Маскавічы, або Маскаўцы — гарадзішча днепра-дзвінскай культуры каля в. Маскавічы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 0,3 км на поўдзень ад вёскі, на беразе воз. Дзерба.

Апісанне Пляцоўка няправільнай формы, плошчай 1 га. З паўночнага і ўсходняга боку абкружана балоцістай нізінай, з захада — возерам. Паўночны бок мае плаўны схіл.

Гісторыя На рубяжы нашай эры гарадзішча было ўмацавана драўляным плотам, у XI—XII стагоддзях на ім зроблены сцены з тоўстых гарызантальна пакладзеных бярвёнаў. У XII—XIII стагоддзях з’яўлялася памежнай крэпасцю на паўднёва-заходняй ускраіне Полацкага княства, магчыма, было сядзібай-замкам, або гандлёвай факторыяй.

На пасяленні жылі славяне (крывічы), прадстаўнікі ўсходнебалцкіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў. Знаходкі абломкаў касцей з рунічнымі надпісамі сведчаць аб наяўнасці на гарадзішчы слядоў скандынаваў.

Даследаванні

Выявіў у XIX стагоддзі Ф. В. Пакроўскі (як Рацішскае гарадзішча). Абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе — М. М. Чарняўскі. У 1976—1988 гадах раскопкі праводзіла Л. У. Дучыц — ускрыта 2200 м² плошчы.

Культурны пласт у цэнтры, на паўночным і заходнім схілах ад 0.2 да 0.3 м, на заходняй тэрасе дасягае 1.2 м. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, жалезныя нажы, замкі, ключы, крэсівы, нажніцы, сякеры, косы, сярпы, прыстасаванні для рыбнай лоўлі, конская збруя і рыштунак конніка, наканечнікі стрэл і дзідаў, шпоры, страмёны, вырабы з косці: грабяні, гузікі, праколкі, тронкі нажоў, керамічныя і шыферныя прасліцы, бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі, фібулы, пацеркі і інш.

Выяўлены 4 крыжы-энкалпіёны. На адным з іх на вонкавым баку распяцце, на адваротным — выява Маці Божай з дзіцём. З абодвух бакоў па краях — медальёны з выявамі святых. Два іншыя складні па форме аднолькавыя, у іх расшыраныя канцы з кроплепадобнымі выступамі па вуглах. Адзін з іх упрыгожаны эмаллю і пазалотай.

Рэшткі пабудоў не былі выяўлены, аднак ускосныя дадзеныя сведчаць пра комплексную забудову гарадзішча. Верагодна, жытлы былі наземныя, зрубавыя, па форме блізкія да квадрата, памерамі 16—25 м². Пад ніжнімі вугламі знойдзены драўляныя і мураваныя падкладкі. Сцены былі складзены з круглых абчасаных бярвёнаў дыяметрам 0.15—0.2 м, пазы абмазваліся глінай. Падлога была драўлянай і глінабітнай з пясчанай, або глініста-земляной падсыпкай.

Печы — глінабітныя на слупавых апечках. Адна печ даўжынёй 1 м, шырынёй 0.6 м, вышынёй скляпення 0.6 м захавалася добра, у ёй знойдзены вуголле, рэшткі керамікі і бронзавы арнаментаваны бранзалет.

Гаспадарчыя ямы памерамі ад 0.5×0.5 м да 1×1.5 м былі заглыблены ў мацярык на 0.1—1.2 м. Сценкі некаторых абмазаны глінай, і верагодна, што ў іх захоўваліся харчовыя прыпасы.

У 1982, 1983, 1985 і 1988 гадах у возеры Дзерба, якое прымыкае да гарадзішча, праводзіліся гідраархеалагічныя даследаванні і падводныя раскопкі. У культурным пласце 0.2—0.3 м былі знойдзены цыліндрычны замок, шыфернае прасліца, фрагмент сіняга шклянога пярсцёнка, медная блешня, кераміка і іншае. Гэта дае падставу меркаваць пра існаванне на гэтым месцы пасада, які з цягам часу апынуўся пад вадой.

Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры, Полацкім краязнаўчым музеі.

Літаратура

— С. 62—63 Дучыц Л. У. Гарадзішча //  — С. 152. Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына. Гісторыя і археалогія гарадзішча Маскавічы: зборнік навуковых артыкулаў // Інстытут беларускай гісторыі і культуры (Рыга), Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя В. Ластоўскага. 2013. – 386 с. Дучыц Л. У. Маскавiчы // Полоцкий летописецъ. № 1 (2). Полоцк, 1993. Дучиц Л. В., Мельникова Е. А. Надписи и знаки на костях с городища Масковичи (Северо-Западная Белоруссия) // Древнейшие государства на территории СССР, 1980. Москва: 1981. C. 185—216. Дучыц Л. У. Маскавіцкае гарадзішча (XI—XIII ст.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук, 1980. Плясун В. Ю.'' Сведкі далёкай гісторыі Маскавіч // Образование ХХІ века, 2010. С. 306—307.

Спасылкі

Катэгорыя:Гарадзішчы Браслаўскага раёна Катэгорыя:Маскавічы Катэгорыя:Днепра-дзвінская культура Катэгорыя:XI стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў XI стагоддзі