Касцёл Святога Яўхіма — колішні драўляны каталіцкі храм у вёсцы Клюшчанах Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіўся ў паўночна-заходняй частцы вёскі.
Гісторыя Касцёл пабудаваны ў 1726 годзе з дрэва па фундацыі Я. Корсака, капітальна перабудаваны ў 1905 годзе. У 1915–1916 гадах у храме служыў Казімір Сваяк.
Зачынены ў 1948 годзе, вернуты католікам i адбудаваны ў 1990 годзе, рэкансэкраваны 16 кастрычніка 1993 года. Па звестках 2017 года, парафія налічвала 148 чалавек.
У ноч на 6 чэрвеня 2017 года касцёл цалкам згарэўУ Астравецкім раёне згарэў касцёл XVIII стагоддзя, у якім служыў паэт Казімір Сваяк. — Наша ніва, 6 чэрвеня 2017. . Верагоднай прычынай пажара з’яўляецца няспраўнасць электычных сетак і абсталявання. На месцы касцёла плануецца будаўніцтва цаглянай капліцыНа адбудову касцёла ў Клюшчанах пачалі збіраць грошы. — Вечерний Гродно, 7 верасня 2017. .
Архітэктура Помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане храм з пяціграннай апсідай, па баках якой — нізкія сакрысціі. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам і фланкіраваны двух’яруснымі чацверыковымі вежамі, накрытымі высокімі шатрамі (надбудаваны ў 1905 годзе замест цэнтральнай васьміграннай званіцы) з франтончыкамі-вімпергамі ў аснаванні. Такая ж меншага памеру сігнатурка вянчае гранёны дах над алтарнай часткай. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі лучковымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Уваход арганізаваны праз невысокі прытвор пад пакатым двухсхільным пакрыццём. У афармленні фасадаў выкарыстана фігурная шалёўка.
Унутры малітоўная зала была падзелена чатырма слупамі на тры нефы, перакрытыя агульнай кесаніраванай бэлькамі столлю С. 181.
Вакол храма знаходзілася бутавая агароджа з мураванымі слуповымі брамамі.
Аляксандр Лакотка адносіў будынак да панёманскага тыпу драўлянага сакральна-манументальнага дойлідства, прадстаўнікамі якога таксама з’яўляюцца касцёлы ў Дудах, Кемелішках, ХоўхлавеЛакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі / А. І. Лакотка. — Мн.: Беларусь, 2003. 224 с.: іл. ISBN 985-010423-6 — С. 7.
Літаратура
Спасылкі Клюшчаны — парафія Св. Яўхіма — http://catholic.by/
Катэгорыя:Клюшчаны Катэгорыя:Касцёлы Астравецкага раёна Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:1726 год у Беларусі Катэгорыя:Колішнія касцёлы Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Зніклі ў 2017 годзе Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі