Царква Святых Вольгі і Лізаветы, раней — Касцёл Святой Лізаветы — дзеючая неагатычная ўніяцкая царква ў Львове. Царква пабудавана як каталіцкі касцёл ў памяць аб імператрыцы Лізавеце Баварскай, жонцы імператара Аўстра-Венгрыі Франца Іосіфа І. Цяпер гэты храм з’яўляецца самым высокім будынкам у горадзе, яго вышыня — 88 метраў.

Гісторыя Афіцыйна лічыцца, што храм быў узведзены ў 1903—1911 гадах (але інфармацыя не дакладная, ёсць фота з 1902 года, дзе ён ужо ўзведзены). Неагатычны стыль сабора паўтарае многія элементы французскай і паўночнагерманскай гатычнай архітэктуры з элементамі раманскага стылю: высокія астраверхія шпілі, стральчатыя вокны, партал з вялікай ружай ў цэнтры, унутраная вертыкальная прастора і інш.

Скульптар Пётр Вайтовіч упрыгожыў галоўны фасад касцёла маштабнай скульптурнай кампазіцыяй укрыжавання. Над праектам ўпрыгажэння інтэр’еру працаваў львоўскі майстар Казімір Сухальскі. У 1926 годзе ў храме быў усталяваны адзін з самых вялікіх у міжваеннай Польшчы арган працы вядомай польскай фірмы братоў Дамініка і Вацлава Бернацкіх.

У пачатку Першай сусветнай вайны урад Аўстра-Венгрыі канфіскаваў царкоўныя званы. Падчас украінска-польскай вайны 1918—1919 гадоў касцёл быў пашкоджаны ўкраінскай артылерыяй. У 1939 годзе побач з храмам разарвалася авіяцыйная бомба, былі пашкоджаныя шпілі і сцены. У 1946 годзе касцёл быў зачынены, рэшткі аргана звалілі на хорах. У 1970-х гадах будынак савецкія ўлады перадалі пад склад. У 1991 годзе храм перадалі грэка-каталіцкай парафіі і асвяцілі як царкву Святых Вольгі і Лізаветы.

Катэгорыя:Славутасці Львова Катэгорыя:Грэка-каталіцкія храмы Львова