Медаль «Беларускія Вэтэраны на Чужыне» — узнагарода, зацверджаная Прэзідэнтам БЦР Радаславым Астроўскім да 30-годдзя знаходжання БЦР у ЗША.
Гісторыя 10 кастрычніка (паводле Ціта Мазырца 10—14 кастрычніка) 1976 года за тыдзень да сваёй смерці Радаслаў Астроўскі зацвердзіў тры ўзнагароды БКА. Трэцяй з іх, паводле парадку ў пераліку, быў Медаль «Беларускія Вэтэраны на Чужыне».
Усе тры ўзнагароды прызначаліся для ўзнагароджання беларусаў з шэрагу прыхільнікаў Беларускай цэнтральнай рады на эміграцыі. Разам тымі медалямі выдаваліся дыпломы. Медаль «Беларускія Вэтэраны на Чужыне» прызначаўся для «ўдзельнікаў збройнага змагання за дзяржаўную незалежнасць Беларускай Рэспублікі».
Апісанне Медаль меў жоўтую стужку, у цэнтры круглага знаку змяшчаўся шчыт з выявай шасціканцовага крыжа і англамоўным надпісам «B. V. in exile» (B. V. — Belarusian Veterans, беларускія ветэраны), а па канце — дзве лаўровыя галінкі і тры зоркі ўверсе. На адваротным баку надпіс у 5 радкоў: «Беларускія вэтэраны на чужыне БЦР». Вырабляўся медаль з бронзы.
Артэфакты Асобнік медаля «Беларускія Вэтэраны на Чужыне» захоўваецца ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
Спасылкі Значкі, жэтоны, медалі Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына № 5, 1992. — С. 38-41; № 1, 1993. — С. 53-56.
Катэгорыя:З’явіліся ў 1976 годзе Катэгорыя:1976 год у ЗША Катэгорыя:Беларуская дыяспара Катэгорыя:Узнагароды Беларускай цэнтральнай рады