Ку́нцаўшчына (, ) — вёска ў Клецкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Морацкага сельсавета. Знаходзіцца за 26 км на паўднёвы захад ад Клецка, 28 км ад чыгуначнай станцыі Клецк (на лініі Асіповічы—Баранавічы), 166 км ад Мінска.

Гісторыя У 1800 годзе згадваецца як фальварак у Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Налічвалася 6 жыхароў, дзейнічалі драўляны сядзібны дом і вятраны млын. З 1883 года ў маёнтку, які належаў Вайніловічам, працаваў вінакурны завод, што лічыўся самым значным у губерні. У 1897 годзе вёска ў складзе Кіевіцкай воласці, налічвалася 11 двароў, 145 жыхароў, працаваў вінакурны завод. У 1908 годзе — 44 жыхары.

З лютага да снежня 1918 года акупіравана германскімі войскамі. З 1 студзеня 1919 года ў складзе БССР. З лютага па жнівень 1919 года ў складзе Літ-Бел ССР. Са жніўня 1919 года да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года акупіравана польскімі войскамі. З 31 ліпеня 1920 года ў складзе БССР.

Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, вёска ўвайшла ў склад Польшчы, дзе належала да Заастравецкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства.

З лістапада 1939 года ў складзе БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Клецкім раёне Баранавіцкай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 года ў Цепярэвецкім сельсавеце. З 8 студзеня 1954 года ў Мінскай вобласці. З 16 ліпеня 1954 года ў Нагорнаўскім сельсавеце. З 25 снежня 1962 года па 30 ліпеня 1966 года ў Нясвіжскім раёне.

У 1940 годзе былы фальварак налічваў 23 двары, 134 жыхары. У гэтым жа годзе на базе маёнтка і вёсак Лазавічы і Макраны быў утвораны калгас «Чырвоны Сцяг».

У Вялікую Айчынную вайну з 26 чэрвеня 1942 года да 4 ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 2 вяскоўцы загінулі ў баях на франтах.

Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Нагорнаўскага сельсавета«Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1800 — 6 чал.; 1897 — 145 чал. XX стагоддзе: 1908 — 44 чал.; 1940 — 134 чал.; 1959 — 217 чал.; 1970 — 247 чал.; 1988 — 150 чал.; 1998 — 114 чал. XXI стагоддзе: 2009 — 47 чал.

Інфраструктура У 1988 годзе ў вёсцы працавалі ферма буйной рагатай жывёлы, клуб, бібліятэка, сярэдняя школа, магазін. На 2009 год дзейнічалі ферма і клуб-бібліятэка. Вёска ўваходзіла ў склад калгаса «Чырвоны Сцяг» (цяпер СВК «Лазавічы», цэнтр — в. Лазавічы).

Славутасці Сядзіба Вайніловічаў (2-я палова XIX — пачатак XX стст.). Захаваліся вінакурня і стайня. Царква ў гонар Казанскага абраза Маці Божай (драўляная, XIX ст.).

Зноскі

Спасылкі

Кунцаўшчына на сайце Глобус Беларусі Кунцаўшчына на сайце Radzima.org

Катэгорыя:Населеныя пункты Клецкага раёна Катэгорыя:Морацкі сельсавет