Вастрабра́мская ву́ліцаНаша Ніва. № 1, 1994. С. 7., таксама вуліца Аўшрос Варту () — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Горадзе. Працягвае вуліцу Вялікую. Звязвае скрыжаванне вуліц Субач і Гетманскай з скрыжаваннем Чыгуначнай і Друйскай. Працягваецца гістарычным Лідскім гасцінцам (цяпер Ліпагорская вуліца).

Архітэктурныя дамінанты вуліцы — Вострая брама з капліцай Маці Божай, ансамбль базыльянскіх манастыроў з Траецкай царквой і брамай у стылі віленскага барока, царква і манастыр Святога Духа, комплекс кляштару кармелітаў з касцёлам Святой Тэрэзы, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў.

Гісторыя Назва вуліцы паказвае на яе кірунак да Вострай брамы, адзінай захаванай да нашага часу брамы гарадскога мура.

У XIX ст. з мэтай русіфікацыі земляў колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расійскай імперыі перайначылі назву вуліцу на расійскі манер (). Па адыходзе расійскіх войскаў з Вільні вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.

У першай палове XX ст. раён вуліцы стаў палітычным і культурным цэнтрам беларусаўКорбут В. Па віленскім бруку // «Туризм и Отдых». № 32 (667). 14 жніўня 2008., тут дзейнічалі шматлікія беларускія ўстановы. У доме № 1 на рагу з Гетманскай вуліцайКорбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы // «Туризм и Отдых». № 29 (664). 24 ліпеня 2008.. з 1926 года працавала беларуская кнігарня.

У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на літоўскі манер. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады перайменавалі частку вуліцы ў імя расійскага пісьменніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву, але ў летувізаванай форме.

Агульныя звесткі

Даўжыня каля 700 м. Мае брукаваную праезную частку ў Старым Месце да Вострай Брамы, далей — асфальтавую. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад рогу з Гетманскай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.

З правага боку адыходзяць вуліца Гетманская і Гасціны завулак, з левага — вуліца Субач. Мае скрыжаванне з вуліцамі Базыльянскай (направа) і Даўкшты (налева).

Будынкі

Няцотны бок № 5 — будынак Мескай залы, збудаваны ў 1902 годзе. Цяпер тут размяшчаецца Нацыянальная філармонія Літвы. № 7 — Базыльянскія муры. У склад комплексу ўваходзяць царква Святой Тройцы, званіца, будынкі жаночага і мужчынскага манастыроў, паўночная і паўднёвая брамы і бурса. Па Берасцейскай уніі (1596) манастыр стаў галоўным цэнтрам пашырэння Уніі і асяродкам, дзе ствараўся ордэн базыльянаў. У 1604 годзе Іасафат Кунцэвіч прыняў тут манаскі пострыг. У наш час пра гэты факт сведчыць памятная шыльда. У 1823 годзе расійскія ўлады перарабілі першы паверх паўднёвага корпуса пад вязніцу, дзе ўтрымлівалі паэта Адама Міцкевіча, пазней — удзельнікаў вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў. У першай палове XX ст. у будынках манастыра знаходзіўся палітычны і культурны цэнтр беларусаў: Беларускі музей імя Івана Луцкевіча і беларуская бібліятэка, Віленская беларуская гімназія, дзве беларускія пачатковыя школы, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі нацыянальны камітэт, Беларускія настаўніцкія курсы, Беларуская школьная рада Віленшчыны, духоўная семінарыя Траецкай царквы.

