Аляксандр Коўш (, Рыдзялі , цяпер  — ) — беларускі грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч.

Біяграфія

Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Століншчыне. Пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банка, з якім напачатку 1-й сусветнай вайны эвакуіраваны ў Разань, потым у Майкоп.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь і ў Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 года ў Вільні, настаяцель прыхода ў Шніпішках (цяпер у межах горада), дзе за некалькі месяцаў аднавіў і адрамантаваў прыходскі храм. У сваіх казаннях ён заклікаў прыхаджан змагацца за свае правы, не забываць родную мову, адкрываць беларускія школы і супрацьстаяць пранікненню паланізацыі.

У 1925 годзе Каўша, як спецыяліста ў банкаўскай сферы, запрасілі на пасаду бухгалтара ў Беларускі кааператыўны банк, які пачаў дзейнічаць у Вільні. Нягледзячы на духоўны статус, ён прыняў прапанову, аднак не пакінуў прыход у Шніпішках.

З 1926 года святар выкладаў Закон Божы і кіраваў інтэрнатам у Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў у друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі праваслаўнай царквы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Шмат увагі надаваў грамадскай дзейнасці. Ён стаў адным з арганізатараў Беларускага дабрачыннага таварыства, якое займалася аказаннем матэрыяльнай дапамогі бедным і ўтрыманнем інтэрнатаў пры беларускіх гімназіях.

У 1927 годзе ў сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 годзе апраўданы. Вярнуўшыся ў Вільню, працягваў займацца грамадскай і царкоўнай дзейнасцю. Ён праводзіў набажэнствы для беларускіх гімназістаў у Пятніцкай царкве — самай старажытнай праваслаўнай святыні Вільні, пабудаванай яшчэ ў XIV ст. Дзякуючы намаганням святара, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні.

Шмат часу адводзіў А. Коўш асветніцкай рабоце. У 1928—1929 гадах рэдактар-выдавец царкоўна-грамадскага часопіса «Беларуская зарніца», друкаваў там артыкулы, прысвечаныя гісторыі праваслаўя ў Беларусі; змяшчаў афіцыйныя дакументы мітраполіі, нарысы, павучальныя апавяданні для моладзі і іншае; кіраўнік секцыі Чырвонага Крыжа пры Беларускім цэнтры.

У верасні 1932 г. віленскія духоўныя ўлады перавялі А. Каўша ў в. Норыца (Ласіцы) Пастаўскага павета, дзе ён стаў настаяцелем мясцовай царквы. Фактычна гэта была ссылка за ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху. На новым месцы службы святар не мог займацца грамадскай і выдавецкай справай. Ён арганізаваў царкоўны хор, які спяваў духоўныя песні, чытаў казанні на беларускай мове. У 1937 г. А. Коўш пераехаў у в. Кастыкі Вілейскага павета.

У канцы 1939 года вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы Св. Мікалая. Але ў снежні таго ж года быў звольнены Ковенскім епархіяльным саветам. Некаторы час працаваў галоўным бухгалтарам Літоўскага дзяржаўнага банка.

У 1941 годзе прыехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць у выдавецкай камісіі пры мінскім архірэі. Потым атрымаў прыход у Плешчаніцах Лагойскага раёну. У 1943 годзе за дапамогу ў выратаванні яўрэяў Аляксандр Коўш быў арыштаваны гестапа і расстраляны.

Меў сына, таксама праваслаўнага святара, Святаслава і дачку Зою, якая ўдзельнічала ў беларускім руху — Беларускі студэнцкі саюзУ Вільні зьнесьлі дом Зоі Каўшанкі // Наша Ніва, 18 ліст. 2008.

Літаратура Горны А. Протаіерэй Аляксандр Коўш: вяртанне з забыцця // Гродненские епархиальные ведомости № 11, 2011. — С. 13-17.

Катэгорыя:Праваслаўныя багасловы Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Расстраляныя Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Гродзенскім раёне Катэгорыя:Пахаваныя на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках