Леанід Галяк (, Вільня — , Стэмфард, штат Канектыкут, ЗША) — беларускі грамадскі дзеяч, юрыст.

Біяграфія Нарадзіўся ў Вільні 31 кастрычніка 1910 года (паводле грыгарыянскага стылю).

Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, пасля перайшоў у прыватную польскую гімназію імя Тадэвуша Чацкага, што мясцілася на Пагулянцы на вуліцы Вівульскага, пасля ў дзяржаўнай гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста на рагу Малой Пагулянкі і Буфаловай Гары. Вясною 1929 года вярнуўся зноў у Віленскую беларускую гімназію, якую скончыў у 1930 годзе.

У 1930—1935 гг. вучыўся на хімічным, а пазней юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. У часе нямецкай акупацыі працаваў юрыстам у Мінскай акрузе. Быў удзельнікам Другога Усебеларускага кангрэсу. Падчас вайны захаваў і пазней перадаў асобнік Статуту ВКЛ у беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны ў Лондане: паводле апісальнага ліста, разам з якім у бібліятэку перадалі асобнік, статут быў украдзены ў немца, які сам раней яго ўкраў з мінскай дзяржаўнай бібліятэкі.

З лета 1944 года ў эміграцыі. У 1944—1945 гг. — супрацоўнік Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР. Заснаваў Беларускае бюро ў Брытанскай зоне акупацыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў Саюза беларускіх журналістаў на чужыне і выдання «Летапіс беларускай эміграцыі».

З 1949 года жыў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў і першы рэдактар газеты «Беларус» (1950—1951). Сябра БАЗА, у 1953—1956 гг. уваходзіў ва ўправу Стэмфардскага аддзела арганізацыі. У 1955 г. выйшаў з Рады БНР, а ў наступным годзе і з БАЗА. Спрычыніўся да заснавання Камітэта вызвалення Беларусі.

Аўтар «Успамінаў» (надрукаваныя ў 2-х тамах у 1982—1983 гг.), якія пазбаўленыя палітычнай ангажаванасці і поўныя тонкага гумару ў апісанні побыту ды й характараў беларускіх грамадскіх дзеячоў як у Беларусі, так і на эміграцыі.

Памёр 3 красавіка 1980 г. у Стамфард (Канектыкут). Пахаваны ў Іст-Брансвіку на могілках парафіі Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ.

Літаратура

Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.

Спасылкі

Біблійныя пераклады Леаніда Галяка Галяк Леанід. Успаміны. Кніга 1. ЗША, Летапіс, 1982. Гaляк Леанід. Успаміны. Кнiга 2. ЗША. Летапіс, 1983.

Катэгорыя:Выпускнікі юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Перакладчыкі Бібліі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі XX стагоддзя Катэгорыя:Пахаваныя на Беларускіх могілках у Іст-Брансуіку