Царква Сімяона-Стоўпніка — колішні драўляны праваслаўны храм у горадзе Слуцку Мінскай вобласці.

Гісторыя Дакладны час з’яўлення першай вядомай Сімяона-Стоўпнікавай царквы невядомы. У завяшчанні Рэгіны Гарватавай ад 1748 года прыводзіцца пералік слуцкіх цэркваў, у якім згадваецца і Сімяонаўская. На яе ўтрыманне ў адпаведнасці з завяшчаннем вылучалася 40 злотых. Гэта адна з ранейшых дакладных дат, якія адносяцца да Сімяонаўскай царквы.

Стаяла царква ў Новым горадзе непадалёк ад Навамейскай брамы на вуліцы Іванаўскай, побач з царквой Іаана Хрысціцеля.

На працягу другой паловы XVIII стагоддзя колькасць насельніцтва Слуцка змяншалася. У 1799 годзе з горада Сімяонаўскую царкву перавезлі ў сяло Баславічы, дзе ў 1794 годзе ад пажару пацярпела мясцовая царква.

На новым месцы ў 1865 годзе адбыўся рамонт храма, у вугле царкоўнага пляца ўзведзена новая драўляная двух’ярусная шатровая званіца, на якой мелася пяць званоў.

У 1912 годзе на змену драўлянай царкве пачалося будаўніцтва мураванага храма, якое ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны, а потым рэвалюцыйнымі падзеямі, не было завершана.

У пачатку 1930-х гадоў прыход у Баславічах быў скасаваны. Недабудаваны мураваны храм стаў выкарыстоўвацца як складское памяшканне, а старая драўляная царква, у якой да гэтага часу працягваліся набажэнствы, была разабрана.

Літаратура Памяць. Слуцкі раён, Слуцк. Кн.1, Мн. 2000.

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Слуцка Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Мінскай вобласці Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Барок (Слуцкі раён) Катэгорыя:Зніклі ў 1930-я гады