«Пы́ха і перадузя́тасць» () — шасцісерыйны брытанскі міні-серыял 1995 года, пастаўлены па аднайменным рамане англійскай пісьменніцы Джэйн Осцін. Адаптацыяй кнігі займаўся сцэнарыст Эндру Дэвіс, рэжысёрскае крэсла заняў Сайман Лэнгтан, а спрадзюсіравала карціну . Ролі Элізабэт Бэнэт і містэра Дарсі выканалі Джэніфер Эль і Колін Фёрт. Вытворчасцю міні-серыяла займалася карпарацыя BBC пры дадатковай фінансавай падтрымцы амерыканскай тэлесеткі A&E.
Міні-серыял 1995 года стаў сёмай экранізацыяй раману. Папярэднія адаптацыі для кіно і тэлебачання выходзілі ў 1938, 1940, 1952, 1958, 1967 і 1980 гадах. Восьмай стала пастаноўка 2005 года.
Прэм’ера міні-серыяла адбылася на канале BBC One, дзе ён трансліраваўся з 24 верасня па 29 кастрычніка 1995 года (па адной 55-хвіліннай серыі ў тыдзень). Сетка A&E ўпершыню паказала серыял з 14 па 16 студзеня 1996 года (тры дні па дзве серыі запар).
Фільм атрымаў прызнанне крытыкаў і папулярнасць сярод гледачоў, а таксама быў адзначаны шэрагам узнагарод, сярод якіх тэлевізійная прэмія BAFTA за найлепшую жаночую ролю (Джэніфер Эль) і прэмія Эмі за найлепшыя касцюмы. Роля містэра Дарсі ўзвяла Коліна Фёрта ў статус зоркі. Сцэна з Дарсі ў мокрай пасля купання ў возеры рубашцы была прызнана «адным з самых незабыўных момантаў у гісторыі тэлебачання Брытаніі». Серыял натхніў Хелен Філдынг напісаць серыю кніг пра Брыджыт Джонс. Колін Фёрт зыграў ролю Марка Дарсі, каханага галоўнай гераіні, у фільмах серыі «», «» і «».
Сюжэт Першая серыя Містэр Чарлз Бінглі, багаты джэнтльмен з поўначы Англіі, арандуе маёнтак Нэзэрфілд у Хартфардшыры, непадалёк ад мястэчка Мэрытан. Місіс Бэнэт апантаная ідэяй выдаць за яго замуж адну са сваіх пяці дачок: Джэйн, Элізабэт, Мэры, Кіці або Лідыю. Бінглі з першага ж позірку ўлюбляецца ў Джэйн, адразу запрашае яе на танец і ўвесь вечар выдзяляе яе па-над астатнімі паненкамі. У той жа час яго сябар містэр Дарсі (гадавы даход якога, паводле чуткаў, у два разы перавышае даход Бінглі) адмаўляецца танцаваць з кім-небудзь і даволі няветліва адзываецца пра Элізабэт. Тая чуе яго заўвагу, і ў яе складаецца вельмі непрыхільнае першае ўражанне пра містэра Дарсі. Пазней, на прыёме ў Лукас-лодж і падчас яе двухдзённага прабывання ў Нэзэрфілдзе, дзе яна даглядала хворую Джэйн, яе непрыязнасць да Дарсі ўсё больш і больш узмацняецца.
Другая серыя Бэнэтаў наведвае іх сваяк — містэр Колінз, святар з Кента. Паколькі у Бэнэтаў няма дзяцей мужчынскага полу, то па законе менавіта ён з’яўляецца спадкаемцам містэра Бэнэта і мусіць у будучым стаць гаспадаром іх маёнтка Лонгбарн. Каб выправіць гэтае становішча і захаваць дом для сям’і, містэр Колінз мае намер ажаніцца з адной з дачок містэра Бэнэта. Ён абірае Элізабэт і пачынае заляцацца да яе. Падчас прагулкі ў Мэрытан сёстры Бэнэт сустракаюць афіцэраў, раскватараваных у гэтым гарадку, сярод іх ёсць новы твар — лейтэнант Джордж Уікхэм. У той самы час міма праязджаюць Бінглі і Дарсі, і Элізабэт заўважае надзвычай халоднае прывітанне апошняга з Уікхэмам. Выбраўшы зручны момант, Элізабэт распытвае новага знаёмага, і ён распавядае ёй, як Дарсі падмануў яго, адмовіўшыся даць царкоўны прыход, абяцаны бацькам Дарсі. Цяпер у Уікхэма няма ні грошай, ні відаў на будучыню. Лізі пранікаецца да яго моцным спачуваннем. Неўзабаве ў Нэзэрфілдзе адбываецца баль. Элізабэт, захопленая Уікхэмам, збіраецца правесці гэты вечар у размовах і танцах з ім, аднак афіцэра на балі не аказваецца. Нечакана для Элізабэт, яе на танец запрашае містэр Дарсі. Не паспеўшы прыдумаць адгаворку, яна неахвотна згаджаецца. Назаўтра пасля балю містэр Колінз робіць Элізабэт прапанову, але яна адказвае адмовай. Місіс Бэнэт абурана паводзінамі дачкі і намагаецца прымусіць Лізі выйсці за Колінза, у той час як бацька бярэ бок дачкі. Зняважаны адмовай, містэр Колінз пакідае Лонгбарн і прымае запрашэнне Шарлоты Лукас, сяброўкі Элізабэт, пагасцяваць у Лукас Лодж.
Трэцяя серыя Элізабэт уражана навінай: яе сяброўка Шарлота прыняла прапанову рукі і сэрца ад містэра Колінза. Тым часам містэр Бінглі нечакана пакідае Нэзэрфілд і адпраўляецца ў Лондан з намерам застацца там на ўсю зіму. Элізабэт не дае веры, што Бінглі можа быць такім раўнадушным да яе сястры, і прапануе Джэйн пагасцяваць у іх дзядзькі і цёткі, містэра і місіс Гардынер, якія жывуць у Лондане. Джэйн праводзіць у Лондане шмат месяцаў, але так і не сустракае Бінглі, яна спрабуе працягнуць сяброўства з яго сёстрамі, але тыя адкрыта яе ігнаруюць. Напачатку вясны Элізабэт адпраўляецца ў Кент, каб пагасцяваць у Шарлоты і яе мужа. Дом містэра Колінза знаходзіцца непадалёк ад Розінгза — рэзідэнцыі лэдзі Кэтрын дэ Бур. Так як лэдзі Кэтрын даводзіцца Дарсі цёткай, Лізі сустракаецца з ім некалькі разоў. У той жа дзень, калі Элізабэт даведваецца пра вырашальную ролю Дарсі ў расстанні Бінглі і яе сёстры, Дарсі нечакана робіць ёй прапанову, запэўніваючы, што горача кахае яе, нягледзячы на нізкае становішча і адсутнасць добрых манер у яе сям’і. Элізабэт са злосцю адхіляе прапанову, указваючы містэру Дарсі на яго пыху і пагарду да пачуццяў іншых. У эмацыйнай прамове яна вінаваціць яго ў нешчаслівым каханні Джэйн і безнадзейным становішчы Уікхэма.
