Здэ́нка Шэ́лінгава (), ад нараджэння Цэ́цылія Шэлінгава (; 24 снежня 1916, Крыва на Ораве, Долны Кубін, Аўстра-Венгерская імперыя — 31 ліпеня 1955, Трнава, Чэхаславакія) — славацкая рымска-каталіцкая манашка Кангрэгацыі міласэрных сёстраў Святога Крыжа, ахвяра камуністычнага пераследу ў Чэхаславакіі, каталіцкая дабраславёная.

Біяграфія Была дзясятай з адзінаццаці дзяцей у сям’і Паўла Шэлінга і Зузаны Панікавай. Пры хросце 27 снежня атрымала імя Цэцылія.

Скончыла школу (1923—1931) ў роднай Крывай, дзе таксама ўпершыню пазнаёмілася з дзейнасцю Міласэрных сёстраў Святога Крыжа. 6 ліпеня 1931 сышла ў кляштар кангрэгацыі ў Подунайскіх Біскупіцах. У 1933—1935 вучылася на медсястру, пасля прайшла курс радыялогіі. 28 студзеня 1936 года распачала свой навіцыят і ўзяла імя Здэнка. 30 студзеня 1937 склала манаскія абяцанні. У 1937—1940 гадах працавала інтэрнам у шпіталі ў Браціславе. З 1940 — санітарка ў Гуменнэ, у 1942 вярнулася ў Браціславу, была лябаранткай, пасля тэхнічкай рэнтгеналагічнага аддзялення гарадскай клінікі.

Пасля ўсталявання камуністычнай улады ў 1948 годзе пачаўся масавы пераслед рэлігіі. Усім манашкам было прапанавана выйсці з кангрэгацыі пад пагрозай страціць працу ў клініцы. Большасць манашак, у тым ліку і Шэлінгава, адмовіліся, але на працы засталася з-за адсутнасці кваліфікаванай замены.

19 лютага 1952 года дапамагла ўцячы з-пад варты святару Штэфану Кошцьялу, які трапіў да яе ў клініку на непрацяглы час. З яе словаў, вырашылася на гэты ўчынак, пачуўшы ад ахоўнікаў, што Кошцьяла чакае суд і ссылка ў Расію, «адкуль той ужо не вернецца». Каб падмануць ахоўніка, Здэнка падсыпала таму ў гарбату дрымотныя лекі.

29 лютага пры спробе дапамагчы ўцёкам трох ксяндзоў і трох семінарыстаў была арыштавана і катаваная. 17 чэрвеня таго ж года прыгавораная да 12 гадоў пазбаўлення волі і 10 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Пакаранне адбывала спярша ў Браціславе, пасля яе пераводзілі ў Рымаўскую Собату, Пардубіцы, Брно і ўрэшце на Панкрац у Прагу. Катаванні падчас следства значна згоршылі яе здароўе, у турме ў дадатак развіўся рак малочнай залозы. У медыцынскай дапамозе ёй адмовілі, ампутаваўшы пазней грудзі без анестэзіі. Здароўе працягвала пагаршацца далей, з’явіліся метастазы, і 16 красавіка 1955 года яе датэрмінова вызвалілі з турмы, баючыся, што яна там памрэ.

Працаваць у Браціславе ёй было забаронена, таму з 19 красавіка працавала ў трнаўскім шпіталі; неўзабаве памерла падчас імшы. 2 жніўня пахаваная на могілках у Трнаве; у 1979 годзе перапахаваная на кляштарных могілках Подунайскіх Біскупіц (раён Браціславы). Адтуль 6 чэрвеня 2003 рэшткі перанесеныя і цяпер знаходзяцца ў кляштарным касцёле Святога Крыжа ў Біскупіцах.

6 красавіка 1970 года суд зняў з яе абвінавачванне ў дзяржаўнай здрадзе, а 18 лістапада Вярхоўны суд Славакіі рэабілітаваў за адсутнасцю складу злачынства.

Беатыфікацыя 22 лютага 2000 года Кангрэгацыя па кананізацыі святых назвада Здэнку Шэлінгаву Служкай Божай. З 18 верасня 2000 да 12 студзеня 2003 вялося вывучэнне яе жыцця. 14 верасня 2003 года падчас візіту папы Яна Паўла II беатыфікаваная.

Спасылкі Бачына блаславёнай Здэнкі Шэлінгавай Агіяграфічнае кола Каталіцкія святыя Памяць народу

Кангрэгацыя міласэрных сёстраў Святога Крыжа

Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Беатыфікаваныя Янам Паўлам II Катэгорыя:Нарадзіліся ў Крывай Катэгорыя:Блаславёныя славакі Катэгорыя:Славацкія каталіцкія дзеячы Катэгорыя:Славацкія манашкі Катэгорыя:Вялебныя каталікі Катэгорыя:Каталіцкія мучанікі Катэгорыя:Памерлі ў Трнаве Катэгорыя:Постаці на славацкіх паштовых марках Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў ЧССР Катэгорыя:Міласэрныя сёстры Святога Крыжа