Войска Вялікага Княства Літоўскага — арганізаваныя вайсковыя сілы Вялікага Княства Літоўскага з сярэдзіны XIII стагоддзя да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе.
Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага ў сваім развіцці прайшлі тры этапы: княжыя дружыны і масавае ўсеагульнае рушэнне — «пагоня» (XII—XV стагоддзі); паспалітае рушэнне, падмацаванае прафесійным шляхецкім войскам (XV—XVII стагоддзі); прафесійнае войска, нанятае магнатамі і дзяржавай (XVII—XVIII стагоддзі).
Гісторыя і арганізацыя
XIII—XV стагоддзі Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага з’явіліся адначасова са ўзнікненнем самой дзяржавы ў сярэдзіне XIII стагоддзя. Па прынцыпах фарміравання былі падобнымі да ўзброеных сіл суседніх зямель — складаліся з дружын і народнага апалчэння. Народнае апалчэнне, мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны (expeditio generalis) або аднаго ці некалькіх рэгіёнаў дзяржавы (пазней паветаў і ваяводстваў), збіралася толькі ў выпадку неабходнасці дапамогі ў абароне, пераследу ворага і падобнага. Пераслед ворага быў абавязкам кожнага мужчыны, здольнага насіць зброю, гэты старадаўні ўжо ў канцы XIV стагоддзя звычай-абавязак называўся «пагоняй». Пад такой назвай яго фіксуе прывілей 1387 года караля Уладзіслава Ягайлы. Узбраенне, дасведчанасць і эфектыўнасць народных апалчэнняў былі кепскімі ў параўнанні з княжымі дружыннікамі (armigeri) і наймітамі, а магчымасці ўтрымаць масу нематываваных ваяроў разам працяглы час не дзеля ўласнай абароны ў дзяржавы не было.
Да XV стагоддзя дружынная кавалерыя адыгрывала галоўную ролю, пяхота цанілася менш. Конны баярын і яго два і болей баявых слуг (збраяносцы, пешыя або конныя, стралкі з лука ці арбалета) складалі галоўную баявую адзінку таго часу — кап’ё. «Кап’ё» складалася з уласна феадала і яго 2—4 баявых слуг — пахолкаў; таксама «кап’ё» магло быць сфарміравана з некалькіх незаможных баяр з розным узбраеннем і іх слуг-пахолкаў. 70—150 коп’яў складалі харугву. Дружыны былі асноўнай ударнай сілай, здольнай весці бой у конным і пешым парадку. Пазней баяры склалі значную частку шляхты — ваенна-служылага стану Вялікага Княства Літоўскага. Баяры-шляхта сярэдняга дастатку, апроч саміх сябе, выстаўлялі ў войска 2—3 і болей ваяроў у «добрых даспехах і на клячы». Усе збіраліся ў зямельныя (рэгіянальныя, пазней павятовыя) падраздзяленні пад сцягамі (харугвамі) адпаведных зямель, або князёў.
Буйныя феадалы адпраўлялі «на ласку гаспадарскую» на вайну свае асабістыя падраздзяленні служылых баяр пад уласнымі гербавымі харугвамі. Прыватныя атрады князёў і паноў называліся почтамі. Выстаўлялі ваяроў і станы, чый статус быў паміж шляхтай і сялянствам: былыя ваенныя слугі і збяднелыя баяры — путныя баяры, панцырныя баяры, ардынскія слугі, замкавыя слугі і іншыя. За вайсковую службу яны вызваляліся ад падаткаў і павіннасцяў з зямлі або плацілі іх меней. Татары ў Вялікім Княстве Літоўскім, паводле ўмоў іх пасялення, былі абавязаны асабіста служыць вялікаму князю; пазней, калі іх надзелы-трыманні-маёнткі пераходзілі да хрысціян, тыя таксама выстаўлялі з іх лёгкага конніка.
Паспалітае рушэнне XV—XVII стагоддзяў У XV—XVI стагоддзях узрасло значэнне баярскага (рыцарскага) войска. У выпадку вайны кожны князь, пан, баярын і татарын, незалежна ад велічыні зямельнага трымання або маёнтка, павінен быў сам ісці ў паход у поўнай зброі. Акрамя таго, кожны землеўладальнік, залежна ад матэрыяльнага стану, быў абавязаны выстаўляць пэўную колькасць вершнікаў («коней») і пехацінцаў (драбаў), таксама ў поўнай зброі. За права валодання зямлёй феадал, паводле Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1529 года, адпраўляў на вайну аднаго «каня» з 2400 моргаў («конь» — узброены вершнік, незаможныя баяры самі выступалі гэтым «канём», заможныя выстаўлялі некалькі «коней», якімі апроч уласна іх былі іх залежныя баяры, ваенныя слугі або наёмнікі).
