Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі — колішні драўляны каталіцкі храм у вёсцы Глыбачцы (колішняя вёска Рукшаніцы) Ушацкага раёна.

Гісторыя Першы парафіяльны драўляны касцёл існаваў з 1774 года (ксёндз Стафан Леановіч). У 1804 годзе намаганнямі парафіян і ксяндза Аляксандра Якубоўскага пастаўлены новы драўляны храм. Калісьці тут была езуіцкая місія, потым сяліліся дамініканцы. У 1912 годзе налічвалася 607 парафіян. Храм зруйнаваны ў 1939 годзе.

Архітэктура

Архітэктура крыжова-купальнага храма мела народна-этнаграфічны характар і рысы стылю барока.

Галоўны фасад фланкіравалі дзве трохярусныя чацверыковыя шатровыя вежы, якія завяршаліся макаўкамі і мелі паміж сабой двухгранны шчыт. Ярусы вежаў вылучаліся шырокімі гонтавымі адлівамі. Цэнтральны восьмігранны зруб завяршаўся адкрытым у інтэр’еры шатром з цыбульчатай галоўкай на восьмігранным барабане.

Ніжэйшыя бакавыя прамавугольныя прырубы пад двухсхільнымі дахамі і трохгранная апсіда з бакавымі сакрысціямі надавалі кампазіцыі будынка барочную яруснасць і аб’ёмную поліганальнасць. 3 вертыкалізмам кампазіцыі храма кантраставала гарызантальная шалёўка фасадаў, на фоне якой вылучаліся прамавугольныя вокны і брусы-сцяжкі.

Галоўны ўваход вылучаўся трохвугольным франтонам, над якім фасад быў прарэзаны акном хораў і ўмацоўваўся брусамі-сцяжкамі. Мастацкімі рарытэтамі інтэр’ера з’яўляліся разная драўляная скульптура Хрыста і старажытны арган з бубнамі і званочкамі старажытнай работы з разьбой у стылі барока. Галерэя хораў раскрывалася ў залу ступеньчатай аркай і мела парапет, філёнгі якога запаўняла алейная размалёўка з выявамі музычных інструментаў. У апсідзе стаяў 2-калонны драўляны алтар, адмежаваны ад малітоўнай залы жалезнай рашоткай у выглядзе атычнай аркатуры.

Літаратура З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Архітэктурная спадчына Ушаччыны // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — С. 559—566. Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн., 2000. — С. 195. — С. 451—452.

Катэгорыя:Касцёлы Ушацкага раёна Катэгорыя:Глыбачка (Глыбачанскі сельсавет) Катэгорыя:Колішнія касцёлы Віцебскай вобласці Катэгорыя:З’явіліся ў 1804 годзе Катэгорыя:1804 год у Беларусі Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства