Кітай (), афіцыйна Кітайская Народная Рэспубліка (КНР, ) — краіна ва Усходняй Азіі. Мяжуе з Расіяй і Манголіяй на поўначы, з Паўночнай Карэяй на ўсходзе, з Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Афганістанам і Пакістанам на захадзе, з Індыяй, Непалам, Бутанам, М'янмай, Лаосам і В'етнамам на поўдні. На ўсходзе абмываецца Жоўтым, Усходне-Кітайскім і Паўднёва-Кітайскім морамі Ціхага акіяна. Тайвань — найбуйнейшы востраў Кітая — займае дэ-факта незалежная Кітайская Рэспубліка, якую Пекін не прызнае. Кітай займае першае месца ў свеце па колькасці насельніцтва; трэцяе месца — па плошчы. Касмічная дзяржава. КНР з’яўляецца адной з пяці афіцыйных ядзерных дзяржаў, пастаянным членам Савета Бяспекі ААН, валодае самай вялікай у свеце арміяй і другім у свеце ваенным бюджэтам. Поспехі ў эканамічным развіцці даюць падставы разглядаць КНР у якасці патэнцыйнай звышдзяржавы.
Прырода Кітая неверагодна разнастайная. У межах краіны ляжыць найбуйнейшае ў свеце нагор’е — Тыбет, а на мяжы з Непалам уздымаюцца горы-васьмітысячнікі, сярод якіх і Эверэст. Кітай валодае багатымі мінеральнымі, агракліматычнымі, воднымі рэсурсамі. Тут цячэ трэцяя ў свеце па даўжыні і шматводнасці рака — Янцзы. Вельмі востра стаіць пытанне аховы прыроды: лясы на ўсходзе Кітая амаль цалкам высечаны а іх жывёльны свет — знішчаны, рэкі і азёры брудныя, паветрам у гарадах часта немагчыма дыхаць.
Кітай з’яўляецца адной з калысак чалавецтва — цывілізацыя ў даліне Хуанхэ ўзнікла шмат тысяч гадоў таму. У першым тысячагоддзі новай эры кітайская цывілізацыя адносілася да ліку найболь развітых у свеце. Менавіта ў той час былі зроблены 4 «вялікіх кітайскіх вынаходніцтвы»: компас, папера, порах, ручны набор літар. Дынастыйная гісторыя Кітая скончылася на дынастыі Цын з заснаваннем у выніку Сіньхайскай рэвалюцыі ў 1911 Рэспублікі Кітай. У першай палове ХХ стагоддзя Кітай быў ахоплены грамадзянскімі войнамі, паміж якімі быў перыяд японскай акупацыі. У 1949 да ўлады прыйшла Камуністычная партыя Кітая на чале з Маа Цзэдунам, а прыхільнікі партыі Гаміньдан уцяклі на Тайвань, дзе пабудавалі свой Кітай. Дзякуючы эканамічным поспехам, у канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. Кітай стаў адной з самых магутных і ўплывовых дзяржаў свету.
Кітайская Народная Рэспубліка — камуністычная аднапартыйная ўнітарная дзяржава. Уся ўлада канцэнтруецца ў руках Камуністычнай Партыі Кітая, старшыня якой з’яўляёцца прэзидэнтам Кітая. Сённяшні кіраўнік Кітая — Сі Цзіньпін. КНР дзеліцца на 22 правінцыі, 5 аўтаномных раёнаў, 4 гарады цэнтральнага падпарадкавання (Пекін, Шанхай, Чунцын, Цяньцзінь) і спецыяльныя адміністрацыйныя раёны (Ганконг і Макаа). Ва ўсёй дзяржаве дзейнічае адзін час. Сталіца — горад Пекін, другі па велічыні ў Кітаі і адзін з найбуйнейшых у свеце.
Насельніцтва КНР перавысіла 1,4 млрд чалавек, што на 2019 год дазваляе Кітаю заставацца — як і на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва — самай населенай краінай свету. Апошнія дзесяцігоддзі, дзякуючы дэмаграфічнай палітыцы, натуральны прырост істотна зменшыўся. Сённяшні Кітай адчувае сур’ёзнае старэнне насельніцтва з усімі наступствамі. У палавой структуры адчувальная перавага мужчын над жанчынамі. У Кітаі найбольшая колькасць атэістаў у свеце. Папулярныя рэлігіі — будызм, даасізм, кітайская народная рэлігія. Большая частка насельніцтва — кітайцы, што канцэнтруюцца пераважна на ўсходзе, дзе шчыльнасць перавышае 500 чал/км². Імкліва расце доля гарадскога насельніцтва (59 % у 2018 годзе). Найбуйнейшы горад — Шанхай.
Кітай — індустрыяльная краіна, ключавая дзяржава з ліку тых, што развіваюцца. Займае першае месца па агульным аб’ёме ВУП (па ППЗ), другое — па намінале. Самы вялікі ў свеце прамысловы вытворца і экспарцёр. У ХХІ стагоддзі ажыццяўляе эканамічную экспансію па ўсім свеце. КНР з’яўляецца членам такіх арганізацый як: БРІКС, Вялікая дваццатка, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, АЦЭС, форуму Кітай-Індыя-М’янма-Бангладэш.
Этымалогія Самі кітайцы сваю краіну называюць Чжунхуа Жэньмінь Гунхэга (中华人民共和国), скарочана проста Чжунхуа, што літаральна азначае «сярэдзінная зямля».
Усходнеславянскае слова «Кітай» пайшло ад качавога народу кіданяў, названых так кітайцамі. У пачатку Х ст. кідані захапіі паўночны Кітай і стварылі там сваю дзяржаву. Імя кіданяў, хоць і выцесненых у ХІІ ст чжурчжэнямі, замацавалася за ўсім паўночным Кітаем, а купцы і заваёўнікі данеслі тапонім да самай усходняй Еўропы, дзе ён стаў абазначаць усю велізарную далёкую краіну.
Англійская назва «China» таксама з’яўляецца экзонімам і паходзіць ад санскрыцкага Cīna, што ўжывалася ў дачыненні да Паднябёснай у старажытнай Індыі і сустракаецца ў ранніх індуісцкіх тэкстах. З санскрыту праз персідскую і партугальскую мовы — крыху трансфармаваўшыся — яна трапіла ў большасць заходнееўрапейскіх моваў.
Геаграфічнае становішча
Кітай — найбуйнейшая краіна ва Усходняй Азіі. Сумарная даўжыня сухапутных межаў Кітая з 14 краінамі складае 22 117 км: Расія (40 км на паўночным захадзе і 3 605 км на паўночным усходзе), Манголія (4 677 км), КНДР (1 416 км), В’етнам (1 281 км), Лаос (423 км), М’янма (2 185 км), Індыя (3 903 км), Бутан (470 км), Непал (1 236 км), Пакістан (523 км) Афганістан (76 км), Таджыкістан (414 км), Кіргізія (858 км) і Казахстан (1 533 км). Працягласць краіны з захаду на ўсход (ад Паміра да Шанхая) — каля 4,5 тыс. км, з поўначы на поўдзень (ад ракі Амур на мяжы з Расіяй да паўднёвага ўскрайку вострава Хайнань) — каля 4,1 тыс. км.
На ўсходзе на працягу 14 000 км абмываецца Жоўтым (з залівам Бахайвань), Усходне-Кітайскім і Паўднёва-Кітайскім морамі Ціхага акіяна. За Тайваньскім пралівам, раздзяляючы сабой два паўднёвых моры, ляжыць Тайвань — найбуйнейшы востраў Кітая, які займае не прызнаная Пекінам, дэ-факта незалежная Кітайская Рэспубліка. Хайнань — другі па велічыні востраў, ляжыць праз нешырокі — ўсяго 30 км да паўвострава Лэйчжоў — Хайнаньскі праліў (або Цюйджоў).
КНР мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі амаль да ўсіх сваіх суседзяў на сушы. На моры самым дыскусійным раёнам застаецца Паўднёва-Кітайскае мора.