Чацвёртая серыя Дарсі піша Элізабэт ліст, дзе тлумачыць свае ўчынкі ў дачыненні да Джэйн і Уікхэма. Ён прызнае, што памыліўся ў пачуццях Джэйн, думаючы, што яна абыякавая да Бінглі, але апраўдваецца тым, што ў яго былі добрыя намеры. Што да гісторыі з Уікхэмам, то са слоў Дарсі ён з’яўляецца нягоднікам, які спрабаваў збегчы з яго 15-гадовай сястрой Джарджыянай, каб атрымаць належны ёй вялізны пасаг. Элізабэт бачыць, як яна памылялася, і паспытвае пачуццё віны за тое, што яна так груба гаварыла з Дарсі. Вярнуўшыся ў Лонгбарн, яна даведваецца, што містэр Бэнэт дазволіў Лідыі паехаць у Брайтан у якасці кампаньёнкі жонкі палкоўніка Форстэра. Элізабэт незадаволена рашэннем бацькі адпусціць Лідыю і перасцерагае яго, што паводзіны Лідыі могуць нашкодзіць рэпутацыі сям’і, аднак містэр Бэнэт не змяняе свайго рашэння. Неўзабаве сама Лізі з’язджае з дзядзькам і цёткай Гардынер у падарожжа па і наведвае Дэрбішыр. Калі яны аказваюцца непадалёк ад , маёнтка містэра Дарсі, цётка ўгаворвае Лізі наведацца туды. Элізабэт згаджаецца, папярэдне даведаўшыся, што сям’я летам жыве ў Лондане. Пэмбэрлі выклікае ў Лізі шчырае захапленне, і яна з увагай слухае апавяданні аканомкі пра дабрыню і высакароднасць гаспадара маёнтка. Тым часам містэр Дарсі, нікога не папярэдзіўшы, вяртаецца ў маёнтак. Прыбыўшы, ён вырашае выкупацца ў возеры, і, ідучы да хаты ў мокрай кашулі, сутыкаецца з Элізабэт. Між імі адбываецца няёмкая гутарка. Наспех пераапрануўшыся, ён расшуквае Элізабэт і Гардынераў і прапаноўвае ім прабавіць больш часу ў яго маёнтку. Ён выказвае небывалую ветлівасць і прыязнасць як да самой Элізабэт, так і да яе родных, што нямала яе здзіўляе.
Пятая серыя Гардынеры і Элізабэт атрымліваюць запрашэнне ў Пэмбэрлі, дзе Дарсі і Лізі абменьваюцца выразнымі позіркамі. На наступную раніцу Элізабэт атрымлівае ліст ад Джэйн, у якім гаворыцца пра ўцёкі Лідыі з містэрам Уікхэмам. У гэты самы момант з нечаканым візітам прыходзіць Дарсі і застае яе моцна расхваляванай. Ёй даводзіцца прызнацца яму ў прычынах свайго расстройства. Дарсі выслухоўвае яе, выказвае спачуванне, але спяшаецца сысці. Элізабэт са шкадаваннем думае, што, магчыма, больш ніколі яго не ўбачыць. Элізабэт разам з Гардынерамі спешна вяртаюцца ў Лонгбарн, спадзеючыся, што справу яшчэ можна неяк замяць. Містэр Гардынер адпраўляецца ў Лондан, каб аказаць дапамогу містэру Бэнэту ў пошуках уцекачоў. Зрэшты, іх намаганні застаюцца беспаспяховымі, і неўзабаве містэр Бэнэт вяртаецца ў Лонгбарн. Праз нейкі час ад містэра Гардынера прыходзіць ліст, у якім ён піша, што Лідыя і Уікхэм знойдзены і хутка пажэняцца. Містэр Бэнэт перажывае, што дзядзька заплаціў Уікхэму вялікую суму грошай, каб прымусіць яго жаніцца, а ён не зможа яму яе вярнуць.
Шостая серыя Пасля вяселля Лідыя і Уікхэм прыязджаюць пагасціць у Лонгбарн. У адной з размоў Лідыя неасцярожна прагаворваецца пра тое, што на іх з Уікхэмам вяселлі быў містэр Дарсі. Элізабэт гэта моцна здзіўляе, і яна піша ліст цётцы, каб атрымаць тлумачэнні. Місіс Гардынер адказвае пляменніцы, што гэта Дарсі знайшоў Лідыю і аплаціў ўсе выдаткі, уключаючы даўгі Уікхэма. Пагасціўшы некаторы час у Лонгбарне, маладыя адпраўляюцца на поўнач, дзе Уікхэм атрымаў месца ў рэгулярнай арміі. Не паспявае жыццё сям’і Бэнэт увайсці ў звычайную каляіну, як ваколіцу аблятае навіна: Бінглі вяртаецца ў Нэзэрфілд. Пасля некалькіх візітаў у Лонгбарн, Дарсі пераконваецца ў пачуццях Джэйн і просіць прабачэння ў свайго сябра за ўмяшальніцтва. Той неадкладна едзе ў Лонгбарн і робіць Джэйн прапанову. У гэты час да лэдзі Кэтрын даходзяць чуткі, што яе пляменнік заручаны з Элізабэт. Раз’юшаная, яна наносіць нечаканы візіт у Лонгбарн, дзе ў гутарцы з Элізабэт дапытваецца пра яе заручыны з Дарсі. Яна настойвае, каб Элізабэт адмовілася ад сваіх намераў і абвяшчае, што Дарсі мусіць ажаніцца з яе дачкой Эн. Элізабэт адмаўляецца абяцаць, што яна не прыме прапанову Дарсі, калі ён яе зробіць, і дашчэнту раззлаваная лэдзі Кэтрын з’язджае. Падчас чарговага візіту Дарсі ў Лонгбарн Элізабэт дзякуе яму за дапамогу ў справе Лідыі. Ён жа, падбадзёраны тым, што распавяла яму лэдзі Кэтрын, прызнаецца Элізабэт, што яго пачуцці і намеры ў дачыненні да яе не змяніліся. Элізабэт згаджаецца выйсці за яго замуж. Неўзабаве адбываецца двайное вяселле Бінглі з Джэйн і Дарсі з Элізабэт.
