Станіслаўдо́р — залатая манета Рэчы Паспалітай вартасцю ў 3 дукаты, якая выпускалася падчас паўстання 1794 года на Варшаўскім манетным двары.
У цяперашні час станіслаўдор выклікае цікавасць калекцыянераў і даследчыкаў як адна з нешматлікіх залатых манет, што абарачаліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і адна з апошніх манет Рэчы Паспалітай, на польскіх інтэрнет-аўкцыёнах яе кошт дасягае 31.000 злотых.
Гісторыя 24 сакавіка 1794 года ў Кракаве было абвешчана паўстанне супраць расійска-прускай акупацыі Рэчы Паспалітай, якое ўзначаліў генерал Тадэвуш Касцюшка. 25 красавіка таго ж года ён перадаў дзяржаўныя фінансы ў распараджэнне Вышэйшай народнай рады, а 3 мая адправіў ёй інструкцыю, дзе сярод іншага загадваў спыніць чаканку медных наміналаў і паўталера, працягнуць выпуск срэбраных чатырохграшовікаў, двуграшовікаў і грашовікаў, а таксама выбіць манеты буйнейшага наміналу невялікім накладам.
8 чэрвеня Рада выдала маніфест аб грашовай рэформе, заснаванай на прускай манетнай стапе. Паводле яго ўводзіліся новыя наміналы: залатыя паўстаніслаўдор і станіслаўдор. Назва абодвух манет была ўтворана па аналогіі з «луідор» і «аўгустдор» шляхам прыбаўлення да імя караля, ад імя якога яны чаканіліся, французскага прыметніка «d’or» (). У польскамоўных крыніцах згадваецца як «Stanislador», радзей — «Stanislasdor».
Паводле меркавання большасці даследчыкаў, станіслаўдор быў роўны патройнаму дукату, у сваю чаргу паўстаніслаўдор меў вартасць у 1.5 дуката. З іншага боку, на думку некаторых сучасных навукоўцаў, сапраўдны намінал станіслаўдора складаў 1.5 дуката, у той час як манета вартасцю ў 3 дукаты называлася «падвойным станіслаўдорам»БелЭн, т.15, С.146.
Для вырабу манеты выкарыстоўвалася ў тым ліку і колішняе кляштарнае і касцёльнае начынне, якое было перададзена Варшаўскаму манетнаму двару па загадзе Касцюшкі. У чэрвені 1794 года пачалася непасрэдная чаканка новых наміналаў, якая скончылася 9 студзеня 1795 года, калі спыніў працу манетны двор. Усяго за гэты перыяд было выпушчана 5256 асобнікаў станіслаўдораў і 8114 паўстаніслаўдораўJanusz Parchimowicz, Katalog monet polskich 1545–1586 i 1633–1864, wyd. 3 (uzupełnione i rozszerzone), Szczecin: Nefryt, 2015, s. 352, ISBN 978-83-87355-81-4..
Апісанне Паўстаніслаўдор быў 833-й пробы і меў у сваім складзе 5.123 грамы чыстага золата пры агульнай вазе манеты 6.1724 грамаў, дыаметр — 22.3 ммСтаніслаўдор // Археалогія і нумізматыка Беларусі, С. 585. На той час 1 паўстаніслаўдор адпавядаў 1.5 дукатам, 4.5 талерам, 13.5 васьміграшовікам, 27 злотым (срэбраным чатырохграшовікам), 81 медным дзесяціграшовікам ці 135 шасціграшовікам.
Станіслаўдор таксама быў 833-й пробы золата, важыў 12.3449 грамаў, дыяметр складаў 29 мм. У той час вартасць срэбнай манеты была стабілізавана, таму 1 станіслаўдор быў роўны 2 паўстаніслаўдорам, 3 дукатам, 9 талерам, 27 васьміграшовікам, 54 злотым (срэбраным чатырохграшовікам), 162 медным дзесяціграшовікам ці 270 шасціграшовікам.
На аверсе станіслаўдора быў выяўлены партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў профіль і кругавы надпіс «STANISLAUS AUG.D.G.REX POL.M.D.L.». На рэвэрсе — па цэнтры герб Рэчы Паспалітай, зверху княжая карона і год біцця, па баках кругавы надпіс «AUREUS POLONIA».
Зноскі
Літаратура .
Сінчук І. Станіслаўдор // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мн. : БелЭн, 1996–2004. – Т. 15 : Следавікі – Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – 2002. – 552 с.: іл. ISBN 985-11-0035-8.
Катэгорыя:Манеты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Манеты Польшчы Катэгорыя:З’явіліся ў 1794 годзе Катэгорыя:Залатыя манеты Катэгорыя:Паўстанне 1794 года Катэгорыя:1794 год у Еўропе Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Рэчы Паспалітай