Мэ́ры Мало́н (; 23 верасня 1869 — 11 лістапада 1938), таксама вядомая як Тыфозная Мэры (), — першы чалавек у ЗША, прызнаны бессімптомным носьбітам брушнога тыфу. За час яе працы кухаркай ад яе заразіліся мінімум 53 чалавекі, тры з якіх памерлі. Атрымала вядомасць з-за свайго катэгарычнага адмаўлення наяўнасці захворвання і адмовы ад спынення працы ў харчовай індустрыі. Мэры двойчы прымусова адпраўлялася дзяржавай у каранцін, другі каранцін быў пажыццёвым. Як мяркуецца, Мэры Малон нарадзілася з хваробай, бо яе маці хварэла на брушны тыф падчас цяжарнасці.

Біяграфія

Раннія гады Мэры Малон нарадзілася ў 1869 годзе ў ірландскім графстве Цірана і адтуль эмігравала ў Злучаныя Штаты Амерыкі ў 1884 годзе, ва ўзросце 15 гадоў. У Штатах яна спачатку жыла са сваімі дзядзькам і цёткай, але затым пачала працаваць кухаркай у багатых сем’ях.

Па ўспамінах сучаснікаў, у 1907 годзе, калі яе ўжо выявілі як носьбіта тыфу, Малон была жанчынай у самым росквіце сіл. Каля 170 см ростам, яна была бландынкай з яркімі блакітнымі вачыма, валявым тварам і атлетычнай фігурай.

Кар’ера кухара Мэры Малон працавала кухаркай у штаце Нью-Ёрк з 1900 па 1907 гады, у розныя перыяды яна працавала ў васьмі сем’ях, у сямі з якіх адбыліся масавыя заражэнні тыфам. Падчас яе двухтыднёвай працы ў горадзе Мамаронэк у 1900 годзе ў горадзе з’явіліся хворыя на брушны тыф. Затым Мэры пераехала ў Манхэтэн і ў 1901 годзе ў членаў сям’і, на якую яна працавала, адкрыліся характэрныя ліхаманка і дыярэя, а прачка, якая працавала ў той жа сям’і, памерла. Мэры перайшла працаваць у сям’ю мясцовага адваката, у якой неўзабаве заразіліся сем з васьмі членаў сям’і. Мэры правяла некалькі месяцаў даглядаючы хворых, але яе дапамога толькі спрыяла далейшаму распаўсюджванню захворвання. У 1904 годзе Мэры паступіла на працу ў сям’ю адваката Генры Джылсі. Яе нанялі 1 чэрвеня, а ўжо 8 чэрвеня прачка ў тым жа доме захварэла на тыф. Паколькі слугі жылі асобна, ніхто з сям’і Генры не захварэў, але 4 з 7 слуг, якія дзялілі агульны дом, захварэлі на тыф. Доктар Роберт Уілсан, які даследаваў успышку захворавання, вырашыў, што разносчыкам інфекцыі была сама прачка, хоць даказаць сваю версію не змог. Пасля з’яўлення першых хворых Мэры пераехала ў Таксіда-Парк, дзе паступіла на працу кухаркай у сям’ю Джорджа Кеслера. Ужо праз два тыдні прачка ў сям’і Кеслераў захварэла на тыф і была дастаўлена ў бальніцу Патэрсана, дзе стала першым пацыентам з тыфам за доўгі час.

З лета 1906 года яна стала працаваць кухаркай для сям’і багатага нью-ёркскага банкіра Чарлза Генры Уорэна. Уорэны арандавалі ў Джорджа Томпсана дом у Лонг-Айлендзе, і Мэры пераехала туды з імі; 27 жніўня ў адной з дачок Уорэна пачалася ліхаманка, да 3 верасня шасцёра з 11 дамачадцаў захварэлі на брушны тыф. Разумеючы, што рэпутацыя разносчыка хваробы не дазволіць здаваць асабняк, уладальнік Джордж Томпсан наняў некалькі незалежных экспертаў, каб выявіць крыніцу інфекцыі. На працягу двух тыдняў яны дасканала даследавалі водаправодную і каналізацыйную сістэму дома, узоры забіраліся з усіх сучляненняў труб, кранаў, помпаў, але ні ў адной з пробаў вады не было выяўлена бацыл тыфу . Тыфозныя бактэрыі паміраюць пры тэрмічнай апрацоўцы, але не ўся ежа ёй падвяргаецца, а ў Мэры адной з самых запатрабаваных аўтарскіх страў было персікавае марожанае. Пасля з’яўлення першых хворых у сям’і Уорэна, Мэры перайшла на новае месца працы.

