А́сгард (Ásgarðr, Asgard, Asgård) — у скандынаўскай міфалогіі нябесны горад, мясціна богаў-асаў. Акрамя багоў і багінь, у Асгардзе жывуць дзяўчаты-ваяўніцы — валькірыі. Адзін з трох каранёў Дрэва Міру — Ігдрасіля — цягнецца ў бок Асгарда. У Малодшай Эдзе распавядаецца, што Асгард быў пабудаваны ётунам-муляром з дапамогай свайго каня Свадзільфары, і за гэта асы павінны былі аддаць сонца, месяц і багіню Фрэю. Але Локі, ператварыўся ў кабылу і адцягнуў каня Свадзільфары ад працы, і, як праца не была зроблена ў тэрмін, багі ўніклі адплаты. А волат быў забіты Торам, калі ў гневе стаў кідаць у асаў будаўнічыя камяні.
У Асгардзе размешчана Вальхала, жытло загінулых у баі ваяроў.
Паводле еўгемерычнай традыцыі, адлюстраванай у «Коле зямным» Сноры Стурлусана, Асгард — гэта рэальная зямная крэпасць, размешчаная на ўзбярэжжы Чорнага мора паблізу падзеленага на два рукавы вусця ракі Танаіс (Дону), што не адпавядае актуальнай геаграфічнай сітуацыі. Між тым, паводле апошніх даследаванняў, старажытны Танаіс і праўда ўпадаў непасрэдна ў Чорнае мора, абмінаў з усходу багністую мясцовасць на месцы сучаснага Азоўскага мора. Пры гэтым вусце Танаіса (сучасны Керчанскі праліў) практычна супадала з вусцем Гіпаніса (Кубані), а абодва вусці былі падзеленымі вялікай выспай рукавамі, якія можна атоесніць з Ванаквіслам і Танаквіслам — рукавамі Танаіса, згаданымі Сноры Стурлусанам як месца рассялення ванаў і асаў.
З гэтага вынікае, што легендарнымі ванамі былі іанійскія грэкі, якія каланізавалі ў сярэдзіне І тыс. да н.э. Керчанскі паўвостраў — іанійцы, этнонім якіх на мясцовым пракрыце гучаў як «яваны». Асамі, у сваю чаргу, былі сінды («народ ракі» на пракрыце), што ў гэты перыяд стварылі пачаткі дзяржаўнасці на Таманскім паўвостраве. Асабліва паказальная у гэтым сэнсе адна з этнапалітычных груп сіндаў — аспургіяне — якія былі ізаляванай супольнасцю цяжкаўзброеных вершнікаў, мелі спецыфічны пахавальны рытуал (пахаванні з коньмі). Іх сацыёнім «аспургіяне» гэта элінізаваны варыянт пракрыцкага дэматыкона, роднаснага санскрыцкаму As-puraukas ‘жыхар крэпасці / горада асаў’ або ‘жыхар Асгарда, асгардзец’. Сам Асгард, хутчэй за ўсё, можна атоесніць з Лабрысам (Сямібратнім гарадзішчам)Даніленка, С. І. Асгард: геаграфічная лакалізацыя і этнічная атрыбуцыя // Thesaurus: зборнік навуковых прац: / М-ва ўнутр. спраў Рэсп. Беларусь, установа адукацыі «Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь»; пад агул. рэд. канд. філал. навук, дацэнта С. В. Венідзіктава. — Вып. V. Індагерманаславіка. — Магілёў : Магілёўскі інстытут МУС, 2018. — С. 3-41..
Кроскультурнае ўзаемадзеянне іанійцаў і сіндаў, адлюстраванае ў скандынаўскай міфалагічнай традыцыі як узаемадзеянне ванаў і асаў, прывяло да ўзнікнення Баспорскага царства. Вынікам ранняй эканамічнай экспансіі часткі гэтай супольнасці стала з’яўленне асаў у Скандынавіі і Прыбалтыцы.
Крыніцы
Катэгорыя:Міфалогія Катэгорыя:Сярэдневяковая міфалогія