Васіль Міхайлавіч (1-я палова XIV ст. — паміж 1394—1398) — князь друцкі.

Сын князя Міхаіла Міхайлавіча з роду друцкіх князёў. Упершыню згадваецца як князь Васіль Друцкі сярод сведак граматы 1350—1377 гадоў полацкага князя Андрэя Альгердавіча на наданне баярам Фёдару і Дзмітрыю Корсакам. Таксама, магчыма, у 1374 годзе князь Васіль са старэйшым братам князем Дзмітрыем ускосна згаданы Германам з Вартберга як «князі одрыскія» (reges ... de Odriske) у паходзе князя Андрэя Альгердавіча на ордэнскі замак Дынабург.Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 57.

Пасля 1377 года, напэўна, з дваром князя Андрэя Альгердавіча, князь Васіль Міхайлавіч ад’ехаў з ВКЛ у Пскоў і зімою 1377—1378 гадоў кароткі час быў у Ноўгарадзе, дзе, на думку Андрэя Кузьміна, заказаў перапісванне Евангелля-Апракаса. З Ноўгарада, таксама разам з князем Андрэем Альгердавічам, князь Васіль мог паехаць у Маскву, але да 1380 года вярнуўся ў Друцк. У Маскве застаўся яго сын Глеб, які браў удзел у Кулікоўскай бітве.Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 62.

Паміж 1378 і 1394 гадамі князь Васіль Міхайлавіч, разам з жонкай княгіняй Васілісай, аздобіў і надаў Евангелле-Апракас друцкай царкве Прачыстай Багародзіцы разам з сялом Мараўінічы з людзьмі і ўсімі даходамі, дзесяцінай з жыта ў сяле Відзінічы, 5 пудамі мёду з «чалавека» на Паротвінай зямлі (магчыма, цяпер урочышча Ператоўшчына за 20 км на захад ад Друцка), лукном мёду Якімава і паўлукном мёду на Худаве.Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя // БГА. — Том 9, Сшытак 1-2 (16-17), снежань 2002. — Заўв. 45.

Каля 1390—1392 года разам з сынам Львом (княз Василии Михаилович… Левъ Васильевъ снъ) быў сярод паручнікаў перад вялікім князем Скіргайлам за нейкага Грыдку КанстанцінавічаКузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 58.. У рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, Аляксандр Белы выказаў думку тоеснасці князя Васіля Міхайлавіча з паручнай граматы і пінскага князя Васіля НарымонтавічаБелы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 297—298., такую магчымасць аспрэчваў, хоць і з іншай нагоды, Ян ТэнгоўскіTęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań—Wrocław, 1999. — S. 26., былі і крыніцазнаўчыя пярэчанні, урэшце, Аляксандр Груша паказаў уяўнасць асобы пінскага князя Міхаіла Нарымонтавіча, таму і немагчымасць зваць князя Васіля Нарымонтавіча МіхайлавічамГруша А. І. Мяноўная грамата князя Васіля Нарымонтавіча і фарміраванне пісьмовай культуры ў прававой сферы Вялікага княства Літоўскага ў апошняй трэці XIV — першай трэці XV ст. — Мінск, 2010. — 96 с..

Меў прынамсі трох сыноў — Льва, Глеба і Андрэя.

Памёр паміж 1394 і 1398 гадамі. Да 1399 года яго ўдава выйшла замуж за князя Дзмітрыя Альгердавіча.Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 61.

Літаратура

Катэгорыя:Друцкія Катэгорыя:Князі друцкія Катэгорыя:Памерлі ў 1390-я гады