Касцёл Святой Елісаветы Венгерскай і Божай Міласэрнасці — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Падароск Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Размяшчаецца ў цэнтры паселішча.

Гісторыя Першае ўзгадванне аб Падароску датуецца 1522 годам. Менавіта ў гэтым годзе тут быў заснаваны касцёл. Фундатарамі святыні сталі шляхцічы Клочкі, тагачасныя ўладальнікі маёнтка. У сярэдзіне XVI стагоддзя пры касцёле дзейнічала альтарыя. На карце ВКЛ Макоўскага (каля 1600 года) Падароск пазначаны ўжо як мястэчка. У XVII стагоддзі парафія спыніла існаванне.

У XVIII стагоддзі ўладальнікамі Падароска сталі Грабоўскія. Павел Ян Грабоўскі або Жыгімонт Ксаверый Грабоўскі (не высветлена, хто з іх быў тады ўладальнікам Падароска) на месцы былой драўлянай узнёс мураваную уніяцкую царкву. Святыню асвяцілі пад тытулам св. Альжбеты Каралевы Венгерскай і Дзевы. У 1839 годзе храм быў забраны пад праваслаўную царкву. З канца ХIХ стагоддзя Падароск належаў роду Бохвіцаў, якія на паўднёва-ўсходней ускраіне сядзібнага комплексу пабудавалі капліцу-пахавальню.

У 1925 годзе храм быў вернуты католікам і асвечаны пад гістарычным тытулам св. Альжбеты. У 1938—1939 гадах касцёл быў значна рэканструяваны: галоўны фасад быў разабраны, малітоўная зала падоўжана на 5 м, галоўны ўваход пазначаны магутнай чацверыковай (5×6 м) вежай-званіцай, да апсіды дабудаваны дзве прамавугольныя ў плане сакрыстыі, адна з якіх была накрыта неабарокавым шлемам (не захаваўся).

Касцёл дзейнічаў да 1947 года. Калі пробашч кс. Міхал Шамковіч быў арыштаваны, касцёл зачынілі і прыстасавалі пад сховішча. У 1959 годзе савецкія ўлады знялі падароскую парафію з рэгістрацыі. У канцы 1980-х гадоў, калі ўлады вырашылі вярнуць будынак былой святыні вернікам, на права атрымаць будынак падалі заяўкі і католікі, і праваслаўныя. У выніку старажытны храм стаў праваслаўнай царквой.

Катталіцкая грамада ў 1991 годзе атрымала пад святыню былое сховішча хімікатаў (да вайны тут размяшчаўся клуб пажарнікаў). У 1993 годзе будынак быў прыстасаваны пад касцёл, які быў асвечаны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам пад гістарычным тытулам св. Альжбеты і Міласэрнасці БожайПадароск.

Архітэктура Прамавугольны ў плане аб’ём пад двухсхільным дахам, завершаным над алтарнай часткай шатровай сігнатуркай. Да тарцовага фасада далучана двух’ярусная чатырохгранная шатровая званіца. Плоскасныя фасады пазбаўлены архітэктурных абломаў, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю. У алтары змешчаны абраз Міласэрнасці Божай, левая бакавая алтарная кампазіцыя тытульная, прысвечана св. Альжбеце, правая — Маці Божай Вастрабрамскай. Над уваходам зроблены хоры.

Літаратура Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін.

Спасылкі Падароск — парафія Св. Елісаветы Венгерскай i Божай Міласэрнасці — http://catholic.by/

Катэгорыя:Падароск Катэгорыя:Касцёлы Ваўкавыскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі