Надзе́я Мікала́еўна Каткаве́ц, у шлюбе Барташ, Гарбузава (нар. , Тышкавічы, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі дзяржаўны дзеяч, эканаміст. Кандыдат эканамічных навук (2026). Першая намесніца Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь (2004—2012), намесніца Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2013—2017). Памочніца Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарка па Магілёўскай вобласці (з 2026).
Біяграфія Нарадзілася 29 верасня 1960 года ў вёсцы Тышкавічы Іванаўскага раёна. Пасля заканчэння школы спачатку хацела паступаць на гістарычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута, але абрала эканамічны напрамак.
У 1983—1987 гадах працавала эканамістам і галоўным бухгалтарам калгаса «Ленінскі шлях» Інжавінскага раёна Тамбоўскай вобласці (РСФСР). У 1987 годзе скончыла эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
У 1987—1992 гадах была галоўным эканамістам саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, дырэктарам якога тым часам быў Аляксандр Лукашэнка. У 1992—1994 гадах узначальвала кааператыў «Крывельскі» Шклоўскага раёна.
У 1995 годзе прызначана дырэктарам Рэспубліканскага ўнітарнага эксперыментальна-вопытнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Усход» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, размешчанага ў Атоліне пад Мінскам. На пачатку 2000-х гадоў два гады працавала галоўным бухгалтарам ТАА «Роўдтранс» у Мінску.
У 2003 годзе Надзея Каткавец перайшла на працу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе стала першай намесніцай Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. У 2006 годзе скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Пасаду першай намесніцы міністра займала да красавіка 2012 года.
З 23 красавіка 2012 года працавала дырэктарам Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі ў Маскве.
З 5 ліпеня 2013 года да 8 верасня 2017 года — намеснік Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У лютым 2017 года Надзея Каткавец узначаліла назіральны савет «Парытэтбанка», амаль поўны пакет акцый якога перайшоў пад кантроль Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.
З канца 2017 года перайшла на пасаду намесніцы генеральнага дырэктара (намесніцы старшыні савета дырэктараў) Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК). У 2022—2023 гадах працавала ў рэгіянальных філіялах кампаніі: «БНБК-Агра Глуск», «БНБК-Агра Пухавічы» і «БНБК-Агра Быхаў». Пасля сакавіка 2023 года выйшла на пенсію.
Пасля выхаду на пенсію занялася навуковай дзейнасцю, паступіла ў аспірантуру Інстытута сістэмных даследаванняў АПК НАН Беларусі. 21 студзеня 2026 года абараніла кандыдацкую дысертацыю па эканоміцы на тэму «Механізм дзяржаўнага рэгулявання развіцця аграпрамысловай вытворчасці Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах».
8 ліпеня 2026 года прызначана памочніцай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектаркай па Магілёўскай вобласці.
Сям’я і асабістае жыццё Надзея Каткавец двойчы была ў шлюбе. Брала прозвішчы мужоў — Барташ і Гарбузава, пасля разводу ў канцы 1990-х гадоў вярнула прозвішча па нараджэнні.
Шматдзетная маці, выхавала чатырох сыноў: Андрэя, Аляксея, Віталя і Сяргея. Двое з іх працуюць інжынерамі-механікамі, двое іншых — інжынер-землеўпарадчык і эканаміст. Мае як мінімум дзевяць унукаў, сярод якіх Дзмітрый, Паліна, Марыя. Жыве ў доме ў Атоліне пад Мінскам.
Чутка пра пазашлюбнага сына Аляксандра Лукашэнкі У незалежных СМІ неаднаразова з’яўляліся матэрыялы пра тое, што адзін з сыноў Надзеі Каткавец можа быць пазашлюбным сынам Аляксандра Лукашэнкі. Крыніцай гэтых чутак стала кніга былой шклоўскай журналісткі Вольгі Паўлавай «Шклоўскія страсці», выдадзеная ў 1999 годзе. У ёй згадвалася, што ў саўгас «Гарадзец» прыехала працаваць Надзея Барташ з двума сынамі, малодшы з якіх быў настолькі падобны да дырэктара (Аляксандра Лукашэнкі), што вяскоўцы называлі яго «Лукашком». Далей у кнізе адзначалася, што пасля разводу з другім мужам Надзея Гарбузава прыняла прапанову прэзідэнта ўзначаліць гаспадарку ў «Атоліна», што цалкам супадае з біяграфіяй і зменамі прозвішчаў Надзеі Каткавец.
У 2002 годзе «Беларуская дзелавая газета» задала Надзеі Каткавец пытанне наконт асаблівай прыхільнасці да яе з боку Аляксандра Лукашэнкі, на што яна коратка адказала: «Не было». У 2020 годзе журналісты тэлеканала «Белсат» спрабавалі правесці расследаванне гэтай тэмы ў Шклове, але былі затрыманы міліцыяй і адпраўлены ў Мінск.
У жніўні 2025 года выданне «Zerkalo.io» сумесна з аб’яднаннем BELPOL прааналізавала базы даных і біяграфіі Каткавец і Лукашэнкі. Згодна з іх высновамі, яны маглі пазнаёміцца яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў падчас паралельнай вучобы ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, незадоўга да нараджэння старэйшага сына Надзеі ў маі 1983 года. Таксама іх цеснае супрацоўніцтва працягвалася з 1987 года ў саўгасе «Гарадзец», дзе ў кастрычніку 1988 і ў студзені 1991 гадоў у яе нарадзіліся яшчэ два сыны. Незалежныя журналісты адзначаюць, што імклівы кар’ерны ўзлёт Надзеі Каткавец пасля абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам мае шмат паралеляў з лёсам Ірыны Абельскай, маці Мікалая Лукашэнкі.
Узнагароды Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь; Дзве ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу.
Цікавыя факты Падчас працы першай намесніцы Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Каткавец праславілася эксцэнтрычнымі і блытанымі прамовамі на прэс-канферэнцыях. Асаблівую папулярнасць у інтэрнэце набылі яе выказванні пра «хаацічэскі сложаныя цэны» і развагі пра тое, як зрабіць з цялушкі карову. Відэаролікі з яе ўдзелам сабралі дзясяткі тысяч праглядаў на YouTube, а яе цытаты сталі інтэрнэт-мемамі.
Крыніцы
Катэгорыя:Намеснікі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Памочнікі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектары па Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Кандыдаты эканамічных навук Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Беларусі Катэгорыя:Узнагароджаныя Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь