Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — мураваны каталіцкі храм у горадзе Чэрыкаве Магілёўскай вобласці, помнік архітэктуры неараманскага стылю. Узведзены на месцы былога кармеліцкага драўлянага касцёла, за савецкім часам перароблены ў дом культуры. У цяперашні час вернуты каталіцкай царкве, аднаўляецца.

Гісторыя Упершыню парафія згадваецца ў 1669 годзе ў сінодзе Казіміра Сапегі, на той час адносілася да Аршанскага дэканата Віленскага біскупства. У 1790—1832 гадах у горадзе існаваў кармеліцкі кляштар. На ахвяраванні ксяндза Маладковіча і парафіян у 1792 годзе быў збудаваны новы драўляны касцёл. З 1840 года над парафіяй узялі апеку дыяцэзіяльныя святары. Па звестках 1849 года, каталіцкі прыход адносіўся да Чавускага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі, дзейнічалі капліцы ў Горах і Гарадцы.

У 1862—1869 гадах на ахвяраванні ксяндза Паўла Падгурскага, Агаты Міхайлаўны і Сымона Андрэевіча Цюлюпаў быў узведзены новы мураваны касцёл у Чэрыкаве. Галоўны алтар быў кансэкраваны магілёўскім біскупам-вікарыем Альбінам Сымонам 23 ліпеня 1864 года.

Храм стаў цэнтрам парафіі (налічвала ў 1880 годзе 500 вернікаў) і Чэрыка-Чавускага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі. Дэканат размяшчаўся на тэрыторыях Чавускага і Чэрыкаўскага павета і аб’ядноўваў 4943 прыхаджан, 5 капліц і 6 парафій: Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Чэрыкаве, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вародзькаве, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Крычаве, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Івандары, Святога Казіміра ў Расне і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Радамлі, С.580.

У 1881—1882 гадах касцёл рамантаваўся. На пачатку XX стагоддзя парафіян было няшмат, і ў асноўным яны складаліся з мясцовай шляхтыŻyskar F. J.. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 1: Archidjecezja mohylowska. Z. 6: Dekanat klimowicko-mścisławski. Dekanat czerykowo-czausowski. С.93—94

За савецкім часам будынак быў адабраны ў католікаў і ў 1950 годзе перабудаваны ў дом культуры, пазней выкарыстоўваўся як кінатэатр. У 2019 годзе будынак быў вернуты адноўленай каталіцкай грамадзе і 11 жніўня таго ж года ў ім адбылася першая за доўгі час імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі. Душпастырам прызначаны ксёндз Павел Адамовіч.

Архітэктура Размешчаны ў цэнтры горада, на вуліцы Ленінскай, 192. Помнік архітэктуры неараманскага стылю, неаготыкі, таксама позняга класіцызму. Вырашаны працяглым прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам, з тыльнага боку далучана пяцігранная апсіда. Бакавыя фасады расчлянёны лапаткамі, крапаваны рустам, апяразаны гарадковым фрызам, С.369.

Арыгінальны выгляд будынка ўключаў дзве вежы з двума дубовымі крыжамі, абабітымі белай бляхай, пад імі — латунныя шары, памаляваныя алейнай фарбай. На сярэдзіне франтона знаходзіўся чыгунны крыж вагой 12 пудоў. Бабінец быў аддзелены ад асноўнага аб’ёма каменнай сцяною з 4 дзвярыма. Прэзбітэрый аддзяляўся кратамі. Даўжыня пабудовы складала 12, шырыня — 7, вышыня — 10 сажаней.

У касцёле мелася тры алтары. Галоўны алтар, камень з мошчамі святых, змяшчаў уверсе трон з выявай Святой Тройцы і Збаўцы ў цярновым вянку. Па баках трона змяшчаліся 8 калонак. Над тронам і галоўным алтаром была ўладкавана драўляная капліца з копіяй абраза Бялыніцкай Божай Маці. Над алтаром — абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі, напісаны на палатне ў драўлянай пазалочанай раме.

Другі алтар — драўляны з левага боку, разны, з упрыгожаннямі і пазалотай, меў камень са святымі мошчамі, абраз Святога Іосіфа, над ім абраз Святога Казіміра на палатне. З правага боку знаходзіўся трэці алтар, такі ж, як і правы, з абразом Святога Антонія на палатне.

Усяго быў 21 абраз у храме. На вежы віселі 3 званы, вагой адпаведна 8 пудоў 9 фунтаў, 4 пуды 36 фунтаў і 2 пуды.

Пробашчы Раймунд Комбар, Афанасій Амбражэвіч, Іпаліт Кантэйка, Дам’ян Баневіч, Філіп Вітарт (у перыяд 1812—1840). Людвіг Багдановіч (1848—1849). Францішак Вечаркоўскі, Марцін Голка (1851—1852). Казімір Пятроўскі (душпастыр, 1870—1880). Матусевіч Адольф Сянкевіч Павел Падгурскі 1896—1899 — Хрызагон Цярэнцевіч Пржамоцкі (Пржэмоцкі) 1896—1909 — Антоні Казлоўскі 1910—1911 — Яўген Святаполк-Мірскі 1910-я — Антоні Калянкевіч 1922—1928 — Станіслаў Антонавіч Ярашэвіч 1928—1929 — Юзаф Станіслававіч Лук’янін душпастыр, з 2019 — Павел Адамовіч

Літаратура

Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Катэгорыя:Храмы Чэрыкаўскага раёна Катэгорыя:1869 год у Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неараманскім стылі Катэгорыя:Славутасці Чэрыкава Катэгорыя:Касцёлы Магілёўскай вобласці