Навагрудскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Адміністрацыйны цэнтр — горад Навагрудак.
Знаходзіцца на ўсходзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе з Карэліцкім, Дзятлаўскім, Лідскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці, Баранавіцкім раёнам Брэсцкай вобласці, Стаўбцоўскім раёнам Мінскай вобласці.
Гісторыя Паводле археалагічных даследаванняў, Навагрудак узнік у канцы X стагоддзя. За сваю гісторыю горад і рэгіён зведалі перыяды палітычных і культурных уздымаў і заняпадаў.
У сярэдзіне XIII стагоддзя ў Навагрудак з Полацка перамяшчаецца цэнтр палітычнага жыцця і горад становіцца адным з цэнтраў станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
У 1252 годзе князь Міндоўг зрабіў Навагрудак сваёй рэзідэнцыяй, а ў 1253 годзе каранаваўся ў ім, прыняўшы тытул караля. Сын яго Войшалк прадоўжыў палітыку аб’яднання зямель вакол Навагрудка і заклаў моцную аснову новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага.
На працягу многіх стагоддзяў Навагрудак заставаўся адным з самых значных і буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай горад увайшоў у склад Расійскай імперыі. З верасня 1915 года акупаваны войскамі кайзераўскай Германіі, а ў снежні 1918 года заняты Чырвонай Арміяй. З 1919 па 1939 год Навагрудак уваходзіў у склад Польшчы.
Навагрудскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 13 сельсаветаў: Бярозаўскі, Ваўковіцкі, Гарадзечненскі, Драчылаўскі, Жданавіцкі, Кашалеўскі, Корастаўскі, Куравіцкі, Метрапольскі, Налібацкі, Пятрэвіцкі, Суляціцкі, Уселюбскі. З 8 студзеня 1954 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Ваўковіцкі, Драчылаўскі, Корастаўскі, Суляціцкі сельсаветы, утвораны Руткаўскі сельсавет, Жданавіцкі сельсавет перайменаваны ў Ладзеніцкі сельсавет. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Любча, Асташынскі, Ацмінаўскі, Вераскаўскі, Галынскі, Зенявіцкі, Купіскі, Лаўрышаўскі, Нягневіцкі, Шчорсаўскі сельсаветы скасаванага Любчанскага раёнаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідацыі некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 17 снежня 1956 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1956, № 12.. 17 сакавіка 1959 года скасаваны Лаўрышаўскі сельсавет. 15 мая 1959 года вёска Бярозаўка атрымала статус рабочага пасёлка. 10 ліпеня 1959 года скасаваны Куравіцкі сельсавет, 15 жніўня 1959 года — Галынскі сельсавет, 2 сакавіка 1960 года — Бярозаўскі сельсавет, 18 сакавіка 1960 года — Купіскі сельсавет.
25 снежня 1962 года далучаны гарадскі пасёлак Наваельня, Ахонаўскі, Данілавіцкі, Дварэцкі, Навасёлкаўскі сельсаветы скасаванага Дзятлаўскага раёна, а таксама тэрыторыя скасаванага Карэліцкага раёна (гарадскія пасёлкі Карэлічы і Мір, Валеўскі, Варанчанскі, Жухавіцкі, Запольскі, Лукскі, Машэвіцкі, Паланаеўскі, Райцаўскі, Сімакаўскі, Турэцкі, Ушанскі, Цырынскі, Ярэміцкі і Ятраўскі сельсаветы); рабочы пасёлак Бярозаўка перададзены ў Лідскі раён. 7 сакавіка 1963 года Навагрудку нададзены статус горада абласнога падпарадкавання. 27 верасня 1963 года Машэвіцкі сельсавет перайменаваны ў Зарэцкі. 6 студзеня 1965 года гарадскі пасёлак Наваельня, Ахонаўскі, Данілавіцкі, Дварэцкі і Навасёлкаўскі сельсаветы перададзены адноўленаму Дзятлаўскаму раёну; гарадскія пасёлкі Карэлічы і Мір, Варанчанскі, Жухавіцкі, Запольскі, Зарэцкі, Лукскі, Паланаеўскі, Райцаўскі, Сімакаўскі, Турэцкі, Ушанскі, Цырынскі і Ярэміцкі сельсаветы — адноўленаму Карэліцкаму раёну.
