Аляксандр Ігаравіч Мінёнак (нар. , Віцебск) — беларускі спявак, удзельнік «Дзіцячай Новай Хвалі 2015», студэнт Акадэміі папулярнай музыкі Ігара Крутога, прадстаўнік Беларусі на конкурсе «Дзіцячае Еўрабачанне 2016», лаўрэат рэспубліканскага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі», суперфіналіст чацвёртага сезона ўкраінскага конкурсу «Голас. Дзеці».

Біяграфія Аляксандр Мінёнак нарадзіўся 25 чэрвеня 2003 года ў Віцебску. Бацька — Ігар Уладзіміравіч Мінёнак, маці — Алена Генрыхаўна Мінёнак. З ранняга дзяцінства Саша рос за кулісамі фестывалю «Славянскі базар», дзе працавала ў якасці адміністратара маці будучага спявака. Калі хлопчыку было тры гады, на яго артыстызм і харызму звярнула ўвагу педагог Аліна Панкіна, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 98 г. Віцебска, дзе Саша выканаў свае першыя ролі і песні.

З чатырох гадоў Саша займаўся вакалам, акцёрскім майстэрствам і харэаграфіяй у творчай студыі «Гулливер и лилипуты» пад кіраўніцтвам педагога А. Капскай.

У шэсць гадоў Саша прайшоў кастынг у заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь харэаграфічны ансамбль «Зорька». У сем гадоў стаў салістам шоу-гурта «Какао» пры студыі «Гулливер и лилипуты», у складзе якога ён зрабіў першыя крокі на сцэне фестывалю «Славянскі базар». У гэты ж час Саша паступіў на педагагічную практыку пры Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І. І. Салерцінскага па класе акардэона. У восем гадоў ён распачаў сольную кар’еру пад кіраўніцтвам С. Астапенкі і А. Літоўкі. Дзякуючы працы гэтых педагогаў у перыяд з 2011 па 2015 год Саша стаў лаўрэатам 25 гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, у тым ліку і паўфіналістам Дзіцячай Новай Хвалі 2013.

З 2012 па 2016 год Саша з’яўляўся артыстам шоу-балета «Сенсацыя» пад кіраўніцтвам Р. Рыкава, дзе займаўся харэаграфіяй і акцёрскім майстэрствам, а таксама выступаў на шматлікіх канцэртах і фестывалях. Пазней артысты шоу-балета «Сенсацыя» прымалі ўдзел у якасці танцораў у нумары Сашы для «Дзіцячага Еўрабачання 2016» на Мальце.

У 2015 годзе Саша прайшоў у фінал конкурсу «Дзіцячая Новая Хваля». На конкурсе, які праходзіў у Артэку з 28 па 30 жніўня, у першы дзень ён выканаў песню «Лимбо» (за якую атрымаў ад журы 93 балы з 99 магчымых), у другі дзень — «Мальчик-бродяга» (зарабіў 95 балаў з 99). Па выніках двух конкурсных дзён Саша заняў шостае месца, раздзяліўшы яго з украінскім трыа «Smile».

Пасля паспяховага выступлення на «Дзіцячай Новай Хвалі» Акадэмія папулярнай музыкі Ігара Крутога пачала запрашаць Сашу ў свае праекты, у якіх выканаўца ўзяў удзел: «Калядная песенька года», «Новая Хваля», «Дзіцячая песня года», юбілейныя туры Ігара Крутога. Саша выходзіў на сцэны Казані, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Дзюсельдорфа разам з такімі артыстамі, як Ані Лорак, Леў Лешчанка, Лара Фабіян, Міця Фамін і інш. Разам з іншымі лаўрэатамі Дзіцячай Новай Хвалі і Ігарам Крутым ён зняўся ў кліпе Міці Фаміна «Новы дзень».

З верасня 2015 года пасля пераезду ў Мінск Саша пачаў займацца ў заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь тэатры эстраднай песні «Сябрынка» Палаца культуры «МАЗ» пад кіраўніцтвам Т. Трухан. У снежні 2015 года ён стаў лаўрэатам рэспубліканскага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» і стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У гэтым жа годзе Саша стаў удзельнікам дабрачыннага канцэрта «Здзяйсняй мары», што прайшоў 16 снежня ў Маскве ў канцэртнай зале «Космас».

У 2016 годзе Саша выступіў у ролі вядучага тэлепраекта «Дзіцячая песня года» на канале «Карусель», а таксама выканаў там сваю аўтарскую песню «Ангел мой». Кліп, зняты на гэтую песню, удзельнічаў у перадачы «Гарачая дзясятачка» канала «Карусель». 3 сакавіка ён стаў адным з удзельнікаў канцэрта «Девичник Teens», які адбыўся ў канцэртнай зале «Известия Hall». Саша выступіў на адной сцэне з лепшымі ўдзельнікамі праектаў «Дзіцячая Новая Хваля», «Дзіцячае Еўрабачанне», «Голас. Дзеці» і гасцямі канцэрта: гуртам MBAND, Уладам Сакалоўскім, Міцем Фаміным, Стасам Касцюшкіным і іншымі артыстамі.

На творчым рахунку Сашы здымкі ў некалькіх рэкламных роліках: рэкламе смартфона Huawei GR3 ад МТС, Брэсцкага мясакамбіната, а таксама гульні World of Tanks. У жніўні 2016 года стаў фіналістам беларускага нацыянальнага адбору конкурсу «Дзіцячае Еўрабачанне 2016» з песняй «Музыка моих побед» («Музыка маіх перамог»), напісанай К. Ермаковым і Р. Калодкам. З гэтай кампазіцыяй Саша прадставіў Беларусь у лістападзе 2016 года ў фінале конкурсу на Мальце, дзе заняў сёмае месца.

У канцы жніўня 2016 года прайшлі здымкі тэлесерыяла «Мухтар. Новы след», у якім Саша выканаў адну з роляў.

У снежні адбылася прэзентацыя песні «Взлёт», напісанай Сашам і С. Старавойтавым.

У музычных спектаклях на галоўнай елцы краіны «Як прыручыць дракона, ці Крыштальная мелодыя», якія праходзілі ў Мінску з 20 снежня 2016 года па 6 студзеня 2017, спявак выканаў галоўную ролю музыкі Янкі.

У верасні 2016 года прадзюсары гурта Open Kids аб’явілі пра пачатак кастынгу ў новы бойбэнд. Саша паспяхова прайшоў некалькі этапаў адбору і стаў адным з пяці ўдзельнікаў гурта NEBO5, які дэбютаваў 25 лютага з песняй «Поколение Танцы», выкананай разам з Open Kids.

У маі 2017 года Саша стаў адным з вядучых цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў ХІІІ нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня», арганізаванага міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У 2017 годзе Саша Мінёнак стаў удзельнікам чацвёртага сезона ўкраінскага тэлепраекта «Голас. Дзеці». Яго выступленне паказалі ў другім выпуску сляпых праслухоўванняў, які выйшаў у эфір тэлеканала «1+1» 12 лістапада. Саша выканаў песню Бруна Марса «Grenade», падчас выканання якой да яго павярнуліся Наталля Магілеўская, гурт «Время и стекло» і Манацік. Хлопчык абраў каманду гурта «Время и стекло». У час вакальных баёў, што выйшлі ў эфір 3 снежня, каманды былі падзелены на чатыры тройкі, у кожнай з якой у наступны этап праходзіў толькі адзін выканаўца. Саша выступіў разам з Ангелінай Шымковай і Веранікай Чорнай і выканаў песню «Ой, у гаю пры Дунаю». Для праходжання ў наступны этап журы абрала Сашу. На этапе накаўтаў 10 снежня ў кожнай з каманд з чатырох удзельнікаў у фінал праходзілі двое. У камандзе «Время и стекло» імі сталі Саша Мінёнак і Яна Горнаяя. У фінале (17 снежня), які, у адрозненне ад папярэдніх выпускаў праграмы, праходзіў у прамым эфір ы, Саша выканаў песню «Ома» Ірыны Білык і па выніках галасавання гледачоў апярэдзіў Яну, выйшаўшы, такім чынам, у суперфінал. У суперфінале Саша выканаў песню «Let’s Get it Started». Нягледзячы на тое, што ў галасаванні ў яго не атрымалася абысці Данэлію Туляшову, якая стала пераможцам сезона, Саша Мінёнак стаў першым беларусам, якому ўдалося прайсці ў суперфінал праекта.

У лютым 2018 года, калі гурт NEBO5 перастаў быць праектам Open Art Studio, Саша прыпыніў сваю дзейнасць у калектыве. У красавіку ён стаў адным з вядучых фестывалю «Бітва аркестраў. Дзеці». 6 чэрвеня выйшаў кліп Kain Rivers «Талісман», у здымках якога прынялі ўдзел Саша Мінёнак і Антон Каплун. Таксама ён зняўся ў кліпе «Стыкерам» гурта Open Kids, што выйшаў 27 ліпеня. Пазней, у лютым 2019 года, ён выканаў ролю ў кліпе гурта «Под утро». У ліпені 2018 года выйшаў сольны трэк Сашы «Не всерьез». У гэты ж час спявак стаў госцем VІ Фестывалю беларускай культуры, што адбыўся ў Польшчы.

