Старо́е Сяло́ — археалагічныя помнікі каля вёскі Старое Сяло (Віцебскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь). Даследавалі А. М. Ляўданскі, С. А. Дубінскі, Г. В. Штыхаў.
Гарадзішча
Знаходзіцца за 2,5 км на поўдзень ад вёскі, на мысе правага берага Заходняй Дзвіны. Пляцоўка памерам 30×70 м, вышыня над поймай ракі 20 м, з боку поля ўмацавана валам вышынёй каля 1,2 м. У траншэі даўжынёй 11 м і шырынёй 3 м выяўлены культурны пласт 0,5—1 м, у ім знойдзены ляпная гладкасценная і штрыхаваная кераміка, 2 жалезныя нажы, абломак жалезнай дужкі, косці жывёл. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і датуецца III—IV стагоддзямі.
Курганныя могільнікі
Курганны могільнік-1 Знаходзіцца на тэрыторыі селішча. Мае 16 насыпаў, з іх 2 доўгія. Вышыня круглых у плане курганоў 1,5 м, дыяметр 8—10 м, даўжыня доўгіх курганоў 20—25 м, шырыня 8—10 м, вышыня 2,5 м. Курганы датуюцца IX—X стагоддзямі, належалі крывічам. Пахавальны абрад трупаспаленне. Знойдзены ляпны і ганчарны посуд.
Курганны могільнік-2 Знаходзіцца за 1 км ад вёскі. Захаваліся 3 насыпы (2 на полі, 1 у лесе) вышынёй 1—1,5 м, дыяметрам 8—10 м. Датуецца помнік 2-й палавінай 1-га тысячагоддзя н. э.
Курганны могільнік-3 Знаходзіцца за 1,8 км на ўсход ад вёскі, у лесе, за дарогай. Мае 12 насыпаў вышынёй 1,8—2 м, дыяметрам 10—14 м.
Селішча Знаходзіцца з заходняга боку гарадзішча. Памер 200×50 м. Знойдзеная ў агаленнях кераміка дазваляе аднесці помнік да 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э.
Літаратура Археалагічныя помнікі раёна // Памяць: Віцебскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.]; уклад. У. І. Мезенцаў; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2004. — С. 28—33. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — С. 178—200.
Спасылкі
Катэгорыя:Селішчы Віцебскага раёна Катэгорыя:Гарадзішчы Віцебскага раёна Катэгорыя:Курганныя могільнікі Віцебскага раёна Катэгорыя:Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Старое Сяло (Віцебскі раён)