Раі́са Мікала́еўна Жук-Грышке́віч, дзявочае Жукоўская (, Пружаны, цяпер Брэсцкая вобласць — , Бары, Канада) — беларуская грамадская дзяячка.
Біяграфія
Нарадзілася Раіса Жукоўская 22 кастрычніка 1919 года ў Пружанах у сям’і Міколы Жукоўскага і Надзеі Меярэвіч. Скончыла тут польскую пачатковую школу і гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1938 годзе паступіла ў Віленскую беларускую гімназію. Пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў працавала настаўніцай беларускай мовы ў Пружанах, пасля была накіравана ў Смаляніцу.
У 1942 годзе выехала ў Германію, працавала ў «Вінеце». Пасля сканчэння вайны трапіла ў лагер для перамешчаных асоб брытанскай акупацыйнай зоны ў горадзе Ватэнштэце. Раіса была сцяжной жаночага скаўтынгу і пэўны час працавала ў лякарні. Потым выехала ў Марбург вучыцца на дантыстку.
У 1949 годзе з’ехала ў Канаду. Еўрапейскія медыцынскія дыпломы ў Канадзе не прызнаваліся, таму вымушана была вучыцца наноў. У 1954 годзе скончыла ўніверсітэт у Таронта і атрымала дыплом доктара дантычнай хірургіі. Адначасова з вучобай на дантыста наведвала курсы беларусазнаўства, адкрытыя пры ўніверсітэце В. Жук-Грышкевічам. Працавала стаматолагам да 1990 года.
4 верасня 1953 выйшла замуж за доктара Таронцкага ўніверсітэта Вінцука Жук-Грышкевіча, на той час таксама намесніка Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка.
З першых дзён жыцця ў Канадзе стала сябрам Згуртавання беларусаў Канады, была сярод яго заснавальнікаў. Шмат гадоў узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, выдавала яго друкаваны орган «Камунікаты». У 1965—1975 гадах узначальвала Задзіночанне беларускіх жанчын Канады, была сакратаром-скарбнікам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У 1973 годзе як прадстаўніца ад беларускай этнічнай групы ўведзена канадскім урадам у Кансультацыйную Раду па пытаннях мультыкультуралізму. Ад 1978 года сяброўка Рады БНР. Разам з мужам у 1988 годзе ў Мідлендзе на плошчы Мучанікаў усталявалі Памятны крыж тысячагоддзя хрысціянства ў Беларусі. З 1997 года — член Прэзідыума Рады БНР.
Выдала кнігі «Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (Таронта, 1993) і «Род Жукоўскіх-Меярэвічаў». У рамках Выдавецкага камітэта Згуртавання беларусаў Канады спрычынілася выданню двух падручнікаў беларускай мовы аўтарства сваёй сястры Валянціны Пашкевіч.
У ліпені 1993 была ўдзельніцай першага з’езду беларусаў свету ў Мінску. Падчас гэтага прыезду ў Беларусь наведала і родныя Пружаны. У 1995 годзе ўзяла ўдзел у другім Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Мінску. thumb|злева|Магіла Вінцэнта і Раісы Жук-Грышкевічаў на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку
Раіса Жук-Грышкевіч жыла ў мясцовасці Бары, дзе памерла 2 красавіка 2009 года. Яе пахавалі 4 красавіка 2009 года побач мужа на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку (штат Нью-Джэрсі, ЗША).
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Скаўцкі рух у Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Члены Згуртавання беларусаў Канады Катэгорыя:Беларусы ў Канадзе