11 лютага 1972 года скасаваны Ладзеніцкі сельсавет. 5 сакавіка 1981 года Метрапольскі сельсавет перайменаваны ў Мітрапольскі сельсавет. 17 лістапада 1986 года Руткавіцкі сельсавет перайменаваны ў Ваўковіцкі сельсавет. 22 снежня 1986 года Мітрапольскі сельсавет перайменаваны ў Ладзеніцкі сельсавет. 16 сакавіка 1987 года скасаваны Налібацкі сельсавет. 21 красавіка 1992 года Зенявіцкі сельсавет перайменаваны ў Бенінскі сельсавет. 22 жніўня 1997 года горад Навагрудак і Навагрудскі раён аб’яднаны ў адзіную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. 6 мая 2004 года скасаваны Вераскаўскі сельсавет. 25 чэрвеня 2008 года скасаваны Бенінскі і Ятраўскі сельсаветы, Гарадзечненскі сельсавет перайменаваны ў Брольніцкі. 26 снежня 2013 года Любчанскі пассавет рэарганізаваны ў Любчанскі сельсавет. 22 жніўня 2017 года Асташынскі сельсавет перайменаваны ў Вераб’евіцкі сельсавет, скасаваны Ацмінаўскі і Ваўковіцкі сельсаветы.
Насельніцтва У раёне 10 сельсаветаў. Населеных пунктаў — 216 (на пачатак 2006 г.). Найбуйнейшыя населеныя пункты па колькасці жыхароў: Навагрудак — 30,7 тыс. чал., гарадскі пасёлак Любча — 1,4 тыс. чал., аграгарадок Нягневічы — 1,1 тыс. чал., аграгарадок Уселюб — 0,7 тыс. чал., аграгарадок Шчорсы — 0,6 тыс. чал., вёскі Вераскава, Гарадзечна, Пятрэвічы, Ацмінава — па 0,5 тыс. чал. У 1995 годзе насельніцтва раёна налічвала 30,7 тыс. чал.
Прырода Большую частку раёна займае Навагрудскае ўзвышша, уздоўж Нёмана — Верхнянёманская нізіна. Карысныя выкапні: 10 радовішчаў сыравіны для вытворчасці цэглы з агульнымі запасамі каля 2 млн куб.м, 3 радовішчы мелу — 0,9 млн т, радовішчы пяску будаўнічага, жвіровай сумесі і торфу.
Па тэрыторыі раёна працякае 47 рэк і 20 ручаёў, іх агульная працягласць складае 527 км, з іх 78 км — р. Нёман.
Пад лясамі занята 41,5 % тэрыторыі раёна, з іх 40,1 % — у дзяржаўным лясным фондзе, пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі — 47,3 %. Агульная плошча лясных угоддзяў 69,4 тыс. га.
Гаспадарка Праз тэрыторыю раёна праходзяць аўтамабільныя дарогі Нясвіж — Навагрудак — Ліда, Баранавічы — Навагрудак — Іўе, Навагрудак — Наваельня, Навагрудак — Любча.
У раёне 10 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, 1 раённае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства, 1 закрытае акцыянернае таварыства, 2 адкрытыя акцыянерныя таварыствы і 1 сельскагаспадарчае рэспубліканскае даччынае ўнітарнае прадпрыемства, 6 фермерскіх гаспадарак. Раён спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі з развітой збожжавай гаспадаркай і льнаводствам.
Прамысловасць раёна ў 2005 годзе была прадстаўлена 12 прадпрыемствамі, сярод іх 2 адкрытыя акцыянерныя таварыствы, 1 філіял закрытага акцыянернага таварыства, 2 унітарныя прыватныя прадпрыемствы, 1 сумеснае прадпрыемства.
Адукацыя У горадзе і раёне 20 сярэдніх школ, 1 гімназія, 9 базавых, 6 школ-садоў, 1 пачатковая, школа-інтэрнат, спецшкола-інтэрнат, 19 дашкольных устаноў, 2 навучальна-вытворчыя камбінаты, сацыяльна-педагагічны цэнтр з аддзяленнем дзіцячага прытулку, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтр пазашкольнай работы, цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў, эколага-біялагічны цэнтр.
Акрамя агульнаадукацыйных устаноў, у раёне ёсць УА «Навагрудскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 193» на 150 навучэнцаў, УА «Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж» на 200 навучэнцаў на дзённым аддзяленні і 90 на завочным, УА «Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж» на 270 навучэнцаў на дзённым аддзяленні і 180 на завочным.
Культура Традыцыйна на Наваградчыне развіваліся ганчарства, салома- і лозапляценне, мастацкая апрацоўка дрэва, ткацтва, вышыўка. Высокі быў узровень кніжнай культура, яго прыклады ілюмінванае Лаврышаўскае Евангелле (цяпер захоўваецца ў Кракаве), Навагрудскі пралаг (цяпер захоўваецца ў Вільні), рукапісны зборнік аповесцяў Уніхоўскіх (цяпер захоўваецца ў Познані), кнігі Любчанскай друкарні XVII ст. Сярод вядомых кніжных збораў бібліятэка Храптовічаў у Шчорсах.
З рэгіёнам звязана жыццё многіх выдатных дзеячаў — паэтаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Вінцэнта Каратынскага, мемуарыста Фёдора Еўлашоўскага, фалькларыста Саламона Рысінскага, мастака Язэпа Драздовіча, фатографа Яна Булгака і іншых.
