Кароткі агляд
XVI—XVIII стагоддзі характарызуюцца пераходам ад Сярэднявечча да Новага часу. Цягам гэтых стагоддзяў адбываецца найбуйнейшы рух ідэй, войскаў, насельніцтва па ўсёй Еўропе, па сутнасці Еўропа пачынае жыць глабальным, агульнаеўрапейскім жыццём. Адбываюцца вялікія войны, у якія ўцягнуты кансорцыумы краін. Насельніцтва гарадоў пачынае дамінаваць над вясковым, ствараецца своеасаблівая гарадская культура, якая настойліва і актыўна падтрымлівае існаванне набожнасці і «упэўненай веры». З’яўляецца кнігадрукаванне, што паскарае абмен ідэямі і цыркуляцыю іх у агульнаеўрапейскім асяроддзі. Шырыцца і развіваецца адукацыя. У пошуках ведаў насельніцтва дасягае высокай ступені мабільнасці. Шырацца адукацыйныя візіты.
Такі парадак спраў яшчэ больш павялічвае цыркуляцыю ідэй, тэхналогій, звычаяў і моды. Вялікая запатрабаванасць у адукацыі інстытуцыяналізуе адукацыйныя ўстановы. Гэта дае падставы для з’яўлення глабальных адукацыйных кансорцыумаў накшталт езуіцкіх калегіумаў, ці разнастайных ордэнаў, у тым ліку праваслаўных, ці пратэстанцкіх адукацыйных кааперацый. Цяпер палеміка можа адбывацца не толькі ў прасторы царкоўнай кафедры ці поля бітвы, але і ў прасторы падручнікаў, адукацыйных праграм, палемічнай літаратуры, у тым ліку перыёдыкі.
Беларускі кантэкст
Тэрыторыя Беларусі не стала выключэннем з гэтага агульнаеўрапейскага кантэксту. Падтрымліваючы найбольшыя сувязі з Паўночнай Італіяй і Чэхіяй, тэрыторыя Беларусі стала кропкай пранікнення ідэй рэнесансу і пратэстантызму (паўночнага рэнесансу). Апроч гэтага, цягам XVI стагоддзя адбываўся ўстойлівы эканамічны пад’ём, які быў звязаны з адкрыццём Амерыканскіх калоній, што вяло да ўкідкі вялікай колькасці золата на кантынент. У той жа час, цягам трох стагоддзяў насельніцтва Еўропы павялічылася з 80 мільёнаў чалавек да 190 мільёнаў. Тэрыторыя Беларусі, як частка Рэчы Паспалітай — аграрнай краіны, далучылася да гэтага пад’ёму праз экспарт харчоў і дрэва на заходнееўрапейскі рынак, які патрабаваў рэсурсаў як праз павелічэнне насельніцтва, так і праз пашырэнне суднабудавання.
Цягам XVI ст. Рэч Паспалітая стала самым вялікім экспарцёрам сыравіны ў ЕўропеOlszewski, K. The Rise and Decline of the Polish-Lithuanian Commonwealth due to Grain Trade . Пасля вяртання кантроля над Гданьскам і падначалення крыжакоў Рэч Паспалітая, як найбуйнейшая краіна Еўропы, становіцца галоўным экспарцёрам дрэва і харчоў на кантынент. Такія краіны, як Нідэрланды ці Англія, робяцца цалкам залежнымі ад імпарту. Узрослае насельніцтва Еўропы патрабавала харчоў, а пладародныя землі Рэчы Паспалітай маглі ў вялікай ступені задаволіць гэты попыт.
Гэтыя прычыны абумовілі найвялікшы эканамічны пад’ём Рэчы Паспалітай пад канец XVI ст. Пачынаючы з гэтага часу, у Рэч Паспалітую паступаюць велізарныя рэсурсы. У той жа час гэтыя рэсурсы не ўкладаліся ў развіццё гандлю. Зніжэнне колькасці насельніцтва пасля перыяду войнаў сярэдзіны XVII ст., а таксама эканамічнае развіццё амерыканскіх калоній, Швецыі і Расіі зводзяць гандаль Рэчы Паспалітай да нуля. З буйной гандлёвай краіны Рэч Паспалітая XVIII ст. ператварылася ў аграрны феадальны куток Еўропы, дзе жыхары жылі натуральнай гаспадаркай.
Кропкі канфесійнай напружанасці
Узаемаадносіны паміж рознымі канфесіямі на беларускіх землях у XVI—XVIII стагоддзях характарызаваліся вялікай ступенню канкурэнцыі.
Хрысціянска-іўдзейская канфрантацыя
Яшчэ ў XIV стагоддзі князем Вітаўтам былі выдадзены два прывілеі, якія рэгламентавалі жыццё іўдзейскай супольнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама вызвалялі ад падаткаў іўдзейскія могілкі і сінагогіШуман, А. Ашкеназскія габрэі як адзін з карэнных народаў Беларусі . У ХIII ст. іўдзеі былі выгнаны з Францыі і Германіі, таму талерантныя законы Вялікага Княства Літоўскага не маглі не прывабіць гэты гандлёвы народ. Такім крокам князь Вітаўт не толькі прывабіў сюды новую этнічную супольнасць (варта сказаць, што іўдзеі былі не адны: Вітаўт не грэбаваў ні чаркесамі, ні армянамі, ні татарамі), але і значна пашырыў гандлёвае саслоўе.
XVI стагоддзе прынесла высокія заваёвы талеранцыі. Талеранцыя стала адным з галоўных элементаў рэлігійнай палітыкі ВКЛ. Менавіта рэлігійная талеранцыя разглядалася ў якасці асновы грамадскага ладу ВКЛ, а замахі на талеранцыю інтэрпрэтаваліся як замахі на дзяржаўны лад. Талеранцыя стала асноўным канструктам культуры, транслявалася ў кніжках, казаннях святароў, была асабовай і дзяржаўнай каштоўнасцю. Зыходзячы з неабходнасці захоўваць канфесійную цярпімасць у дзяржаве, прынцыпы талеранцыі леглі ў аснову статутаў Вялікага Княства Літоўскага, дзе апроч усяго іншага іўдзеям гарантаваліся прывілеі, роўныя шляхце, пры ўмове хрышчэння: «естли бы который жид або жидовка до веры християнское приступили, тогды кождая такая особа и потомство их за шляхтича почитаны быти мають» (Статут 1588, артыкул 7).
У той жа час, эканамічны ўздым XVI стагоддзя прывёў да значнага росту феадальнай гаспадаркі. Пераарыентаваўшыся на павелічэнне багацця праз эканамічную дзейнасць, магнаты Вялікага Княства пачалі актыўна выкарыстоўваць іўдзейскі рэсурс. Апроч заахвочвання іўдзеяў да ўдзелу ў сваіх эканамічных манаполіях, такіх як продаж алкаголю і карчмарства, магнаты давалі ў арэнду іўдзеям свае маёнткі. Іўдзеі маглі займацца ліхвярствам, а таму лёгка пазычалі і прымалі грошы, што ўзбагачала абодва бакі. Апроч магнатаў, самі хрысціянскія цэрквы не грэбавалі даваць у арэнду іўдзеям царкоўныя землі, здаваць ім царкоўную маёмасць, пазычаць і крэдытаваць іўдзеяў.
Такі стан рэчаў не мог не адбіцца на стаўленні хрысціянскіх канкурэнтаў да такой экстэнсіўнай сеткі эканамічнай кааперацыі магнатаў, царквы і іўдзеяў. Значна ўзбуйнеўшае насельніцтва гарадоў, пагатоў якое карысталася магдэбургскім правам, было незадаволена такой палітыкай стасоўна іўдзеяў.
Па-першае, гарады, якія карысталіся самакіраваннем, знаходзіліся ў канкурэнцыі як з магнатамі, так і з іўдзеямі. Па-другое, што яшчэ больш істотна, гарадскія эліты былі ўключаны ў працэс падначалення царквы гарадской рэлігійнай супольнасці з аднаго боку, і выбудовы новай культуры з другога. Іншымі словамі, гарадская хрысціянская супольнасць знаходзілася як у эканамічнай, так і ў духоўнай канкурэнцыі з тымі, хто спансаваў і ачольваў іўдзеяў. Негатыўнае стаўленне да іўдзеяў выявілася ў сегрэгацыі гарадской супольнасці і яе рэлігійных поглядаў ад іўдзеяў, і ўсімі тымі культурнымі кодамі, якія выяўлялі іх заступнікі.
Пад канец XVI ст. рэлігійныя супярэчнасці ўзраслі. Часта іўдзеі абвінавачваліся з боку гарадской супольнасці ў рытуальным выкарыстанні хрысціянскай крыві, а таксама ў рытуальных забойствах хрысціянскіх дзяцей. Апроч гэтага, іўдзеі стала пачалі асацыявацца з рэлігійнай пагрозай для праваслаўных. Так, яшчэ ў 1539 годзе Львоўскае брацтва выдае антыіўдзейскі памфлет Мілеція Пігаса. Прычым на стаўленне да іўдзеяў з боку праваслаўных святароў актыўна ўплывала гарадская грамада. У часы, калі праваслаўная іерархія была знішчана, а гарадскія эліты адказвалі як за падрыхтоўку праваслаўных святароў, так і за іх эканамічнае забеспячэнне, мяшчанскі погляд на іўдзеяў цалкам зліўся са святарскім поглядам.
Не лішне згадаць, што кааперацыя шляхты з іўдзеямі не абмяжоўвалася эканамічным супрацоўніцтвам. Масавае захапленне містычнымі вучэннямі і магіяй у XVIII ст. выявілася і ў абвінавачваннях да шляхты, што тая спавядае іўдаізм, ладзіць іўдзейскія рэлігійныя практыкі. Адметным з’яўляецца абвінавачванне ў іўдзействе Марціна Радзівіла, што наклалася на спраўджаныя чуткі пра вялікі гарэм князя і містычныя практыкаванні ў яго замку. Абвінавачванне ў іўдзействе стала наследуемым абвінавачваннем, якое наступнічала маральнай дэградацыі і распуснаму ладу жыцця.
Ужо ў XVII стагоддзі пры казацкіх паўстаннях зрабілася відавочнай уся трагічнасць канфесійнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай. Вайна казакаў з афіцыйным кіраўніцтвам дзяржавы заяўлялася як рэлігійная, але толькі ў той ступені, што яна вядзецца дзеля абароны праваслаўя ад каталіцкага прыгнёту і ад уніяцкага заахвочвання. У той жа час, цягам XVII стагоддзя аніводная рэлігійная група не пацярпела так, як цярпелі іўдзеі. Менавіта іўдзеі цягам гэтага канфлікту вынішчаліся цалкам, а іх майном казакі расплачваліся са сваімі татарскімі саюзнікамі.
Казакі, як абаронцы хрысціянства (у першую чаргу ад мусульманаў Крымскага паўвострава і Турцыі), пераарыентаваўшыся на вайну з афіцыйнай уладай Рэчы Паспалітай, пачалі выбудоўваць канфесійную ідэнтычнасць на тых, каго гэтая іерархія падтрымлівала. Так падсумоўвае іўдзейскія крыўды праваслаўны летапіс: «В городах зась от жидов тая била кривда, же неволно козакові в дому своем жадного напитку на потребу свою держати, не тилко меду, горілки, пива але і браги. А то леда шевлюга, леда жид богатится, по килка цутов коней справляет, вимишлаючи чинши великие, воловщини, дуди, осип, мірочки, сухіе, з жорнов плату інное, отнимае фолварков» (Летапіс Самавідца).
Тая ж тэндэнцыя працягнулася і пазней. Падчас Руска-Польскай вайны іўдзеямі адкупляліся ад рускіх войскаў, і тыя забівалі іх з вялікай ахвотай. Так апісваюцца дзеянні маскоўскіх войскаў у дачыненні да іўдзеяў пасля захопу Смаленска: «Бязлітасным быў да габраяў. На загад цара ўсіх іх сабралі разам і запатрабавалі хрысціцца. Тых, хто прыняў праваслаўе, пакінулі жыць, астатніх жа пасадзілі ў драўляныя дамы і спалілі». У той жа час, менавіта тады іўдзейскія збройныя атрады пачынаюць заахвочвацца для абароны гарадоў, што яшчэ больш адбіваецца на стаўленні да іх з боку заваёўнікаў.
Ужо пад канец XVII — на пачатку XVIII ст. каталіцкая царква Рэчы Паспалітай пачынае карэктаваць свой курс. Калі раней яна была ў апазіцыі да прыцяснення іўдзеяў, забараняла абвінавачваць іх у чараўніцтве і выкарыстанні хрысціянскай крыві, то з канца XVII ст. усё часцей пачынае быць ублытана ў ганебныя працэсы над іўдзеямі. Так, напрыклад, вядомы эпізод з біскупам Сандаміра Стэфанам Жукоўскім, які наўпрост удзельнічаў у падбухторванні ўчыніць суд над іўдзеямі. «У 1698, калі знайшлі цела дзяўчынкі ў царкве, то муніцыпальны суд Сандаміра вырашыў, што смерць наступіла натуральным чынам. Маці, якая сказала, што паклала цела ў царкве, бо не магла сабе дазволіць пахаванне, была вырачана да трох дзён у турме. Аднак у інстанцыі кракаўскага біскупа прычына была перазацверджана, і маці абвінаваціла іўдзея пад імем Берэк і яго жонку ў катаваннях, па-першае, у заборы крыві з цела, і затым у самім забойстве яе дачкі па-другое» (пераклад з англійскай). Той жа святар выдаў надзвычай уплывовыя кнігі, якія не проста заахвочвалі да прыцяснення іўдзеяў, але і непасрэдна заклікалі да іх культурнай і сацыяльнай ізаляцыі.
«Станіслаў Панятоўскі, будучы Кароль Станіслаў II, у размове з іўдзеем у Амстэрдаме недзе ў 1753 выразіў сваю незадаволенасць на дзеянні біскупа Кіева, Каетана Солтыка, які кінуў на смерць 11 іўдзеяў. І 11 іўдзеяў былі сапраўды закатаваны ў Жытоміры ў траўні 1753» (пераклад з англійскай). Больш таго, менавіта ў прамежку паміж пачаткам XVII і сярэдзінай XVIII колькасць абвінавачванняў іўдзеяў значна павялічылася.
XVII-XVIII стст. сталі перыядам актыўных захадаў па ахрышчэнню іўдзеяў як з боку праваслаўя, так і з боку каталіцтва. Так, пад час Руска-Польскай вайны пасля ўзяцца Смаленска ўсіх іўдзеяў, якія прынялі праваслаўе, адагналі ў Маскву, а тых, хто адмовіўся, вынішчылі. Пад час казацкіх паўстанняў рабін Гановер сведчыць пра сотні выпадкаў ахрышчэння іўдзеяў. Згадваецца пра «сотні людзей, якія пад прымусам перайшлі ў хрысціянства, апроч жанчын, з якімі ажаніліся казакі» (пераклад з украінскай).