Францішка Уршуля Вішнявецкая (, Стары Чартарыйск, Каралеўства Польскае, цяпер Валынская вобласць Украіны — , Наваградак, Вялікае Княства Літоўскае, цяпер Гродзенская вобласць Беларусі) — пісьменніца, першая вядомая жанчына- Вялікага Княства Літоўскага, і .

У літаратуры больш вядомая як Францішка Уршуля Радзівіл, пад прозвішчам у шлюбе з князем Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам.

Біяграфія З княжацкага роду Карыбут-Вішнявецкіх, адзіная дачка кракаўскага кашталяна Януша Антонія Карыбута Вішнявецкага і Тэафілі Таіды з Ляшчынскіх. Атрымала выдатную хатнюю адукацыю: авалодала некалькімі еўрапейскімі мовамі, добра ведала сусветную літаратуру, пісала вершы. У доме Вішнявецкіх панавала творчая атмасфера: бацька Францішкі быў здольным прамоўцам і літаратарам, пісаў духоўныя трактаты, панегірыкі і рэлігійныя песні. Пры яго двары ў Чартарыйску дзейнічала капэла, а дзядзька князёўны, Міхал Сервацый Вішнявецкі, меў прыдворны тэатр і, магчыма, сам пісаў для яго п’есы.

Выйшла замуж у 20 гадоў, даволі позна ў разуменні таго часу. Муж Францішкі Уршулі — князь Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч і мецэнат, быў найбагацейшым магнатам Рэчы Паспалітай, а таксама галавою роду Радзівілаў. Тагачаснае жыццё ў Нясвіжы нельга было ўявіць без свят, банкетаў, паляванняў, шэсцяў, парадаў і гульняў. З ініцыятывы Францішкі Уршулі да іх далучыўся і тэатр — забава каралеўскага гатунку, у сталічнай Варшаве завадатарамі тэатральных імпрэз на той час заставаліся выключна каралі Аўгуст II і Аўгуст III.

Паколькі князь Міхал часта адсутнічаў у Нясвіжы з прычыны ўдзелу ў сеймах і трыбуналах, а таксама ў рэгулярных аб’ездах іншых сваіх уладанняў, маладая княгіня асабіста займалася вырашэннем большасці пытанняў па гаспадаранню і кіраўніцтву ў ардынацыі. Яна кіравала рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка пасля разбуральных войнаў са Швецыяй, бараніла Нясвіж ад наездаў расійскіх войскаў у 1730-х гадах, упарадкавала і папоўніла княжацкую бібліятэку, аднавіла друкарню. Вельмі рэдка пакідаючы Нясвіж, яна разгарнула вялікую культурна-прапагандысцкую і хрысціянска-асветніцкую дзейнасць. Літаратурны талент і здольнасці да прыгожых мастацтваў дазволілі княгіні Францішцы ў дастаткова кароткі тэрмін зрабіць Нясвіж адным з цэнтраў культурнага жыцця ў дзяржаве.

Захапленне Міхала Казіміра і Францішкі Уршулі тэатрам пачалося ў 1740 г., калі іншаземнай трупай у Нясвіжскім замку быў пастаўлены першы спектакль па п’есе «Прыклад справядлівасці». Потым пастаноўкі наладжваліся сваімі сіламі. Спачатку паказвалі камедыі Мальера, «Заіру» Вальтэра, п’есы іншых еўрапейскіх аўтараў. Найбольш поўным жыццём радзівілаўскі тэатр пачаў жыць пасля 1746 г., калі яго ўзначаліла Францішка Уршуля. Да гэтага часу адносяцца і яе першыя драматургічныя творы. Амаль штогод з-пад пяра княгіні з’яўлялася па некалькі новых п’ес. Яны мелі павучальны сэнс. У адных Францішка Уршуля гаварыла аб неабходнасці адукацыі, у другіх — асуджала няверных мужоў ці захаплялася жаночай дабрачыннасцю, шчырасцю. Аднак дамінуючай тэмай яе драматургіі было каханне. Аб гэтым сведчаць нават красамоўныя назвы п’ес: «Каханне — зацікаўлены суддзя», «Каханне — дасканалы майстар», «Дасціпнае каханне» і інш.

У творчасці Ф. У. Радзівіл можна вылучыць два перыяды. Першы (1725—45) быў двухмоўным, а ў жанравых адносінах — пераважна паэтычна-эпісталярным. Найбольш плённы перыяд драматургічнай творчасці і дзейнасці тэатра ў Нясвіжы прыпадае на 1746—52 гады, калі сама княгіня кіравала культурным жыццём у ардынацыі.

Апошнюю пастаноўку ў нясвіжскім тэатры 1752 г. «Дыярыуш» Міхала Казіміра Радзівіла датуе 27 лістапада, калі была выканана «аперэтка Еўропы» (г.зн. опера «Шчаслівае няшчасце»). Яшчэ раней, у кастрычніку, княгіня захварэла так цяжка, што нават напісала развітальны ліст мужу. Яна пражыла яшчэ паўгода. Хвароба, якая адступіла ў першыя месяцы 1753 г., нечакана абвастрылася 18 мая, калі княгіня, едучы ў Гродна, вымушана была спыніцца ў Пуцэвічах, вёсцы каля Наваградка. 19 мая хворую перавезлі ў Наваградак, дзе яна і памерла 23 мая ў доме бабруйскага старасты Лопата.

Паэзія Францішка Уршуля Радзівіл з’яўляецца аўтаркай каля 80 паэтычных (недраматычных) твораў рознага аб’ёму — ад чатырох да ста пяцідзесяці радкоў. Жанравая сістэма і вобразна-мастацкая палітра яе паэзіі фарміравалася ў рэчышчы еўрапейскай слоўнай культуры эпохі барока і ранняга Асветніцтва. Творчая праграма паэткі грунтавалася на класічнай літаратурнай спадчыне антычнасці (творах Цыцэрона, Авідзія, Сенекі), фарміравалася пад уплывам заходнееўрапейскай (найперш французскай класіцыстычнай) паэтычнай школы XVII ст. (паэзіі Франсуа Малерба, Жана Лабруйера), але ў непасрэднай сувязі з мастацкімі здабыткамі айчыннай культуры Рэнесансу і барока (творамі Яна Каханоўскага, Андрэя і Гераніма Морштынаў ды інш.).

Першыя (зафіксаваныя ў рукапісах) паэтычныя вопыты княгіні Ф. У. Радзівіл нарадзіліся ў межах эпісталаграфіі. 3 вялізнай колькасці (больш за 1300) лістоў княгіні Францішкі найбольшую цікавасць уяўляюць чатыры вершаваныя допісы да мужа. У паэтычных творах гэтага жанру знайшла выяўленне канцэпцыя ліста-размовы, якая сфарміравалася яшчэ ў антычнай тэорыі эпісталаграфіі і набыла папулярнасць у французскай салоннай паэзіі XVIII ст. Аўтарка, згодна прадпісанням Цыцэрона, піша свае лісты «cotidianis verbis» («у паўсядзённых словах»). Традыцыйныя эпісталаграфічныя формулы спалучаюцца з «інфармацыяй сэрца».

Усе чатыры паэтычныя лісты да князя Міхала прасякнуты пачуццём тугі ў расстанні, нясуць на сабе моцную адзнаку гарачага суб’ектыўнага пачуцця. Тым не менш, паэтка пісала свае пасланні, яўна разлічваючы на больш шырокага адрасата, бо паміж радкоў яна фармулюе асноўныя пункты кодэкса ідэальнага кахання: вечная вернасць, прызнанне кахання найдаражэйшай каштоўнасцю, бязмежная туга і страта цікавасці да жыцця ў расстанні з каханым. С. Васілеўскі, характарызуючы паэтычныя лісты княгіні Радзівіл, бачыў у іх «буйную квецень пачуццяў без літаратурнай пудры і прычоскі»Wasylewski S. U księżnej pani. Lwów, 1922. S. 4-5..