З канца 1906 года Мэры Малон стала працаваць у забяспечанай сям’і Уолтэра Бовена, якія пражывалі на Парк-авеню. Ужо 23 студзеня 1907-га захварэла на тыф пакаёўка Бовенаў, а затым — дачка Уолтэра, якая неўзабаве памерла. Менавіта гэты выпадак дазволіў вылічыць Мэры як распаўсюджвальніцу інфекцыі: сям’я Чарлза Генры Уорэна яшчэ ў канцы 1906 года звярнулася да даследчыка брушнога тыфу Джорджа Сопера. Сопер вылічыў Мэры па «гарачых слядах», калі памерла дачка Бовена. Першая сустрэча Сопера з Малон адбылася на кухні асабняка Бовенаў. Дэтэктыў сказаў, што Мэры заражае людзей тыфам, і прапанаваў ёй здаць аналізы, каб пацвердзіць дыягназ. У канцы размовы Мэры схапіла відэлец для разбірання мяса і пагрозліва рушыла на Сопера, ён паспешна рэціраваўся. Сопер вылічыў палюбоўніка Мэры і, дамовіўшыся з ім, правёў сустрэчу ў іх пакоі на Трэцяй Авеню, ён прывёў з сабой доктара Рэйманда Хублера, у будучыні — кіраўніка дзіцячай бальніцы ў Дэтройце. Мэры была ў лютасці ад нечаканай сустрэчы і Сопер зноў атрымаў адмову: Мэры казала, што тыф і так бушуе паўсюль, а сама яна абсалютна здаровая, сімптомаў ніколі не мела і не дазволіць сябе ні ў чым абвінаваціць. Верагодна, Сопер быў недастаткова тактоўны: у той час у ЗША пра ірландскіх эмігрантаў хадзілі англафобскія стэрэатыпы, што яны, будучы жыхарамі трушчоб, з’яўляюцца разносчыкамі хвароб. У той жа час сам факт таго, што пераносчыкам хваробы можа быць здаровы чалавек, не быў вядомы, і гэта лічылася немагчымым. Пазней, у мемуарах і артыкулах ён пагардліва адклікаўся аб Малон, дапушчаючы рэмаркі, якія не адносяцца да медыцынскага бока справы аб яе характары, знешнасці і манерах, аднак і сам прызнаваў, што правёў першую сустрэчу няўдала і не данёс да Мэры небяспекі яе становішча і свайго жадання дапамагчы.

Першы каранцін

Пацярпеўшы няўдачу ў перамовах з Мары Малон, Сопер звярнуўся ў Дэпартамент аховы здароўя Нью-Ёрка, у сваім дакладзе ён паведаміў, што Мэры прычыняе сабой вялікую пагрозу для грамадства і з’яўляецца «хадзячай прабіркай для размнажэння бацыл», і пры няўдалым збегу акалічнасцяў здольная выклікаць эпідэмію. У дэпартаменце прынялі пад увагу яго словы і адправілі гутарыць з Малон доктара Сару Жазэфіну Бэйкер. Да таго моманту Мэры была перакананая, што яе пераследуюць, хоць яна не зрабіла нічога дрэннага. Яна таксама прызналася, што не вельмі добра выконвала гігіену, заявіўшы, што не разумее мэты мыцця рук. Праз некалькі дзён Бэйкер з паліцыяй прыйшла да Мэры на працу. Убачыўшы паліцэйскіх, Мэры ўцякла, потым яе знайшлі схаваўшайся ў шафе. Паездку ў карэце хуткай дапамогі Бэйкер успамінала як «дзікую», бо Мэры паводзіла сябе «як раз’юшаная котка ў клетцы», і ў нейкі момант лекару нават прыйшлося сесці на пацыентку.

Паліцэйскія даставілі Малон у інфекцыйную бальніцу Паркера, дзе рамянямі прывязалі да ложка і ўзялі ўзоры крыві для аналізаў. У паходах у прыбіральню ёй таксама было адмоўлена, з дапамогай медыцынскага судна былі атрыманы ўзоры кала і мачы. Адвязаць пацыентку дазволілі толькі праз некалькі дзён, але пастаянны забор аналізаў працягваўся яшчэ 4 тыдні. Затым ёй пачалі даваць эксперыментальныя лекі.

Жнівень і пачатак верасня 1907 года ў аналізах Малон не было выяўлена бацыл тыфу, аднак ужо 11 верасня яны зноў з’явіліся, хоць пацыентка заставалася зусім здаровай. Мэры было прапанавана выдаліць жоўцевы пухір, але яна адмовілася: у тыя гады падобная аперацыя была досыць рызыкоўнай, ад яе нярэдка паміралі. Спасылаючыся на раздзелы 1169 і 1170 заканадаўства штата, 19 сакавіка 1907 года Мэры адправілі на трохгадовы каранцін у бальніцу, размешчаную на востраве Норт-Бразер. Пры гэтым, не ўсе медыкі лічылі каранцін абавязковым, пазбаўленне волі Малон лічылі занадта суровай мерай, напрыклад, бактэрыёлаг Іосіф Мільтан і Чарлз Чэпін. Мільтан і Чэпін, якія пярэчылі Соперу, што настойваў на ізаляцыі, сцвярджалі, што носьбіта інфекцыі трэба толькі навучыць жыць з ёй, выконваючы меры засцярогі і не ствараючы пагрозы іншым людзям.