Першая спроба дзяржаўнага ўнармавання вайсковай павіннасці ў маштабах усёй дзяржавы адбылася ў 1502 годзе на сойме ў Навагрудку, калі было пастаноўлена выстаўляць аднаго каня з 10 сялянскіх службаў. У 1528 годзе норма змянілася на аднаго каня з 8 службаў. Форма арганізацыі войска паводле зямельнага абавязку шляхты і мяшчанства называлася паспалітам рушэннем ().
Мабілізацыя паспалітага рушэння звычайна займала каля месяца, хоць у экстраных выпадках, як падчас клецкай кампаніі 1506 года, збор войска за 10 дзён лічыўся гранічна складаным заданнем. Магнаты мелі магчымасць адпраўляць палову сваіх почтаў неадкладна пасля загаду, у той час як другая палова рыхтавалася да агульнага тэрміну збору. Невыкананне шляхтай тэрмінаў збору было настолькі пашыраным, што ў 1507 годзе ўрад вымушаны быў замяніць смяротнае пакаранне за першае спазненне на штраф у 100 рублёў, каб унікнуць празмерных рэпрэсій супраць значнай часткі рыцарства.
У войску дзейнічалі палявыя трацейскія суды, якія разглядалі спрэчкі паміж ваярамі; вядомы выпадак 1514 года, калі суд прысудзіў кампенсацыю за коней, скрадзеных падчас нясення варты.
На пачатку XVI стагоддзя пачала фармавацца іншая форма арганізацыі ўзброеных сіл — асобныя атрады дваран гаспадарскіх, якія па сутнасці былі тыпам надворнага (пастаяннага) войска. Яны былі мабільнай сілай, якую манарх мог сабраць значна хутчэй за паспалітае рушэнне. Значную частку дваран гаспадарскіх на пачатку XVI стагоддзя складалі таксама эгзулянты — дробная і сярэдняя шляхта, якая пакінула маёнткі на ўсходніх землях (Бранск, Смаленск і іншыя), захопленых Масквой. Каля чвэрці гэтага корпуса дваран складалі ўцекачы з суседніх дзяржаў — Масквы, Разані і Малдавіі.
У пачатку XVI ст. вылучалі «зброю стральчую» — палегчаны тып рыштунку (звычайна без абароны ног), які выкарыстоўваўся лёгкай і сярэдняй кавалерыяй. Для барацьбы з цяжкаўзброенай кавалерыяй эфектыўна выкарыстоўвалася ўдарна-раздрабняльная зброя: перначы (буздыганы) і кісцені. Вайсковая эліта надавала вялікую ўвагу параднаму выгляду сваіх атрадаў; напрыклад, у 1516 годзе ў арсенале пана Солтана зафіксаваны страўсавыя пёры, аздобленыя золата, для ўпрыгожвання рыштунку пахолкаў.
Большую частку баярскага апалчэння Княства складалі цяжкаўзброеныя вершнікі (рыцарства — капійнікі). Яны былі ўзброены доўгімі коп’ямі-дзідамі для тараннага ўдару і кароткімі (вошчапамі, суліцамі, рагацінамі для мятання і бою на кароткай дыстанцыі), мячамі і кляўцамі, мелі надзейны ахоўны рыштунак, цяжкіх коней. З ахоўнага ўзбраення на пачатку XVI стагоддзя выкарыстоўваліся шаломы (у тым ліку традыцыйныя для Русі шаломы з барміцамі), капаліны, прылбіцы (арметы), салады, а таксама брыгантыны (бехцеры), люстэркавыя даспехі і кірасы (зброі бляховыя). Традыцыйнай аховай былі таксама панцыр і шчыты розных формаў, у тым ліку павезы. Сярод баявой зброі асабліва папулярным стаў корд, які выкарыстоўваўся нават як сімвалічнае азначэнне зброі ўвогуле. Пры неабходнасці выкарыстоўваліся таксама рагаціны і вошчапы, а суліца прызначалася для кідання ў праціўніка. Іншая частка — стральцы — мела лукі або арбалеты (кушы). Ваяры складалі невялікія атрады — коп’і, якія аб’ядноўваліся ў харугвы (сцягі). Харугвы камплектаваліся па тэрытарыяльным прынцыпе або выстаўляліся буйнымі землеўладальнікамі (князямі). Да бою харугвы шыхтаваліся звужанымі наперадзе калонамі. Спераду размяшчаліся цяжкаўзброеныя капейнікі, за імі лягчэйшыя і стральцы. Да канца XVI стагоддзя шляхецкае апалчэнне Княства складалася практычна выключна з коннікаў. Пяхота выкарыстоўвалася ў асноўным для аховы замкаў і абозаў, пры будаўніцтве палявых умацаванняў, дарог і грэбляў для перамяшчэння войска або ў крытычныя моманты бітвы. Каб ператварыць абоз у абаронены табар, павозкі ставіліся колам або замкнёным перыметрам, іх маглі акоўваць жалезам і звязваць ланцугамі. З 1382 года вядома пра выкарыстанне ў Княстве артылерыі.