Шэраг паэтычных твораў Ф. У. Радзівіл прасякнуты выразным дыдактызмам. Парэнетычная накіраванасць з’яўляецца ідэйнай дамінантай паэтычнага твора княгіні пад назваю «Перасцярогі збавенныя alias інфармацыя жыцця…», які быў напісаны пасля нараджэння дачкі Ганны Марыі ў 1732 і прысвечаны ёй, а неўзабаве пасля смерці княгіні, у 1753, быў надрукаваны нясвіжскімі езуітамі. Пасля ўступнай малітвы ў пятнаццаці пунктах аўтарка фармулюе асноўныя пастулаты цнатлівага жыцця. Традыцыйныя хрысціянскія ўяўленні пераплятаюцца тут з гуманістычнымі духоўнымі каштоўнасцямі, якія бяруць пачатак у «Маральных лістах да Луцылія» Сенекі. Так, парады «славіць у Тройцы Адзінага Пана», пазбавіцца пыхі, пазбягаць распуснасці і ляноты, шанаваць бацькоў спалучаюцца з услаўленнем мудрасці, сцвярджэннем прыярытэту духоўных каштоўнасцяў перад аздобамі жыцця. I калі парады набліжацца да ідэалу святасці (бясконцай спагаднасці і дабрачыннасці) інтэрпрэтуюцца ў рэчышчы хрысціянска-гуманістычнай дактрыны, то заклік да стрыманасці стасуецца таксама з уяўленнямі эпікурэйцаў і стоікаў пра ціхамірнасць душы, не абцяжаранай зайздрасцю і хцівасцю. Арганізуючым пачаткам усяго добрага і станоўчага прызнаецца Бог, таму ў апошнім пункце парада «запаведзяў трымацца старанна» спалучаецца з пажаданнем Боскага блаславенства для маленькай дачкі.

Толькі трое з сямі народжаных дзяцей Францішкі і Міхала Радзівілаў дасягнулі паўналецця. Страта кожнага дзіцяці была прычынаю вялікіх душэўных пакут для маці, і некаторыя з трагічных выпадкаў спрычыніліся да напісання жалобных вершаў. Так, з нагоды смерці двухгадовага першынца ў 1729 быў напісаны «Надмагільны надпіс… Мікалаю Крыштофу Радзівілу», а смерць 17-гадовага Януша ў 1750 выклікала да жыцця «Спачуванне над сынам» («Развітанне з сынам…»). Абодва фунеральныя творы паводле жанравых адметнасцяў набліжаюцца да эпіцэдыя, які, у адрозненне ад пераважна лірычнай і інтравертаванай эпітафіі, вылучаўся рытарызмам і быў насычаны панегірычнымі элементамі. Так, смерць маленькага сына Мікалая асэнсоўваецца ў тыповых вобразах элегічнай барокавай паэзіі, большасць якіх канцэнтруецца вакол матыва «жніва смерці». Такі выбар аўтаркі дазваляе ёй стварыць адмысловы паэтычны аксюмарон: Мікалай, які нарадзіўся ў маі, а памёр у чэрвені, прыпадабняецца да «майскай кветкі», якую заўчасна, яшчэ летам, сцяла каса смерці, або да маладога звера, загнанага паляўнічымі ў маі (у той час як паляваць дазваляецца толькі восенню).

Аплакванне Мікалая — гэта не толькі і не столькі асабісты боль маці, колькі ўсведамленне незваротнай страты для магнацкіх родаў Радзівілаў і Вішнявецкіх, для дзяржавы. Адыход з жыцця княжыча асэнсоўваецца праз геральдычныя знакі герба Радзівілаў (арла і трубы) і Вішнявецкіх (зорка, крыж і месяц), праз дамінуючыя колеры (жоўты і блакітны) гэтых гербаў, праз кароткі экскурс у гісторыю славы двух каралеўскіх родаў. Толькі зрэдку голас мацярынскай роспачы прарываецца праз пакорлівыя словы малітвы да Бога, праз узнёсла-сімвалічныя рытарычныя пасажы.