Мэры так і не паверыла ў тое, што распаўсюджвае тыф. Немалую ролю ў гэтым адыграла і тое, што чвэрць з узятых 163 аналізаў кала (з сакавіка 1907 г. па чэрвень 1909) былі адмоўнымі. Праз таго палюбоўніка, у чыім доме яе вылічыў Сопер, Мэры перадавала ўзоры кала ў незалежную лабараторыю ў Нью Ёрку, і ні ў адным з аналізаў не былі выяўленыя бацылы тыфу. У лісце ад 1909 года Мэры скардзілася на стаўленне да сябе як да «паддоследнай жывёлы» і апавядала, што ёй выпісваюць цяжкае эксперыментальнае «лячэнне»: уратрапін трохмесячны курсамі, якія пагражалі адмовай нырак, і дозы гексамеціленіміна, якія павышаліся. Хоць у яе тройчы ў тыдзень бралі аналізы, за паўгода ні разу не дазволілі наведаць афтальмолага пры тым, што ад нервовага зрыву падчас арышта ў жанчыны паралізавала левае павека і ёй даводзілася апускаць яго рукамі, а на ноч завязваць хусткай.

У перыяд першага каранціну Малон адзін раз наведаў Сопер і прапанаваў напісаць пра яе кнігу, паабяцаўшы аддаць ёй частку аўтарскіх адлічэнняў. Мэры катэгарычна адмовілася і замкнулася ў прыбіральні, пакуль ён не сышоў. Праз два гады і 11 месяцаў лекар, які яе лячыў прыйшоў да высновы, што Мэры можна вызваліць з карантыну пры ўмове, што яна ніколі не пойдзе працаваць кухаркай і будзе прымаць усе разумныя меры для прадухілення перадачы інфекцыі. Мэры прыняла гэтыя ўмовы, даўшы прысягу 19 лютага 1910 года, была вызвалена і вярнулася на мацярык.

Другі каранцін

Пасля вызвалення з першага каранціну пад прозвішчам Брэсхаф Мэры спрабавала працаваць прачкай і нават некаторы час кіравала невялікім пансіёнам. Але гэтыя заробкі былі значна ніжэй, чым пры працы кухаркай. Неўзабаве Малон пашкодзіла руку, рана інфіцыравалася, хвароба зацягнулася і жанчына некалькі месяцаў не магла працаваць. Не маючы ўласнага жытла, Мэры адчувала вострую нястачу. Праз некаторы час яна пад псеўданімам Мэры Браўн зноў пачала гатаваць. Агенцтва, праз якія кухаркі ўладкоўваліся на працу ў забяспечаныя сем’і, больш не супрацоўнічалі з ёй, таму яна перайшла ў больш масавы сектар: за пяць гадоў яна працавала на кухнях некалькіх гасцініц, у рэстаране на Брадвеі і нават у санаторыі ў Нью Джэрсі. Успышкі тыфу здараліся, але звязаць іх з Мэры не ўдавалася. Выявіць Малон змаглі толькі ў 1915 годзе, калі яна працавала ў жаночай бальніцы Слоўн. Галоўны лекар бальніцы Эдвард Крэгін асабіста патэлефанаваў і выклікаў Сопера дапамагчы з расследаваннем ўспышкі тыфу — больш за 20 чалавек захварэлі, адзін з іх памёр. Сопер апазнаў Мэры па апісанню работнікаў бальніцы і пазнаў яе почырк у прад’яўленых лістах. Мэры арыштавалі на кухні яе сябра ва Уэстчэстеры, 27 сакавіка 1915 года адправілі на пажыццёвы каранцін на Норт-Бразер.

Аб жыцці Малон у перыяд другога каранціну вядома няшмат. У 1918 годзе Мэры дазволілі аднадзённыя паездкі на мацярык і далі працу санітаркі. У тым жа годзе ўлады Нью Ёрка сталі прадастаўляць выяўленым бессімптомным носьбітам тыфу субсідыі і дапамогу ў працаўладкаванні па-за харчовым сектарам. У 1925 годзе ў бальніцу на Норт-Бразер прыехала праходзіць інтэрнатуру доктар Аляксандра Плаўска. На другім паверсе капліцы яна арганізавала лабараторыю і наняла Мэры лаборанткой. Малон не толькі мыла прабіркі, але і вяла ўліковыя запісы, рыхтавала ўзоры для патолагаанатамаў.

Смерць У 1932 годзе Мэры перанесла інсульт, ад якога не змагла акрыяць і засталася напалову паралізаванай. 11 лістапада 1938 года ва ўзросце 69 гадоў яна памерла ад пнеўманіі. Цела крэміравалі, прах пахавалі на могілках Святога Райманда ў Бронксе. На цырымоніі прысутнічалі толькі 9 чалавек. Паводле некаторых крыніц, у тым ліку артыкула Джорджа Сопера, анатаміравання не праводзілася і інфармацыя аб пасмяротным пацверджанні ачага сальманелы ў жоўцевым пухіры з’яўляецца толькі гарадской легендай.

Этыка і легальнасць