Касцёл Узвышэння Святога Крыжа — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца на вул. Паркавая, 11-б.
Гісторыя
Касцёл пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа быў пабудаваны ў 1768 г. фундатарам Юзафам Гілзенам. У 30-я гады ХІХ ст. касцёл быў знішчаны падчас пажару.
У 1938 г. распачалася падрыхтоўка да будаўніцтва новага касцёла, але ў 1939 г., у сувязі з ваеннымі дзеяннямі, яго будаўніцтва не было завершана. У 1947 г. касцёл зачынілі, а пасля і цалкам зруйнавалі.
Новы касцёл пабудаваны ў 1988—2003 гг. з цэглы на месцы старога касцёла.
Архітэктура Твор сучаснай сакральнай архітэктуры постмадэрнізму. Вырашаны перакрыжаванымі прамавугольнымі ў плане аб’ёмамі нефа і трансепта; з тыльнага боку далучана прамавугольная апсіда з папярочнай нізкай сакрысціяй. Фасад завершаны двухгранным шчытом, па восі сіметрыі прарэзаны прамавугольным уваходным праёмам і паўкруглай люкарнай над ім, акаймаванымі агульнай рэльефнай аркай. Бакавыя фасады расчлянёны высокаўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі.
Інтэр’ер малітоўнай залы атрымаў суровую трактоўку ў стылі раманскага сярэднявечча: адкрытая цагляная муроўка пазбаўленых архітэктурнага дэкору сцен і адкрытая канструкцыя корабавага скляпення з драўлянымі фермамі. На плоскай алтарнай сцяне навешаны высокі крыж са скульптурай «Укрыжаванне». Уздоўж бакавых сцен навешаны гіпсавыя пано на сюжэты «Крыжовага шляху». Над уваходам антрэсоль хораў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Ахрэмаўцы Катэгорыя:Касцёлы Браслаўскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Віцебскай дыяцэзіі Катэгорыя:З’явіліся ў 2003 годзе Катэгорыя:2003 год у Беларусі