Памятная калона — помнік архітэктуры малых форм могілках Копцеўка ў Глыбокім у Віцебскай вобласці Беларусь. Часта помнік называюць Калонай у гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года.
Гісторыя
Вядомыя цяпер крыніцы не даюць інфармацыі пра час і акалічнасці пабудовы калоны.
На думку мастацтвазнаўцы Станіслава Лорэнца, якую перадаеь гісторык Отан Гедэман, калона збудавана ў апошнія гады XVIII стагоддзя.
Краязнаўца Генрык Віньча ў 1903 годзе пераказвае народныя паданні, паводле якіх калона пастаўлена на месцы неіснуючага драўлянага касцёла, або была помнікам не месцы смяротнай дуэлі дваіх братоў за дзяўчыну.
У міжваенны перыяд была распаўсюджанай версія, якая звязвала паходжанне калоны з Напалеонам.
Отан Гедэман звярнуў увагу на візуальнае падабенства калоны ў Глыбокім з калонай у Лявонпалі над Дзвіной, якую паставіў мсціслаўскі стараста Ян Нікадзім Лапацінскі ў жніўні 1791 года ў гонар прыняцця Чатырохгадовым соймам Канстытуцыі. На гэтым грунце Гедэман выказаў гіпотэзу, што калона ў Глыбокім таксама магла быць помнікам Канстытуцыі, пры гэтым не сцвярджаў гэтага адназначна, бо не меў пацвярджэння ў гістарычных крыніцах.
У 1935 годзе калона адрамантаваная намаганнямі Глыбоцкага аддзела Польскага краязнаўчага таварыства.
У 1990-я гады гіпотэза Гедэмана, што калона ў Глыбокім была помнікам Канстытуцыі 3 мая, неаднаразова паўтаралася ў літаратуры як гістарычны факт — і стала агульнапрынятай версіяй.
Прынамсі з пачатку ХХ стагоддзя на калоне ёсць гняздо буслоў. Помнік уваходзіць у асноўныя экскурсійныя туры па горадзе.
Гл. таксама Мемарыяльная калона ў гонар прыняцця Канстытуцыі 1791 года (Лявонпаль)
Крыніцы
Літаратура Мемарыяльная калона // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 227.
Спасылкі
Катэгорыя:Помнікі Глыбокага Катэгорыя:Калоны Беларусі Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Беларусі