Абіпо́н ()  — індзейскі народ, тубыльцы рэгіёна Гран-Чака. Зніклі як этнічная супольнасць у канцы XIX — пачатку XX ст.

Відавочна, абіпон першапачаткова насялялі поўнач Гран-Чака, а ў пачатку іспанскай каланізацыі прасунуліся на поўдзень, магчыма пад ціскам гуарані, і занялі паўднёвы бераг Параны, недалёка ад яе вусця. У XVIII ст. яны ўяўлялі сабою 3 папуляцыі, якія карысталіся адзінай мовай і зваліся іспанцамі абіпон: Riikahé, або сельскія абіпон Jaaukanigás, або водныя абіпон Nakaigetergehé, або горныя абіпон

Riikahé былі жыхарамі раўнін. Nakaigetergehé насялялі лясныя прасторы. Jaaukanigás аддавалі перавагу жыццю на берагах ракі.

Галоўнымі заняткамі ўсіх трох груп першапачаткова былі вандроўныя паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Пад 1641 г. іспанцы паведамлялі, што абіпон трымаюць коней. Конныя воіны рабілі рабаўнічыя рэйды на іспанскія паселішчы, захоплівалі еўрапейскія тавары, свойскую жывёлу і людзей, часцей жанчын і дзяцей. Іспанцы паведамлялі пра адносна лагоднае стаўленне захопнікаў да палонных. Яны маглі вольна перамяшчацца па лагеру, уступаць у шлюб, быць перакладчыкамі і дарадцамі, аказваць дапамогу ў гаспадарчых справах. У абіпон былі правадыры, што ўзначальвалі групы маладых воінаў.

Асноўнай зброяй абіпон былі лук і дзіда. Мужчыны і жанчыны мелі звычай праколваць розныя часткі цела. Жанчыны рабілі татуіроўкі. Мужчыны жаніліся ў сталым узросце на маладых дзяўчатах, выплочвалі іх бацькам выкуп. Для рэгулявання спажывання рэсурсамі часта практыкаваліся дзетазабойствы. Апошняе разам з эпідэмічнымі хваробамі, прынесенымі з пачаткам каланізацыі, прывяло да рэзкага скарачэння насельніцтва. У 1768 г. заставалася толькі 5 000 мужчын і жанчын.

Коннае паляванне дазваляла абіпон здабываць болей харчу, аднак вынікам неашчадных забойстваў дзікіх жывёл стала іх скарачэнне. Да таго іспанскія каланісты і метысы перайшлі да загоннай жывёлагадоўлі, калі свойская жывёла знаходзілася пад сталай аховай. Такім чынам абіпон сутыкнуліся да сярэдзіны XVIII ст. з праблемай забеспячэння.

Важную ролю ў лёсе абіпон адыграў Марцін Дабрыжофер (1718 — 1791), езуіт чэшскага паходжання. Ён займаўся місіянерскай справай і адначасова вывучаў культуру гэтага народа. У выніку паміж 1748 г. і 1763 г. на тэрыторыях абіпон былі заснаваны 4 місіі, дзе індзейцы засвойвалі навыкі сельскай гаспадаркі, вучыліся ў школах, мелі самакіраванне. Аднак у 1768 г. езуіты былі выгнаны з калоній, а місіі спусцелі. Толькі ў 1850-х гг. зноў былі адчынены місіі францысканцаў. Яны дзейнічалі да 1912 г. пакуль не былі нацыяналізаваны. Рэшткі абіпон, што жылі ў місіях, былі вымушаны шукаць працу ў гарадах і сельскіх паселішчах у якасці наёмных рабочых. У выніку яны былі асіміляваны аргенцінцамі.

Спасылкі Abipones - Pueblos Originarios de América Abipón People Julio Del Barco, EL MISIONERO DOBRIZHOFFER, LOS ABIPONES Y SANTA FE Carlos D. Paz, "PUES NOSOTROS SOMOS CAPACES ... " RECLAMOS INDÍGENAS EN LAS FRONTERAS ABIPÓNSANTAFESINAS. SEGUNDA MITAD DEL SIGLO XVIII

Катэгорыя:Індзейцы Паўднёвай Амерыкі Катэгорыя:Гісторыя Аргенціны Катэгорыя:Зніклыя народы Амерыкі