На «Міжнародных дзіцячых гульнях на прызы алімпійскіх чэмпіёнаў» (6-8 снежня, Казань), што праходзілі ў межах усерасійскіх спаборніцтваў па плаванні «Кубак Аляксандра Папова», Саша выступіў з сольным канцэртам, а таксама праспяваў на адкрыцці і закрыцці гульняў. У снежні ў Віцебску прайшла прэм’ера мюзікла «Снежная каралева. Перазагрузка», у якім Саша выканаў ролю Кая.

6 красавіка 2019 года ў эфіры канала «Расія 1» выйшаў трэці выпуск тэлепраекта «Ну-ка, все вместе!», удзельнікам якога стаў Саша Мінёнак, выкананаўшы песню «Халі-галі». Разам з ім гэту песню выканалі 45 членаў журы (са 100). Пад канец красавіка ў Сашы выйшаў дэбютны ЕР-альбом «В поиске», у які ўвайшлі 7 хіп-хоп кампазіцый.

1 чэрвеня выканаўца стаў удзельнікам 30-га выпуску шоу «Макаёнка, 9» на тэлеканале «Беларусь 1», дзе выканаў адну з песень са свайго дэбютнага альбома. Такcама Саша стаў удзельнікам фестывалю Videozhara, што праходзіў 8 і 9 чэрвеня ў Кіеве.

18 кастрычніка ў мінскім клубе «Брюгге» ў Сашы адбыўся першы сольны канцэрт.

Дыскаграфія

Студыйныя альбомы 2019 — «В поиске» («У пошуку»)

«В поиске»

Сінглы «Не всерьез» (2018) «Мало» (2019) «С тобой» (2019) «Грязные речи» (2019) «В поиске» (2019)

Дасягненні 2011 Лаўрэат ІІІ прэміі конкурсу «Вясёлка над Віцебскам» (Віцебск) Прыз сімпатый журы на конкурсе «Залатая ліра» (Мінск) Лаўрэат І прэміі міжнароднага конкурсу «Супермікрафон Радыё Ярд» (Польшча) 2012 Лаўрэат І прэміі міжнароднага конкурсу «Парад планет» (Цвер, Расія) Здымкі ў тэлеперадачы «Песенька ў падарунак» на канале «Радасць мая» Лаўрэат І прэміі міжнароднага конкурсу «Ступені майстэрства» (Масква) Лаўрэат ІІ прэміі міжнароднага конкурсу «Крымскія хвалі» (Феадосія, Украіна)) Лаўрэат ІІ прэміі рэспубліканскага конкурсу «Халі-хало» (Наваполацк, Беларусь) 2013 Лаўрэат І прэміі рэспубліканскага конкурсу «Прывітанне, свет» (Мінск) Лаўрэат І прэміі рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Юніёр» Лаўрэат ІІІ прэміі рэспубліканскага конкурсу «Маладзічок» (Маладзечна) Паўфіналіст Дзіцячай Новай Хвалі 2013 (Масква) Лаўрэат І прэміі міжнароднага конкурсу «Залатая пчолка» (Клімавічы, Беларусь) Лаўрэат ІІ прэміі рэспубліканскага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі», ратацыя на радыё. 2015 Лаўрэат І прэміі міжнароднага конкурсу «Аванці» (Мінск) Гран-пры рэспубліканскага конкурсу «Мая мара» (Мінск) Лаўрэат ІІІ прэміі рэспубліканскага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі», ратацыя на радыё Стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі 2016 Прадстаўнік Беларусі на конкурсе «Дзіцячае Еўрабачанне 2016» (Мальта) Перамога ў кастынгу на ўдзел у гурце NEBO5 2017 Суперфіналіст чацвёртага сезона ўкраінскага «Голас. Дзеці» 2018 Вядучы «Бітвы аркестраў. Дзеці» Прэм’ера сольнай кампазіцыі «Не всерьез» Галоўная роля ў мюзікле «Снежная каралева. Перазагрузка» 2019 Удзел у тэлепраекце «Ну-ка, все вместе!» Спецыяльны госць нацыянальнага адбору на «Славянскі Базар у Віцебску» Выпуск дэбютнага альбома «В поиске» Удзел у шоу «Макаёнка, 9» на тэлеканале «Беларусь 1»

Крыніцы

Спасылкі

Саша Миненок: ходить в школу почти нет времени, но учусь хорошо БелТА

Катэгорыя:Спевакі і спявачкі Беларусі Катэгорыя:Удзельнікі дзіцячага конкурсу песні Еўрабачанне