У Навагрудскім раёне 33 клубныя ўстановы культуры. Працуюць 37 бібліятэк, кніжны фонд налічвае больш за 424,8 тыс. асобнікаў. Працуюць 2 дзіцячыя школы мастацтваў, 1 дзіцячая музычная школа, 1 кінатэатр, 21 кінаўстаноўка, відэасалон, 2 аўтавідэаперасоўкі, відэапракат, 5 музеяў, у тым ліку:
Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку; Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей; Чарэшлянскі клуб-музей; Музей Любчанскага краю ў Любчы; Валеўскі народны гісторыка-краязнаўчы музей.
У раёне 8 калектываў са званнем «народны» — цырк раённага Дома культуры; тэатр-студыя ігры «Гульнёвая скарбонка»; ансамбль песні і танца «Свіцязь»; хор ветэранаў вайны і працы «Радасць»; ваенна-гістарычны клуб «Мэта»; ансамбль народных інструментаў «Гумарэска» выкладчыкаў Наваградскай дзіцячай школы мастацтваў; драматычны калектаў «Тэатрал» з Любчы; вакальная група «Рэчанька» з Наваградскай ДзШМ, і 2 калектывы са званнем «ўзорны» — тэатр лялек «Шчарсунок» і хор Наваградскай ДзШМ.
Агулам у раёне 116 калектываў мастацкай самадзейнасці, дзе занята 1609 удзельнікаў, 27 аматарскіх аб’яднанняў з 409 удзельнікамі.
Спорт Да 1939 года ў Наваградку функцыянаваў футбольны клуб «АКС Навагрудак».
Хуткае развіваўся спорт пасля 2-й сусветнай вайны. Цяпер у горадзе і раёне функцыянуе 4 ДзЮСШ — спецыялізаваная дзіцячая і юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 1, ДзЮСШ № 2, комплексная ДзЮСШ прафсаюзаў і ДзЮСШ СПК «Камунар-агра», у якіх займаецца 1017 навучэнцаў і працуе 26 штатных трэнераў. Перавага аддаецца 6 відам спорту — лёгкай атлетыцы, лыжным гонкам, біятлону, футболу, грэка-рымская барацьбе, коннаму спорту (пераадоленню перашкод). Таксама ў раёне 6 спартыўных секцый і 21 клуб.
Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне функцыянуе 162 спартыўныя збудаванні.
Вядомыя асобы Ванда Банішэўская Ян Булгак Войшалк Язэп Драздовіч Фёдар Еўлашоўскі Вінцэсь Каратынскі Міхаіл Паўлавіч Касцюк — ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна (2010). Барыс Кіт — беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, канструктар ракетнай тэхнікі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна Уладзімір Конан (1934, в. Вераскава — 2011) — беларускі філосаф, гісторык, літаратурны крытык. Адам Міцкевіч Аляксандр Орса (1896, в. Нягневічы — 1959) — беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч. Васіль Рагуля (1879, в. Ачукевічы — 1955) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст. Кастусь Рамановіч (1927, в. Лозкі — 2005) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольнага Саюзу вызвалення Беларусі. Саламон Рысінскі Яўхім Храптовіч Ян Чачот Іван Басюк Аляксей Анішчык Язэп Сажыч (1917, в. Гарадзечна — 2007) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР. Фабіян Абрантовіч (1884, засценак Вераскоўшчына — 1946) — рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч. Стэфан Грабоўскі (1767, вёска Асташына — 1847) — ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал. Адзін з кіраўнікоў паўстання Т. Касцюшкі. Алесь Усюкевіч (1925, в. Хадасы — 2004) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, удзельнік падпольнага Саюза вызвалення Беларусі ў Навагрудку. Павел Навара (1927, в. Купіск — 1983) — беларускі грамадскі дзеяч у Вялікабрытаніі. Юры Аляксандравіч Нагорны (1942—2020) — настаўнік, грамадскі дзеяч, абаронца беларускай мовы і культуры.
Ганаровыя грамадзяне Васіль Андрэевіч Канавалаў Ціхан Аляксандравіч Каваленка Аляксандр Лявонцьевіч Мельнікаў Барыс Уладзіміравіч Кіт Валянціна Георгіеўна Гаховіч Гурый (Апалька) Міхаіл Паўлавіч Касцюк Джэк (Ідэль) Каган Мікалай Віктаравіч Нікалаеў
Крыніцы
Літаратура Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987. Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с. Алесь Карлюкевіч. Навагрудскія літаратурныя ўзгоркі // Полымя, № 11, 2022, № 1-2, 2023 Алесь Карлюкевіч. Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі. — Мн., Звязда, 2023. С. 221
Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1940 годзе