Sony PlayStation () — гульнявая прыстаўка, распрацаваная кампаніяй Sony Computer Entertainment (ці проста Sony) пад кіраўніцтвам Кэна Кутарагі і ўпершыню выпушчаная ў сярэдзіне 1990-х. PlayStation — 32-разрадная сістэма, якая стала першай у серыі, якая здабыла вялікую папулярнасць па ўсім свеце. Выпуск PlayStation у Японіі адбыўся 3 снежня 1994 г., у ЗША прыстаўка з’явілася 9 верасня 1995 г., а ў Еўропе — 29 верасня 1995 г. Прыстаўка апынулася вельмі папулярнай, забяспечыла Sony прарыў у гульнявой індустрыі, дзе да таго моманту непадзельна панавалі Nintendo і Sega. На сённяшні дзень у свеце прададзена больш за 100 млн камплектаў PlayStation.
Гісторыя
Першыя канцэптуальныя ідэі, датычныя PlayStation, датуюцца 1986 годам. Nintendo рабіла спробы ўжывання дыскаў, пачынаючы з NES (Famicom Disk System), але з носьбітам былі праблемы. Запісы, зробленыя на магнітнай кружэлцы, лёгка сціраліся, акрамя таго, узнікала небяспека пірацкага капіравання. Таму калі з’явілася спецыфікацыя CDROM/XA (пашырэнне стандарту CD-ROM, якое дазваляе запісваць на дыск як сціснуты гук, так і адвольныя бінарныя даныя), Nintendo зацікавілася ім. CDROM/XA распрацоўваўся Sony і Philips. Nintendo звярнулася да Sony з мэтай распрацоўкі дадатку, які меў папярэднюю назву «SNES-CD». Быў складзены кантракт, і праца пачалася. Выбар Sony ў якасці партнёра быў зроблены з-за папярэдніх угод: Кэн Кутарагі, чалавек, якога пазней будуць зваць «бацькам PlayStation», быў тым, хто ў свой час пераканаў Nintendo выкарыстаць працэсар Sony SPC700 у якасці гукавага сінтэзатара для SNES, зрабіўшы ўражлівую дэманстрацыю мажлівасцей чыпа.
Sony таксама планавала распрацаваць сваю гульнявую кансоль, сумяшчальную з Nintendo, такую, якая магла б прайграваць гульні як з картрыджаў Super Nintendo, так і з кампакт-дыскаў фармату, які будзе распрацаваны ў Sony. Гэтым фарматам павінен быў стаць фармат, ужыты для дыскаў SNES-CD, што дало б Sony некаторую долю кантролю над рынкам відэагульняў, нягледзячы на пераважную пазіцыю Nintendo.
У 1989 годзе SNES-CD павінен быў дэманстравацца на выставе Consumer Electronics Show (CES). Аднак калі Хіросі Ямауці прачытаў кантракт 1988 года паміж Sony і Nintendo, ён зразумеў, што дамова дае Sony поўны кантроль над любымі прадуктамі, якія выходзяць у фармаце SNESCD-ROM. Ямауці быў узвар’яваны: лічачы кантракт цалкам непрымальным, ён употай ад партнёраў адмяніў усе планы па выпуску сумеснага прадукту. У дзень адкрыцця CES, у 9 гадзін раніцы, замест анонсу супрацоўніцтва з Sony, дырэктар Nintendo Говард Лінкальн (Howard Lincoln) выйшаў на трыбуну і паведаміў аб тым, што яго кампанія пачынае супрацоўніцтва з Philips і выкідвае ўсе напрацоўкі, зробленыя сумесна з Sony. Перад гэтым Лінкальн і Мінору Аракава ўпотай ад Sony наведалі штаб-кватэру Philips у Еўропе і сфармавалі альянс на цалкам іншых умовах, які даваў Nintendo поўны кантроль над усімі ліцэнзіямі.
Ранішні анонс на CES стаў шокам не толькі для арганізатараў выставы (напярэдадні ўвечар Sony аптымістычна прадстаўляла праект пад назвай «Play Station»), але і для шматлікіх прадстаўнікоў японскай бізнес-супольнасці. Яны прынялі адмову як цяжкую здраду: адна японская кампанія зневажае іншую японскую кампанію на карысць еўрапейскай кампаніі — для японскіх бізнесоўцаў гэта выглядала неймаверна.
Пасля развалу альянса Sony вырашыла спыніць распрацоўку, але ў канчатковым выніку кампанія прыняла рашэнне выкарыстаць тое, што было напрацавана на дадзены момант, і стварыць завершаную, цалкам незалежную кансоль. Гэта прывяло да таго, што Nintendo падала ў суд на Sony за парушэнне кантракту і паспрабавала праз Федэральны суд ЗША атрымаць судовую забарону на выпуск прыстаўкі, на той падставе, што Nintendo мае правы на яе назву. Федэральны суддзя, які разбіраў справу, пастанавіў накласці на новую кансоль судовы арышт. Тым самым у кастрычніку 1991 гады быў спынены выхад у свет першай інкарнацыі Sony PlayStation.
