Дзмітрый Віталевіч Лаеўскі — беларускі адвакат. Абараняў інтарэсы кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і ягонага былога адваката Максіма Знака.

Біяграфія Скончыў у 2008 годзе юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «правазнаўства», а праз год атрымаў ступень магістра па спецыяльнасці «юрыспрудэнцыя». У 2013 годзе скончыў аспірантуру Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.

З 2007 года пачаў сваю працоўную дзейнасць юрыстам у юрыдычнай фірме. У 2008 годзе прайшоў стажыроўку ў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў (МГКА), пасля чаго ў 2009 годзе здаў кваліфікацыйны экзамен, быў прыняты ў МГКА ў якасці адваката і пачаў самастойную адвакацкую практыку — спачатку ў юрыдычнай кансультацыі, а з кастрычніка 2010 года — у адвакацкім бюро. У 2011–2012 гадах быў абаронцам Алеся Бяляцкага, пасля гэтай справы пад ціскам быў вымушаны на некалькі гадоў пакінуць адвакатуру. З верасня 2012 па снежань 2015 года займаўся аказаннем юрыдычных паслуг суб’ектам гаспадарання на падставе пасведчання аб атэстацыі юрыста. 15 студзеня 2016 года, пасля атрымання ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, прыняты ў МГКА і практыкаваў у якасці адваката ў адным з адвакацкіх бюро. З верасня 2016 па лістапад 2017 ажыццяўляў адвакацкую дзейнасць індывідуальна.

Са снежня 2017 года кіравальны партнёр адвакацкага бюро «Лаеўскі, Юльскі і партнёры». Спецыялізацуецца на судовай практыцы па пытаннях прыцягнення да розных відаў юрыдычнай адказнасці кіраўнікоў і заснавальнікаў арганізацый, спрэчках з удзелам суб’ектаў гаспадарання, прававым рэгуляванні атрымання і выкарыстання знешняй фінансавай дапамогі.

У час палітычнага крызісу ў Беларусі абараняў інтарэсы кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі у справе менеджараў Белгазпрамбанка і ягонага былога адваката Максіма Знака. У судовых спрэчках папрасіў апраўдаць людзей, чыя вымушаная згода з абвінавачваннем выкарыстоўвалася для незаконнага крымінальнага праследу Віктара Бабарыкі, што было расцэнена МГКА як «выказванні ў дачыненні да абвінавачвання іншых асоб, якія супярэчаць іх пазіцыі і пазіцыі іх абаронцаў» і «ацэнка пазіцыі і працы іншых адвакатаў у прысутнасці іх кліентаў». Дысцыплінарнай камісіяй МГКА выключаны з калегіі адвакатаў.

У жніўні 2025 года супраць Лаеўскага ўзбудзілі крымінальную справу. Тады адваката затрымалі, але да суда ён знаходзіўся на волі. 9 верасня 2026 года Мінскі гарадскі суд вынес асудзіў Лаеўскага да трох гадоў пазбаўлення волі, яго ўзялі пад варту ў зале суда. Лаеўскаму былі інкрымінаваныя дзевяць эпізодаў: восем з іх — паводле артыкула за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, адзін — паводле артыкула «дыскрэдытацыя Беларусі». Падставай для пераследу сталі яго інтэрв’ю розным незалежным беларускім медыя, хоць ні адно з гэтых СМІ не мела «экстрэмісцкага» статусу на момант інтэрв’ю. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Лаеўскага палітвязнем.

Прэміі і ўзнагароды У ліку чатырох беларускіх юрыстаў уганараваны прэміяй «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцей Еўропы.

Катэгорыя:Адвакаты Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»