Прырода
Складаная геалагічная будова абумовіла неверагодна разнастайны рэльеф. Рэльеф Кітая — гэта камбінацыя высокіх горных сістэм, глыбокіх міжгорных упадзін і вялікіх раўнін. На паўднёвым усходзе Кітая ляжыць самае вялікае нагор’е свету (2 млн кв.км, сярэдняя вышыня — 4,5 тыс.м.) — Тыбет, з поўдня аблямаванае высознымі Гімалаямі. Менавіта тут, на мяжы Кітая і Непала, у эпоху апошняга гораўтварэння выраслі (і працягваюць расці!) самыя высокія горы свету, уключаючы Эверэст (8848 м). На захад ад Тыбету, у Каракаруме — яшчэ адной велічнай горнай сістэме — знаходзіцца другая вяршыня планеты — г. Чагары (8611 м). Вышыні Куньлуня, які апаясвае Тыбецкае нагор’е з поўначы, — самага доўгага (2700 км) горнага ланцуга Азіі — дасягаюць 6,3—7,8 тыс. м. А ў перадгор’ях Цянь-Шаня знаходзіцца самая глыбокая ўпадзіна Цэнтральнай Азіі (і трэцяя ў свеце) — Турфанская (-154 м). Ад высокай расчлянёнай Цэнтральнай Азіі шырокімі ступенямі спускаюцца да Ціхага акіяна раўніны. Раўніны верхніх ступеняў — Чырвоны Басейн, Лёсавае плато — складзены лёсам, ніжніх — Сунляа і Вялікая Кітайская — магутнай тоўшчай урадлівага алювію рэк Янцзы і Хуанхэ. На поўдні і часткова на ўсходзе значную плошчу займаюць старыя невысокія маляўнічыя горы, часта паедзеныя карстам.
Карысныя выкапні Кітай — адна з найбольш багатых карыснымі выкапнямі краіна. Тут здабываюць каменны вугаль, нафту, магніевыя і жалезныя руды, медзь, графіт, волава, сурму, ртуць, малібдэн, марганец, свінец, цынк, золата і інш. Асноўнай крыніцай энергіі ў Кітаі з’яўляецца вугаль, па запасах якога Кітай саступае толькі ЗША і Расіі. Вугальныя радовішчы ў асноўным размешчаны ў Паўночным і Паўночна-Усходнім Кітаі. Большая частка пакладаў прадстаўлена каменным вуглём. Радовішчы нафты выяўленыя ў Паўночна-Усходнім Кітаі, прыбярэжных тэрыторыях і шэльфе Жоўтага мора, а таксама ў некаторых ўнутраных раёнах — Джунгарскай катлавіне, Сычуані. Таксама ў краіне вельмі вялікія залежы сланцаў, з якіх можна здабываць сланцавы газ.
Клімат На поўначы і захадзе Кітая клімат умераны, рэзка кантынентальны. Вялізная кантынентальная маса абумоўлівае панаванне азіяцкага максімума ўзімку і вобласці нізкага ціску ўлетку. У замкнутых «ячэйках» катлавін вельмі халодная зіма (да -35 °C) і вельмі гарачае лета (сярэднія тэмпературы вышэй за +24 °C); ападкаў выпадае мала (150—300 мм). Пры руху на ўсход летнія тэмпературы амаль не змяняюцца, а зімовыя — растуць, але дадатнымі становяцца толькі на поўдзень ад вусця Янцзы. Расце і колькасць ападкаў: наветраныя ўсходнія схілы «ступеняў» атрымліваюць 500—800 мм, а паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа дзякуючы трапічным залевам і тайфунам — да 2000 мм — гэта вобласці мусоннага клімату з летнім максімумам ападкаў.
Рэкі і азёры
Рэкі Кітая адносяцця пераважна да басейна Ціхага акіяна — гэта Янцзы, Хуанхэ, Хэйлунцзян (Амур), Чжуцзян, Ланьцанцзян (Меконг), Сіцзян, Нуцзян. Брахмапутра (кітайская назва Ялу Цангпо) прарываецца праз Гімалаі да Індыйскага акіяна; а на паўночным захадзе доўгі шлях да Обі і Паўночнага Ледавітага акіяна пачынае Іртыш. Вытокі ўсіх буйных рэк Кітая знаходзяцца ў гарах. Таючы снег на ўсходняй ўскраіне Тыбецкага плато забяспечвае вадой галоўныя артэрыі краіны. Рэкі ўнутранага басейна ўпадаюць у азёры ўнутраных раёнаў (салёныя азёры Цынхай і інш.), або губляюцца ў пустынях ці салёных багнах (высмаглыя азёры Лабнор і Цзюйянь). З вялікімі рэкамі звязаны багатыя аквапрадуктамі прэснаводныя азёры, такія, як Паянху, Дунцінху і Тайху. Маюцца таксама тысячы штучных азёр — вадасховішчаў. Уздоўж узбярэжжа цягнецца Вялікі канал Кітая, які злучае вусці рэк Янцзы, Хуайхэ і Хуанхэ. Канал быў пабудаваны ў VII—XIII стст.. і мае сумарную даўжыню 2470 км.
Ландшафты
На засушлівых захадзе і поўначы пануюць пустыні (Гобі, Такла-Макан), паўпустыні і стэпы. Апошнія прасціраюцца ўздоўж лепей увільгатнёных ускраін плато Унутранай Манголіі. На вільготным мусонным усходзе пануюць лясы: на поўначы — змешаныя хвойна-шыракалістыя з карэйскага кедру, піхты, дубу, ясеню, ліпы, коркавага дрэва. Далей на поўдзень ў субтрапічным клімаце лясы становяцца вечназялёнымі — з’яўляюцца лаўр, магнолія, гінкга, смакоўніца. Па разнастайнасці лясных парод Кітай займае 1-е месца ў свеце.
Прыродная расліннасць ва усходнім, густазаселеным, Кітаі амаль цалкам зведзена — субтрапічныя лясы засталіся толькі на стромкіх схілах гор ды ў нацыянальных парках. Следам за лясамі зніклі многія віды жывёл, напрыклад, алень давіда, кітайскі тыгр, якіх цяпер можна сустрэць толькі ў заапарках.
Экалагічныя праблемы
У Кітаі найгоршая ў свеце сітуацыя з забруджваннем паветра. З 20 гарадоў з самым дымным небам у свеце, 16 — кітайскія. Прычына таму — прымяненне вугалю ў энергетыцы і камунальнай гаспадарцы, імклівы рост аўтапарка. Ва ўмовах зімовага антыцыклону вялікія індустрыяльныя гарады паўночнага Кітая проста задыхаюцца ад смогу. Асабліва пакутуе Пекін, што ляжыць у замкнёным паніжэнні. Мяркуецца, што празмерная забруджанасць паветра выклікае рост лёгачных захворванняў, у тым ліку анкалагічных. Кітай падпісаў, Кіёцкі пратакол, але не узяў на сябе ніякіх абавязкаў і не спяшаецца змяншаць выкіды вуглякіслага газу.
Рэкі Кітая, нават самыя вялікія, ператварыліся ў сапраўдныя сцёкавыя канавы. Гэта звязана з выкідамі неачышчаных прамысловых і камунальных водаў і з вельмі спрэчнымі стандартамі дапушчальнай канцэнтрацыі забруджвальнікаў. Забруджаны нават падземныя воды, да чаго спрычынілася сельская гаспадарка. Яна ж у адказе і за імклівую эрозію глебаў і апустыньванне. Паводле даследванняў 2007 года Кітай страчвае каля 4000 кв.км. прадукцыйных земляў штогод. Нягледзячы на тое, што з 1970-х на мяжы Гобі ствараюцца «зялёныя бар’еры», працяглыя засухі і нерацыянальныя метады вядзення сельскай гаспадаркі прыводзяць да пыльных бур, якія назаляюць паўночнаму Кітаю кожную вясну, часам даходзячы да Карэі і Японіі.
Гісторыя