Эдуард Чудноўскі (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца.
Клубная кар’ера Выхаванец прыватнай сталічнай футбольнай школы «Фартуна». Там ён займаўся да 14 гадоў, пасля чаго перайшоў у БАТЭ-РМ. Каманда 1991 года нараджэння, якую ўзначальваў Вадзім Мурсалаў, неаднаразова займала высокія месцы ў юнацкім чэмпіянаце Беларусі. Чудноўскі, які выступаў на пазіцыі «пад нападнікам», і яго партнёры, у ліку якіх былі Раман Сцяпанаў, Кірыл Алексіян і Алег Патоцкі, два разы заваявалі срэбра і аднойчы — бронзу. І даволі вялікай групай перабраліся ў дубль барысаўскага БАТЭ пад кіраўніцтва трэнера Дзмітрыя Шаўчука.
Там Чудноўскі правёў чатыры сезоны і дзейнічаў не толькі ў цэнтры поля, але і на левым флангу паўабароны. Эдуард запомніўся выкананнем «стандартаў», уменнем разагнаць атаку, аддаць разумную перадачу, прабіць здалёк. У 2011 годзе ён стаў пераможцам першынства Беларусі сярод дублюючых складаў, згуляўшы ў 32 матчах з 33.
За асноўную каманду БАТЭ Чудноўскі правёў два паядынкі ў Кубку Беларусі 2011/12. Ён выхадзіў на замены ў канцы сустрэч з «Гарадзеяй» і брэсцкім «Дынама». У пачатку наступнага года было прынята рашэнне аддаць футбаліста ў арэнду. У такім статусе ён паспеў пагуляць за магілёўскі «Дняпро», слонімскі «Белтрансгаз» і пінскую «Хвалю».
У 2014 годзе пакінуў БАТЭ ў якасці свабоднага агента. У канцы лютага перайшоў у ерэванскі «Арарат». Аднак у армянскім клубе Чудноўскі прабыў зусім нядоўга і вярнуўся назад у беларускі чэмпіянат, перайшоўшы ў «Клецк».
У пачатку 2015 года падпісаў кантракт з футбольным клубам «Ліда». Стаў адным з лідараў каманды, правёў усе 30 матчаў у сезоне 2015. У пачатку 2016 года перайшоў у «Смаргонь», дзе таксама быў іграком асновы. У першай палове 2018 года згуляў за «Смаргонь» толькі ў чатырох матчах і ў ліпені пакінуў каманду, неўзабаве пасля гэтага папоўніў склад «Оршы». Па заканчэнні сезона 2018 пакінуў аршанскі клуб.
У пачатку 2019 года стаў трэніравацца з «Маладзечна», у красавіку афіцыйна далучыўся да складу каманды, выступаў у яе складзе да лета.
Міжнародная кар’ера У 2010 годзе згуляў у трох матчах за малодшую моладзевую зборную Беларусі (да 20 гадоў).
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Дняпро Магілёў Катэгорыя:Ігракі ФК Слонім-2017 Катэгорыя:Ігракі ФК Хваля Пінск Катэгорыя:Ігракі ФК Арарат Ерэван Катэгорыя:Ігракі ФК Клецк Катэгорыя:Ігракі ФК Ліда Катэгорыя:Ігракі ФК Смаргонь Катэгорыя:Ігракі ФК Орша Катэгорыя:Ігракі ФК Маладзечна