуліцы. У 1950-х гадах вуліца была пашырана, распачалося новае будаўніцтва. Да пачатку 1970-х гадоў твар гэтай часткі Мінску змяніўся непазнавальна.
У 1983 годзе частка вуліцы Захарава ад Чырвонай вуліцы і да плошчы Перамогі (тады яшчэ — Круглай плошчы) стала часткай новастворанай вуліцы Кісялёва. Ад гэтага часу нумерацыя збудаванняў на вуліцы Захарава пачынаецца з лічбы 17.
Размяшчэнне Цяперашняя даўжыня — 1880 м. Перасякаецца з вуліцай Румянцава, завулкамі Ваенным і Бранявым, вуліцамі Першамайскай, Азгура, Слясарнай, Саламянай, Андрэеўскай і Смаленскай.
Забудова
Няцотны бок
№ 17 (пр. Незалежнасці, 40) — будынак (1939, 1947) — Першы будынак на ўсходнім баку вуліцы. Пяціпавярховы, дугападобны з бакавымі крыламі, 128-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 9037 кв.м. Дом мае падвойную нумерацыю — пр. Незалежнасці 40. Даваенная пабудова дому распачалася ў 1939 годзе. Архітэктары Р.Столер і М.Бакланаў. Цяперашні будынак пабудаваны ў 1947—1948 годзе на аснове аднаўлення моцна пашкоджанага ў час вайны будынку. Архітэктар адноўленага будынка А.Брэгман. Фасадныя плоскасці падзеленыя на два ярусы шырокім поясам паміж першым і другім паверхамі. Ніжні ярус трактаваны больш масіўна. Верхні — падзелены раўнамернымі радамі проставугольных вокнаў і расчлянёны па вертыкалі падвойнымі лоджыямі. Вертыкальнае чляненне фасаду падкрэслена развітымі ліштвамі. Фасад завершаны балюстрадай. Дом занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь/склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск : БЕЛТА, 2009. — 684 с.: іл. У будынку размяшчаюцца кавярні «Бярозка» і «Vogue Café», а таксама філіял № 12 МТБанка.
№ 19 (вул. Румянцава, 11) — будынак (1950-я) — Пяціпавярховы, 41-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 3734 кв.м. Пабудаваны ў 1955 годзе. На рагу вуліц Захарава і Румянцава на першым паверсе дому размяшчаецца рэдакцыя газеты (рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова) «Літаратура і Мастацтва».
№ 21 — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. П-падобны будынак складаецца з трох карпусоў: «А» — уздоўж вуліцы Румянцава, «Б» — уздоўж вуліцы Захарава і корпус «В» — уздоўж Вайсковага завулка.
№ 23 (зав. Вайсковы, 8) — будынак (1950-я) — Чатырохпавярховы, 64-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 4746 кв.м. Пабудаваны ў 1956 годзе. На рагу вуліцы Захарава і Ваеннага завулку на першым паверсе дому размяшчаецца аптэка № 18 УП «Белфармацыя»
№ 25 — будынак (1950-я) — Пяціпавярховы 26-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 1727 кв.м. Пабудаваны ў 1956 годзе. У гэтым доме жылі вядомы беларускі скульптар, народны мастак БССР Аляксей Глебаў і славуты беларускі батанік, акадэмік АН БССР Мікалай Смольскі. У іх гонар на фасадзе дома ўсталяваныя мемарыльныя дошкі.
№ 27 (зав. Бранявы, 11) — будынак (1950-я) — Чатырохпавярховы, 32-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 3799 кв.м. Пабудаваны ў 1954 годзе. У гэтым доме жылі славутая оперная спявачка, народная артыстка Беларусі і СССР Ларыса Александроўская і вядомы беларускі медык Мікалай Філіповіч. У іх гонар на фасадзе дому ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі. № 29 — Жылы чатыропавярховы дом. Пабудаваны ў 1940 годзе. Адзін з толькі двух будынкаў з даваеннай забудовы Правіянцкай вуліцы (другі — дом № 42), якая пазасталася пасля вайны. № 29а — Двухпавярховы, 16-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 682 кв.м. Пабудаваны ў 1948 годзе. № 31 — Будынак (1950-я) — Чатырохпавярховы офісны будынак. У доме размяшчаюцца Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, галоўныя статыстычныя ўправы гораду Мінску і Мінскай вобласці, Мінскі абласны аграпрамысловы саюз, рэстарацыя «Casa Augustin Lopez» № 33 (вул. Першамайская, 13) — Пяціпавярховы, 61-кватэрны жылы дом. Пабудаваны ў 1960 годзе. Агульная плошча кватэраў — 3768 кв.м. У гэтым доме на працягу 20 гадоў жыў народны архітэктар СССР, акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР, старшыня Дзяржбуда БССР Ул. Кароль.