Акцёрскі склад
Вытворчасць
Адаптацыя Раман Джэйн Осцін «Пыха і перадузятасць» неаднаразова станавіўся прадметам тэле- і кінаадаптацый. Да сярэдзіны 1980-х гадоў існавала прынамсі 6 экранізацый рамана: тэлефільм 1938 года, фільм 1940 года і міні-серыялы 1952, 1958, 1967 і 1980 гадоў. Ідэя чарговай тэлеадаптацыі ўзнікла ў прадзюсара восенню 1986 года падчас перадпаказу іншай экранізацыі Осцін — тэлефільма «». Біртвістл звярнулася з гэтай ідэяй да сцэнарыста Эндру Дэвіса, які таксама прысутнічаў на перадпаказе, і той пагадзіўся заняцца адаптацыяй рамана.
Не гледзячы на намер Біртвістл і Дэвіса прытрымлівацца тона і духа рамана, ім хацелася стварыць «свежую, жывую гісторыю пра сапраўдных людзей», а не «старую студыйную драму ад BBC, якую будуць паказваць у нядзелю з пяці да сямі». Зрабіўшы акцэнт на сексе і грошах, Дэвіс пераключыў увагу з Элізабэт на Элізабэт і Дарсі, вызначыўшы наперад ролю апошняга ў зыходзе гэтай гісторыі. У мэтах надання чалавечнасці персанажам рамана, Дэвіс дадаў некалькі кароткіх сцэн, такіх як адзяванне дачок сямейства Бэнэт, якія намагаюцца выгадна зарэкамендаваць сябе на рынку нявест. Новыя сцэны, якія выяўляюць вольны час мужчын, згладзілі акцэнт рамана на жанчынах. Найбольшай тэхнічнай складанасцю была адаптацыя доўгіх лістоў у другой частцы гісторыі. Дэвіс выкарыстоўваў такія тэхнікі як закадравы голас, успаміны, чытанне лістоў героямі ўслых адно аднаму. Было дададзена некалькі дыялогаў з мэтай паяснення некаторых нюансаў рамана сучаснай аўдыторыі, большая ж частка дыялогаў, аднак, засталася некранутай.
Каб пашырыць аўдыторыю серыяла, аўтары ідэі вырашылі не звяртацца да BBC, якая спецыялізуецца на «класічных драмах», але прапанаваць ідэю тэлевізійнай карпарацыі ITV, якая мае больш шырокую аўдыторыю. Ужо ў канцы 1986 года Біртвістл і Дэвіс прадставілі першыя тры сцэнарыі, і хоць іх версія выклікала зацікаўленасць, справу вырашылі адкласці ў «доўгую скрыню», бо з моманту папярэдняй тэлеадаптацыі прайшло ўсяго шэсць гадоў. Інтарэс ITV да гэтай тэлеадаптацыі ўзнавіўся ў 1993 годзе, аднак ініцыятыву перахапіла BBC. Ужо ў канцы года праекту было дадзена «зялёнае святло», а ў студзені 1994 года Сайман Лэнгтан быў зацверджаны рэжысёрам, і пачаўся этап прэпрадукцыі.
Агулам ад моманту ўзнікнення ідэі восенню 1986 года да выхаду міні-серыяла на экраны восенню 1995 года мінула 9 гадоў.
Кастынг