№ 7a — корпус манастыра, у якім размяшчалася Віленская беларуская гімназія і Беларускі музей. Гімназія дзейнічала з 1 студзеня 1919 да чэрвеня 1944 года. Сярод настаўнікаў гімназіі былі Антон і Іван Луцкевічы, Максім Гарэцкі, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Барыс Кіт, Рыгор Шырма. Пры ўваходзе ў былую гімназію вісяць памятныя шыльды Максіму Гарэцкаму і Наталлі Арсенневай. Беларускі музей размяшчаўся на першым паверсе паўднёвага крыла будынка. Тут захоўваліся сярэдневяковыя пячаткі, манеты, слуцкія паясы, прадметы этнаграфіі, галаснікі Гродзенскай Каложскай царквы, рукапісныя кнігі і старадрукі (выданні Францыска Скарыны, татарскі Аль-Кітаб, Літоўскі Статут 1588 года). Паводле інвентару 1941 года, музей налічваў 13 450 адзінак захавання. У архіве музея было больш за 9 тыс. адзінак захавання. Бібліятэка налічвала больш за 14 тыс. тамоўЛашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні , TUT.BY, 6.08.2009.. № 7b — Траецкая царква. У 1347 годзе на гэтым месцы заснавалі першую драўляную царкву. У 1514—1516 гадах па пераможнай Аршанскай бітве князь Канстанцін Астрожскі ў падзяку Богу і ў гонар перамогі над маскоўскімі войскамі збудаваў на месцы драўлянай новую мураваную царкву. Па скасаванні Берасцейскай уніі ў 1839 годзе ўлады Расійскай імперыі гвалтоўна адабралі царкву і манастыр у Святога Прастола і перадалі ў валоданне Маскоўскага патрыярхату, пазней царкву перабудавалі ў маскоўскім стылі. У 1919 годзе будынак перадалі каталікам. У 1940 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1991 годзе святыню вярнулі грэка-каталікам.

Цотны бок

№ 2 — 3-павярховы дом. Каля 1801 года будынак рэканструявалі паводле праекту архітэктура Міхала Шульца, пазней на фасад дадалі эклектычную ляпніну. № 6 — 3-павярховы будынак, у якім з 1926 па 1936 год знаходзіўся Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Інстытут займаўся падтрымкай і развіццём сельскай гаспадаркі, народных рамёстваў, беларускай духоўнай культуры, беларускай асветы і мовы. Пры ім дзейнічала тэатральная секцыя Пятра Булгака, працавала бібліятэка. З дапамогай беларускай друкарні імя Францішка Скарыны Інстытут выдаў больш за дзесяць кніг вядомых беларускіх аўтараў. Сёння будынак займае адзін з самых дарагіх гатэляў Вільні.

№ 8 — адзіны захаваны ў Вільні будынак гаспадарчага прызначэння (склад), збудаваны ў XV—XVI стагоддзях. У 1970—1974 гадах на помніку праводзіліся рэстаўрацыйныя працы. № 10 — Духаўская царква і манастыр. Драўляная царква існавала тут з 1567 года. У 1596 годзе ў друкарні Духаўскага брацтва Лаўрэнцій Зізаній выдаў славянскі лемантар, які ўключаў беларускі тлумачальны слоўнік (на 1061 слова). У 1618 годзе ў манастыры прыняў пострыг Мялецій Сматрыцкі. У 1638 годзе замест драўлянай збудавалі мураваную святыню. У 1749—1753 гадах царкву перабудавалі паводле праекту архітэктара Ян Глаўбіц ў стылі віленскага барока. У пячорнай царкве пад алтаром, іканастас да якой стварыў мастак Іван Хруцкі, спачыў знішчальнік уніяцкай царквы Іосіф Сямашка. № 14 — касцёл Святой Тэрэзы і кляштар кармелітаў. Кляштар будаваўся ў 1621—1624 гадах, касцёл — у 1633—1650 гадах з фундацыі падканцлера Стэфана Паца. У 1783 годзе да вугла заходняга фасада касцёла прыбудавалі капліцу-пахавальню Пацаў. У 1829 годзе касцёл злучылі 2-павярховай крытай галерэяй з капліцай Маці Божай на Вострай браме.

Вострая брама Брама будавалася ў гатычным стылі ў 1503—1522 гадах разам з пяццю іншымі, пазней колькасць брамаў дасягала дзевяці. Праз некалькі гадоў над аркай брамы дабудавалі фасад з пяццю амбразурамі і атык у стылі рэнесансу. Атык мае дэкор з гербам «Пагоня», які падтрымліваюць два крылатыя львы-грыфоны, і рэльефнай галавой Гермеса ў крылатым шлеме.

З боку горада над брамай у 1671 годзе манахі-кармеліты збудавалі драўляную капліцу, адмыслова для абраза Маці Божай Вастрабрамскай. 18 мая 1706 года здарыўся пажар, але капліца ўцалела. Пажар у маі 1715 года знішчыў амаль усё горада і капліцу. У 1722 годзе над брамай збудавалі мураваную капліцу. Пры перабудове ў 1829—1830 гадах капліца набыла рысы класіцызму.

Галерэя

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Вуліцы Вільні