Да канца 1992 году Sony і Nintendo дашлі да дамовы, па якой «Sony Play Station» атрымлівала магчымасць па-ранейшаму прайграваць партаваныя гульні ад SNES, але Nintendo станавілася ўладальнікам праў і атрымлівала частку прыбытку ад гульняў, а SNES па-ранейшаму выкарыстоўвала гукавы чып ад Sony. Тым не менш, на той момант у Sony ўжо зразумелі, што тэхналогія SNES неўзабаве сыдзе ў мінулае і з’яўленне наступнага пакалення кансоляў ужо не за гарамі. У пачатку 1993 года Sony пачала працу па дапрацоўцы канцэпта «Play Station» да наступнага пакалення апаратнага і праграмнага забеспячэння; падчас гэтага працэсу порт картрыджа SNES быў выкінуты, прабел паміж словамі імя выдалены — падыходзіў час нараджэння PlayStation.
Запуск PlayStation была выпушчана ў продаж у Японіі 3 снежня 1994 года, у ЗША 9 верасня 1995 года, 29 верасня 1995 года ў Еўропе і, нарэшце, у лістападзе 1995 года ў Азіі. Пачатак продажаў у Амерыцы быў вельмі паспяховым, ужо былі гатовыя гульні практычна ўсіх жанраў, уключаючы гульні Battle Arena Toshinden, Twisted Metal, Warhawk, Philosoma, Wipeout і Ridge Racer. Шматлікія з гульняў, прапанаваных да пачатку продажаў і распрацаваных Sony і Namco, атрымалі працяг.
Пачатковы кошт на амерыканскім рынку — 299$. Праз некалькі гадоў з таго ж кошту пачаліся продажы PlayStation 2.
Уплыў Многія лічаць, што поспех PlayStation аказаў значны ўплыў на заняпад гульнявых кансоляў на картрыджах. Хоць PlayStation не была першай прыстаўкай, якая ўжывала фармат аптычнага дыска, але яна стала першай паспяхова прадаванай кансоллю з дыскам, і гэтая паспяховая гісторыя завяршылася цвёрдай канкурэнцыяй з ёй кансолі на картрыджах — Nintendo 64.
Nintendo скептычна выказвалася з нагоды выкарыстанні CD і DVD, звяртаючы ўвагу на доўгі час загрузкі і праблемы з надзейнасцю. Аднак ёсць распаўсюджанае меркаванне, што пад гэтым скепсісам кампанія хавала турботу аб пірацтве, сваіх ліцэнзійных правах і прыбытку, атрыманым з гульняў.
Тым не менш, нарастаючая складанасць гульняў, іх аб’ём графікі і гуку падвялі картрыджы да максімальнага аб’ёму. Акрамя таго, для выдаўцоў было важна, што сабекошт вытворчасці гульняў на кампакт-дысках мог быць паніжаны пры большай гнуткасці (даволі лёгка ўнесці змены для задавальнення зменлівых патрабаванняў), дзякуючы чаму паўстала магчымасць знізіць спажывецкі кошт на кансоль. Іронія становішча была ў тым, што, хоць недахопам кампакт-дыскаў з’яўляецца пірацтва (з-за нізкага кошту носьбіта і распаўсюджанасці пішучых CD-прывадаў і мод-чыпаў), гэты недахоп стаў адной з прычын высокіх продажаў PlayStation.
Вытворчы перыяд Вытворчасць кансолі працягвалася 11 гадоў, і гэта стала адным з самых доўгіх перыядаў вытворчасці ў індустрыі відэагульняў.
Гульні Гл. поўны Спіс гульняў Sony Playstation.
Найбольш вядомыя гульні для Sony PlayStation:
Ace Combat Castlevania: Symphony of the Night Chrono Cross Crash Bandicoot, Crash Bandicoot 2, Crash Bandicoot 3 Dance Dance Revolution Driver, Driver 2 Final Fantasy VII, Final Fantasy VIII, Final Fantasy IX Gran Turismo, Gran Turismo 2 Grand Theft Auto, Grand Theft Auto 2 Medal of Honor, Medal of Honor: Underground Metal Gear Solid Resident Evil, Resident Evil 2, Resident Evil 3 Ridge Racer Silent Hill Spyro the Dragon, Spyro 2, Spyro 3 Syphon Filter Tekken, Tekken 2, Tekken 3 Tomb Raider, Tomb Raider 2, Tomb Raider III, Tomb Raider: The Last Revelation, Tomb Raider: Chronicles Tony Hawks Pro Skater, Tony Hawks Pro Skater 2, Tony Hawks Pro Skater 3, Tony Hawks Pro Skater 4 Wipeout Urban Chaos Blood Omen: Legacy of Kain
На верасень 2006 года ва ўсім свеце было выпушчана 7902 найменні гульняў і іншага праграмнага забеспячэння для PlayStation агульнай колькасцю 961 мільён штук. Акрамя гульняў, PlayStation таксама здольная прайграваць музыку на Audio CD, фільмы на Video CD у фармаце MPEG-1.
Варыянты На працягу перыяду вытворчасці PlayStation мела некалькі варыянтаў, кожны з якіх меў уласны нумар вырабу. Звонку гэта выглядала ў асноўным як паступовае памяншэнне ліку вонкавых раз’ёмаў прылады. Гэты працэс пачаўся даволі рана — арыгінальная японская версія (SCPH-1000) мела порт S-Video, які быў прыбраны ўжо ў наступнай рэдакцыі. Гэта таксама прывяло да дзіўнай сітуацыі, калі амерыканская і еўрапейская версіі з тым жа нумарам (SCPH-100x), што і японская версія, мелі апаратныя адрозненні (чып рэвізіі C і порт S-Video) — яны былі аналагічныя японскай мадэлі SCPH-3000.
З выпускам наступнай серыі (SCPH-500x) нумары былі ізноў сінхранізаваны. Быў зроблены шэраг змен у начынні прылады (перасунуты CD-прывад, спрошчанае экранаванне, спрошчаная разводка блока сілкавання), раз’ёмы RCA і RFU прыбраныя з задняй панэлі. Гэтая серыя таксама ўключае мадэлі SCPH-550x і SCPH-555x, але іх з’яўленне звязана хутчэй са зменай камплектацыі, чым з новымі апаратнымі рэдакцыямі.
Потым рушылі ўслед серыі SCPH-700x і SCHP-750x, знешне яны не адрозніваюцца ад сістэм SCPH-500x, але маюць унутраныя адрозненні, зробленыя для патаннення вытворчасці прылады (напрыклад, сістэмнае АЗП сабрана з 4-х чыпаў у адзін, CD-кантролер сабраны ў адзін чып з трох).
Апошняй рэвізіяй арыгінальнай PlayStation стала серыя SCPH-900x — яна змяшчала тую жа апаратную частку, што і серыя SCPH-750x, за выключэннем таго, што быў выдалены паралельны порт і крыху паменшаны памер друкаванай платы. Выдаленне паралельнага парта было зроблена таму, што для яго не было створана ні аднаго афіцыйнага дадатку, а таксама з-за таго, што порт выкарыстоўваўся для абыходу абароны ад капіравання.
PSone
PSone (таксама PSOne, PS one і PS1), выпушчаная ў 2000 годзе, — больш кампактная і крыху перапрацаваная версія гульнявой прыстаўкі PlayStation. PSone прыкладна на траціну меншая за арыгінальную кансоль (38×193×144 мм супраць 45×260×185 мм). Яна была выпушчана 7 ліпеня 2000 года, і да канца года яе продажы пераўзыходзілі продажы ўсіх іншых кансоляў, уключаючы нават цалкам новую PlayStation 2. Sony таксама выпусціла невялікі ВК-экран і адаптар для далучэння прылады да аўтамабільнага прыпальвальніка, а таксама адмысловы адаптар для далучэння мабільнага тэлефона для запампоўкі з інтэрнэту праграмнага забеспячэння і абмену данымі з іншымі карыстальнікамі PSone. Нажаль, гэтая спецыфікацыя (з мабільным тэлефонам) не пайшла ў глабальную вытворчасць ва ўсіх рэгіёнах і прадавалася некаторы час толькі ў Японіі. З гэтага моманту PlayStation атрымала афіцыйнае скарачэнне PSone і PS1, але, тым не менш, карыстальнікі па-ранейшаму звалі яе PS альбо PSX.
PSone захавала поўную сумяшчальнасць з усім праграмным забеспячэннем (гульнямі і праграмамі тыпу «Узломшчык кодаў») PlayStation. Новы варыянт кансолі меў толькі тры адрозненні ад «класічнай» мадэлі: першае — касметычныя змена вонкавага выгляду, другое — змены ва ўбудаваным у прыстаўку графічным інтэрфейсе меню кіравання картай памяці і CD-прайгравальнікам, і трэцяе — перапрацоўка разводкі мацярынскай платы, з-за чаго стала немагчымым выкарыстанне старых мод-чыпаў. Акрамя таго, PSone страціў паслядоўны порт, які дазваляў аб’яднаць некалькі кансоляў для шматкарыстальніцкай гульні.
PlayStation Programmer Tool — Debugging Station
Існавала версія прыстаўкі, афарбаваная ў сіні колер, у адрозненне ад звычайнай версіі шэрага колеру. Гэты варыянт прызначаўся для распрацоўшчыкаў і некаторых прадстаўнікоў прэсы (тым не менш, некалькі асобнікаў гэтай мадэлі з’яўляліся на другасным рынку па даволі высокім кошце). На тэхнічным узроўні гэтая мадэль была амаль цалкам ідэнтычная мадэлі, прадаванай у розніцу, адрозненні былі толькі ў кантролеры дыска: ён не патрабаваў наяўнасці кода рэгіёна, паколькі прызначаўся для выкарыстання з носьбітамі CD-R для адладкі. Гэта дазваляла запускаць гульні з дыскаў, прызначаных для іншых рэгіёнаў, але гэтая магчымасць афіцыйна не падтрымлівалася; для кожнага рэгіёна прапаноўвалася свая версія Debugging Station.