У пачатку XVI стагоддзя ў ваеннай справе адбыліся значныя змены. Масава пачала ўжывацца агнястрэльная зброя — гакаўніцы, марціры і гарматы, як пры аблогах, так і ў палявых бітвах. На пачатку XVI стагоддзя ў палявых бітвах пачалі выкарыстоўваць мабільныя гарматы на колах — гуфніцы. Як палявое тактычнае пастраенне кавалерыя і пяхота пачала ўжываць караколі-контмаршы: калі шэрагі стральцоў змяняюць адзін другога пасля залпу з агнястрэльнай зброі. З’явілася вайсковая спецыяльнасць артылерыстаў — «пушкароў», якія абслугоўвалі гарматы і рабілі для іх «порахі». Найбольш вядомыя вялікалітоўскія вайсковыя тэарэтыкі сярэдзіны XVII стагоддзя — артылерыст Казімір Семяновіч і матэматык, картограф і архітэктар Юзаф Нарановіч-Наронскі. Аднак у Вялікім Княстве з прычыны ваенных рабаванняў і знішчэння інфраструктуры, нястачы дзяржаўных інвестыцый не атрымалася стварыць моцную дзяржаўную артылерыю і фартыфікацыю. Пад дзяржаўныя вайсковыя патрэбы прыцягвалі прыватныя арсеналы. У 1609—1611 гадах пры аблозе Смаленска вялікалітоўскія войскі мелі 30 гармат з Рыгі і Слуцка, а маскоўцы — 170 гармат. У 1676 годзе артылерыя Княства мела 47 гармат. Тым самым часам радзівілаўскія Слуцк — 53, а Нясвіж — 50 гармат. Аднак Паўночная вайна 1700—1721 гадоў вынішчыла гарматны парк паўсюль у Княстве. Толькі Радзівілы здолелі падняць колькасць прыватнага парку гармат да корпуса артылерыі ў 1760-я гады.
Неабходнасць вядзення войнаў з лёгкімі і хуткімі вершнікамі праціўніка, з татарамі і маскоўцамі, спарадзіла новыя віды кавалерыі — гусараў, , казакаў. Паспалітае рушэнне збіралася вельмі працяглы час, таму былі неабходны сталыя гарнізоны ў памежных замках, якім плаціў, забяспечваў ежай і ўсім неабходным або вялікі князь, або горад, або магнат. З сярэдзіны XVI стагоддзя на небяспечных памежжах з Масквой і татарамі пачалі фармавацца тэрыторыі, дзе нешляхецкае насельніцтва са статусам казакаў і баяр несла вайсковую службу і карысталася асаблівым прававым статусам. Узбагачэнне шляхты і рост яе правоў сталі грунтам яе жадання перакласці абавязак асабістага ўдзелу ў вайне на найманыя войскі. Але войны былі працяглымі, на далёкіх тэрыторыях, а замежныя найміты былі дарагімі. Сяляне былі вызвалены ад абавязку ўдзелу ў абароне. Вайсковая-«рыцарская» служба вылучала і ставіла шляхту вышэй за іншыя станы грамадства. Нехта са шляхецкай сям’і абавязаны быў служыць: калі не бацька, то сыны, браты, калі ў сям’і не было дарослых мужчын — жанчыны давалі грошы на павятовую харугву.
Прафесіяналізацыя войска Для ўліку колькасці і якасці войска, што неабходна для планавання кампаній, праверкі наяўнасці зброі ў шляхты, асабістай навучанасці і баявога заладжвання атрадаў праводзілі попісы і агляды па паветах і агульныя попісы ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. У 1528, 1565, 1567 гадах праводзілі попісы войска Вялікага Княства Літоўскага. Раннія фрагменты попісаў вядомыя таксама з 1509 і 1524 гадоў. Звесткі попісаў (асабліва 1528 года) маглі быць заніжанымі, бо шляхта сама падавала іх і часта імкнулася паменшыць памер сваёй вайсковай павіннасці.
На пачатку XVI стагоддзя пачало фармавацца вайсковае права. Першыя вядомыя ваенныя статуты (артыкулы) былі прыняты на соймах у Мінску 13 жніўня 1507 г. і 5 чэрвеня 1508 г.. Яны вызначалі ўладу гетмана (у прыватнасці Станіслава Кішкі), які меў права караць і ўзнагароджваць жаўнераў, а за дэзерцірства ці наўмыснае раненне прадугледжвалі смяротнае пакаранне.
Другі статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года ўвёў неабходнасць абавязковага атрымання каралём згоды вальнага сойма дзеля абвяшчэння паспалітага рушання. Віленскім земскім прывілеем 1565 года вызначаны дзень штогадовых збораў павятовай шляхты — 8 верасня. Пасля 1613 года былі вызначаны 4-дзённыя зборы раз на 2 гады, таксама 8 верасня.