Ветраны млын пачатку XX стагоддзя з в. Зелянец Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Перанесены ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо. Прыклад народнага дойлідства.

Гісторыя Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя з дрэва. Размяшчаўся за 0,5 км на поўдзень ад вёскі. У канцы XX стагоддзя працаваў на электраэнергіі.

Перанесены ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо. Да лета 2014 года ад млына заставаліся толькі элементы, якія ляжалі на зямлі, меркавана ў 2016 годзе пабудова цалкам адноўлена.

Архітэктура Шатровага тыпу. Каркасная канструкцыя з бярвёнаў у выглядзе васьміграннай усечанай піраміды, ашалявана дошкамі і пастаўлена на васьмерыковы зруб. Шацёр накрыты вальмавым дахам. Яго прарэзвае гарызантальная вось, на канцы якой умацаваны 4 крылы. Пры дапамозе «хобата» (доўгая тоўстая жэрдка) шацёр паварочваўся і фіксаваўся ў напрамку ветру. Вярчальны момант ад гарызантальнай восі перадаваўся да жорнаў праз сістэму зубчастых перадач і вертыкальную вось.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Хоцімскага раёна Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту Катэгорыя:Ветраныя млыны Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў XX стагоддзі Катэгорыя:Зелянец (Хоцімскі раён) Катэгорыя:Перамешчаныя будынкі і збудаванні Беларусі