Бітва пад Шапялевічамі або бітва пад Барысавам — адна з бітваў вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Адбылася ў пачатку вайны 24 жніўня 1654 года каля Шапялевіч (цяпер у Круглянскім раёне) і скончылася перамогай маскоўскіх войск пад камандаваннем князя Аляксея Трубяцкога над войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем вялікага гетмана Януша Радзівіла.
Пасля таго, як войска Януша Радзівіла 12 жніўня 1654 года ў бітве пад Шкловам нанесла паражэнне арміі князя Чаркаскага, гетман з 5-тысячным войскам вырашыў стрымаць наступленне другой расійскай арміі на чале з Трубяцкім (каля 15 тыс. чалавек), якая 20 жніўня пераправілася на правы бераг Дняпра.
Радзівіл рушыў пад Шапялевічы, тут падчас пераправы стрымаў перадавыя маскоўскія атрады, аднак пасля падыходу галоўных сіл маскоўская пяхота заняла Шапялевічы, а кавалерыя пад яе прыкрыццём пачала абыходзіць войскі Радзівіла з фланга. Спроба контратакі не ўдалася. 25 жніўня пяхота Радзівіла пацярпела паражэнне і адступіла, абоз і артылерыя былі захоплены праціўнікам. Таксама захоплены сцяг і карэта параненага Радзівіла, які ледзь выратаваўся сам.
У Рэчы Паспалітай больш не засталося сілаў паміж Дняпром і Бярэзінай. Паражэнне пры Шапялевічах абумовіла хуткае падзенне Смаленска (гл. Аблога Смаленска, 1654). Армія Вялікага княства Літоўскага перастала існаваць як арганізаваная вайсковая сіла, але ўжо ў верасні 1654 года Януш Радзівіл абвясціў, што вялікалітоўская армія зноў гатова да баявых дзеянняў.
Катэгорыя:Бітвы вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Катэгорыя:Бітвы Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Бітвы Расіі Катэгорыя:Бітвы ў Беларусі Катэгорыя:1654 год у Еўропе Катэгорыя:Канфлікты 1654 года Катэгорыя:Жнівень 1654 года Катэгорыя:Падзеі 24 жніўня