№ 53 — чатырохпавярховы будынак Адміністрацыі Партызанскага раёна (1978—1980, архітэктары І. Марчанка, А. Сабалеўскі, Е. Марчанка). У савецкія часы ў будынку размяшчаліся райкама КПБ і райвыканкама Партызанскага раёна. У будынку таксама размяшчаецца Партызанскае аддзяленне Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. № 55 — Шматпавярховы офісны будынак. Тут размяшчаецца міжнародны цэнтр камутацыі прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам». № 57 — Чатырохпавярховы офісны будынак. Тут размяшчаецца Мінская філіял прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» і яго службы продажаў для Мінскай вобласці і Мінскага раёна. № 59 — Трохпавярховы офісны будынак. Тут размяшчаецца навукова-педагагічная бібліятэка галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
№ 61 — Дзевяціпавярховы, 48-кватэрны жылы дом. Плошча кватэраў — 2795 кв.м. Пабудаваны ў 1971 годзе. На першым паверсе дому размяшчаецца вінная крама «Бардо». № 63 — Шаснаццаціпавярховы каркасна-блочны жылы дом. Пабудаваны ў 2004 годзе. № 63а — Пяціпавярховы жылы дом. Пабудаваны ў 1963 годзе. № 65/1 — Дзевяціпавярховы, 48-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 2760 кв.м. Пабудаваны ў 1971 годзе. З боку вуліцы на першым паверсе дому размяшчаецца салон прыгажосці «Ізумі». № 67/1 — Шаснаццаціпавярховы каркасна-блочны жылы дом. Пабудаваны ў 2006 годзе.
№ 67/2 — Дзевяціпавярховы, 48-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 3044 кв.м. Пабудаваны ў 1971 годзе. На першым паверсе дому з боку вуліцы знаходзіцца аптэка «Фармацыя № 47». № 69 — Пяціпавярховы, 90-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 5232 кв.м. Пабудаваны ў 1968 годзе. № 73а — Трохпавярховы офісны будынак. Тут знаходзіцца рэспубліканскі цэнтр сертыфікацыі і экспертызы ліцанзаваных відаў дзейнасці міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. № 77а — Пяціпавярховы цагляны жылы дом. Пабудаваны пад канец 1960-х гадоў. № 87 — Аднапавярховы цагляны будынак. Тут знаходзіцца адміністрацыя філіяла № 1 дрэваапрацоўчага прадпрыемства ААТ «Мінскдрэў».
Цотны бок
№ 22 (пр. Незалежнасці, 38) — будынак (1951—1956) — Першы будынак на заходнім баку вуліцы. Чатырохпавярховы Г-падобны жылы дом. Пабудаваны ў пачатку 1950-х гадоў. Дом мае падвойную нумерацыю — пр. Незалежнасці 38. Вуглавая частка будынку завершана невысокай вежачкай з увагнутым шатровым дахам і пінаклямі. Высокія арачныя праёмы аформлены дэкарыраванымі парталамі. Над імі картуш з датай пачатку будаўніцтва. Верхні ярус вуглавой часткі вырашаны трохкалонным порцікам з балюстраднай агароджай. Фасады паміж трэцім і чацвёртым паверхамі падзелены шырокім карнізным поясам. Прасценкі ў верхнім ярусе аздоблены рэльефнымі кампазіцыямі з картушаў, гірляндаў і медальёнаў. Завершаны фасады шматслойным карнізам з дэнтыкуламі. Дом занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У доме размяшчаюцца хлебная крама «Каравай», аптэка «Інтэр-Інн № 2», прадстаўніцтва авіякампаніі «Austrian Airlines» у Беларусі, вясельны салон «Gala».
№ 24 (вул. Румянцава, 9) — будынак (1951—1956) — Чатырохпавярховы, 57-кватэрны, Г-падобны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 4479 кв.м. Пабудаваны ў 1955 годзе. Архітэктар М. Баршч. Занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У доме размяшчаюцца Асацыяцыя інвалідаў вайны ў Афганістане, агенцтва нерухомасці «Юрвест», турыстычная фірма «Прэміа», салон-цырульня «Рабеус». № 26 — двухпавярховы асабняк. Цяпер у ім размяшчаецца канцылярыя пасольства Германіі. З 1972 па 1992 год у гэтым будынку знаходзілася консульства ГДР (а з 1991 года — ФРГ). № 28 — Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (1956, архітэктар Я. Заслаўскі) — Двухпавярховы асабняк. Пабудаваны ў 1956 годзе. Прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Тут таксама размяшчаецца пасольства Мальтыйскага ордэна. Ад 1992 да паловы 90-х гадоў тут знаходзілася сядзіба Польскага народнага ўніверсітэта ў Мінску. № 30 (зав. Вайсковы, 9) — двухпавярховы жылы дом (1950-я) — № 32 — Двухпавярховы жылы дом. У ім з 1957 па 1982 год жыў Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны будаўнік Беларусі, ганаровы грамадзянін Мінска Іван Жыжаль. У яго гонар на фасадзе дому ўсталяваная мемарыяльная дошка.
№ 34 — Двухпавярховы жылы дом. № 36 — Двухпавярховы дом. У 1924—1926 гадах у доме, які знаходзіўся на гэтым месцы і па гэтым адрасе, жыў Янка Купала. Цяпер у ім размяшчаецца дзяржаўнае вытворча-гандлёвае аб’яднанне «Белмастацпромыслы». № 38 — Двухпавярховы жылы дом.