Цыкл вершаваных партрэтаў «Апісанне дам яснавяльможнай княгіні Ям-ці Радзівіл, канцлеравай В. Кн. Літ.» быў напісаны, найверагодней, у 1733, калі княгіня Францішка гасцявала ў свекрыві (той самай згаданай у загалоўку канцлеравай) Ганны Кацярыны Радзівіл з Сангушкаў. Гэта — тыповы ўзор прыдворнай паэзіі, створаны пад уплывам французскай салоннай культуры XVII ст. Вершаваныя партрэты Ф. У. Радзівіл — пераважна кампліментарныя, яны выконвалі рэкрэатыўную функцыю, а таму адрозніваліся слоўнай вытанчанасцю, перыфрастычнасцю.

Загадкі, складзеныя паэткай, былі змешчаны ў выданні яе драматычных твораў 1754 пасля тэксту трагедыі «Справа Боскай наканаванасці». У некаторыя свае загадкі княгіня Францішка ўплятала павучанне (паказальная ў гэтым плане загадка пра золата). Функцыянальна гэта жанр энігматычнага.

Актыўная ў свецкім жыцці княгіня Францішка не абмінала ў паэтычнай творчасці адметных фактаў прыватнага жыцця свайго атачэння. Так узнік шэраг вершаў з пэўнай нагоды. Паэтычныя творы разнастайныя паводле зместу і настрою. Гэта вершы-прывітанні, вершы-развітанні, вершы-падзякі, суправаджальныя вершы і г.д. Нагодаю для напісання верша магло стаць вяселле або праявы пачуццяў сяброўскай прыязнасці, ці нават княжацкае паляванне або дасыланне пячаткі Лявонам Міхалам Радзівілам яго жонцы Ганне з Мыцельскіх.

Значную частку паэтычнай спадчыны княгіні Радзівіл складаюць лірычныя вершы, у якіх аўтарка імкнецца зафіксаваць праявы «самаўладдзя душы». Нясвіжская паэтка выказвае сваё асабістае разуменне сутнасці ўзаемаадносін паміж жанчынай і мужчынам («Я часта тых людзей не разумею…», «Няшчырыя зменных афектаў забавы…»), з вышыні жыццёвага вопыту ацэньвае сучасную ёй эпоху («Чытаць характары хто ўмее…»), фармулюе ўласную стратэгію ўнутранага жыцця («Жальба», «Верш з нараканнем на замужжа»). Пры гэтым аўтапрэзентацыя датычыцца найчасцей сферы яе інтымных пачуццяў.

Лірычныя вершы часам апранаюцца ў формы традыцыйнай рэлігійнай паэзіі. Але і вершы, звернутыя да Бога, становяцца паэтычнымі ілюстрацыямі розных станаў душы хрысціянкі, якія адпавядаюць тром часткам ружанца (радаснай, жалобнай і хвалебнай): гэта вызнанне веры і пакорлівая малітва («Божа, Ты свету ўсяго абаронца…»), або скрушныя ўспаміны пра пакуты Хрыста (вольная травестацыя гімна «Stabat Mater» «Езу, з ран тваіх крывавіць…»), або славаслоўнае замілаванне цудам Боскага стварэння («Заклік да стварэнняў славіць свайго Створцу»). Іншым разам біблейскі топас можа служыць мастацкім фонам для разгортвання маральнага канцэпту аўтаркі (верш «Пра рай салодкія ўспаміны»). Менавіта лірычныя вершы княгіні Радзівіл — найбольш паслядоўныя ў засваенні эстэтыкі і стылістыкі барока.