Фёдар Ігнатавіч Страві́нскі (8 (20) чэрвеня 1843, маёнтак Новы ДворНГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 25844. А. 2адв.-3Маёнтак Новы Двор на карце. Рэчыцкага павета — 21 лістапада (4 снежня) 1902, Санкт-Пецярбург) — оперны бас, артыст Марыінскага тэатра ў Пецярбургу, бацька кампазітара Ігара Стравінскага.

Біяграфія

Фёдар Стравінскі з’явіўся на свет у радзіне шляхецкай, як да бацькоўскай галіны рыма-католікаў Стравінскіх герба «Суліма», і сялянскай, як да праваслаўнай матчынай лініі брагінскіх Скараходаў. У сям’і было чацвёра дзяцей. Усе яны — Аляксандр, Вольга, Канстанцін, Фёдар — нарадзіліся ў розных фальварках, якія трымаў у пасэсіі (часовым уладанні) іх бацька Ігнацы, сын Ігнацыя, Стравінскі ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні на працягу 1835—1843 гг. — у Лянтэрні, Караліне, Карнеліянаве, Новым Двары. Згодна з тагачаснымі законамі Расійскай імперыі, дзеці былі прызнаныя ў дваранскай годнасці, а ахрышчаныя паводле праваслаўнага абраду ў Мікуліцкай БагаяўленскайГілеўскі Віктар. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. // Маладосць. 11/2019. С. 77—84 і Алексіцкай Свята-Мікалаеўскай цэрквах.

Галава сям’і, не дужа паспяховы ў справах, мусіў часта пераязджаць з аднаго маёнтка ў другі, таму Фёдар выхоўваўся спачатку ў Брагіне, у родным доме мамы Аляксандры ў дзеда Івана Скарахода, а пазней у больш заможнага бацькавага брата Станіслава Стравінскага. Недзе каля 1850 года і пачалося яго навучанне ў Мазыры ў тамтэйшай дваранскай вучэльні. 22 верасня 1855 года Фёдар быў прыняты ў першы клас Нежынскай гімназіі пры Юрыдычным ліцэі, дзе, жывучы ў пансіёне, вучыўся амаль пяць з паловай гадоў, але так, што заставаўся ўсё яшчэ ў чацвёртым класеГілеўскі Віктар. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. С. 81—82; пар.: Виноградова А. Первая глава из жизни Федора Стравинского: новые находки. // Opera Musicologica. — 2016. № 3 (29). С. 72—75. Калі ў 1861 годзе ў Мазыры мясцовая грамадскасць дамаглася адкрыцця гімназіі, чацверакласнік Фёдар з дапамогай брата Аляксандра зноў вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся, з захапленнем спяваў у царкоўным хоры і браў удзел у пастановах гімназічнага тэатральнага гуртка Пасля заканчэння ўсяго курсу навучання ў 1865 годзе паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй князя Безбародзька (Безбородька), але ўжо 28 верасня таго ж года быў у ліку студэнтаў юрыдычнага факультэту Наварасійскага унівэрсытэта (Адэса)Список студентов и посторонних слушателей Новороссийского университета за 1865/66 академический год.. Усяго праз адзін семестр перавёўся ва Універсітэт Святога Уладзіміра ў Кіеве. Вучыўся там са студзеня 1866 да кастрычніка 1868 года, аднак, з-за таго, што не вытрымаў паўкурсавыя іспыты, вымушаны быў вярнуцца ў Нежынскі ліцэйСамойленко Г. В. Випускники Ніжинської вищої школи — відомі діячі культури. // Література та культура Полісся. Вип. 98. Серія «Філологічні науки». № 14 / відп. ред. і упоряд. Г. В. Самойленко. Ніжин: НДУ ім. М. Гоголя, 2020. — С. 269—273., які скончыў у 1869 годзе. У 1869—1873 гадах вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў лепшых майстроў еўрапейскай вакальнай школы Луізы Эрыт-Віардо, П’етра Рэпэта, Генрыэты Нісэн-Саламан, Каміля Эвэрардзі. Пасля заканчэння кансерваторыі Фёдар Стравінскі дэбютаваў у Кіеве на сцэне опернага тэатра. У 1876 годзе вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, дзе стаў артыстам Марыінскага тэатра і працаваў да астатніх дзён свайго жыццяКушнер Васіль. Фёдар Стравінскі (1843—1902). — С. 348—350..

У маі 1874 года Фёдар Стравінскі ажаніўся з піяністкай і спявачкай Ганнай Халадоўскай, якая была яго сталым канцэртмейстарам. У пары нарадзіўся старэйшы сын Раман, потым у 1878 годзе нарадзіўся Юры, будучы архітэктар. 17 чэрвеня 1882 года ў Араніенбаўме cям’я Стравінскіх зноў цешылася з нагоды нараджэння сына Ігара, у будучыні знакамітага кампазітара і дырыжора. Праз два гады на свет з’явіўся малодшы сын Гурый, будучы, як і бацька Фёдар, артыст Марыінскага тэатра, бас-барытон, які загінуў у Першую сусветную вайнуСтравинский Гурий Фёдорович // Отечественные певцы. 1750—1917: Словарь / Пружанский А. М. — Изд. 2-е испр. и доп. — Москва, 2008. У доме Стравінскіх у Пецярбургу гасцінна прымалі музыкантаў, артыстаў, пісьменнікаў, у ліку якіх быў і Фёдар Дастаеўскі. Яшчэ ўважаецца, што вобраз панурага, хударлявага, высокага росту, даўгавусага казака для карціны «Запарожцы» Ілля Рэпін пісаў менавіта з аблічча Ф. Стравінскага История создания картины «Запорожцы пишут письмо турецкому султану» «Запарожцы». Недзе з 1884 года артыст пачаў збіраць бібліятэку мастацкай, гістарычнай і філалагічнай літаратуры, а таксама краявідаў гарадоў, жанравых гравюр і партрэтаў. Набываў і аўтографы вядомых людзей. Сёння яго багатая калекцыя захоўваецца ў рукапісным аддзеле Пушкінскага дома, а частка яе — больш як 1400 партрэтаў кампазітараў, музычных выканаўцаў і акцёраў XIX стагоддзя — у Аддзеле эстампаў Расійскай Нацыянальнай бібліятэкіНікалаеў Мікола. Беларускі Пецярбург. — Санкт-Пецярбург: Агентство «ВиТ-принт», 2009. — С. 224.

У 1901 годзе ўрачыста святкаваліся 25-я ўгодкі творчай дзейнасці Фёдара Стравінскага, калі яму было нададзена званне заслужанага артыста імператарскіх тэатраў. Праз год спявак-актор спачыў ва ўзросце 59 гадоў. Пахаваны ў Пецярбургу на Новадзявочых могілках, а ў 1930-я гг. перазахаваны на Ціхвінскіх могілках у Некропалі майстроў мастацтваў Аляксандра-Неўскай лаўры.

У 1915 годзе ў Марыінскім тэатры быў усталяваны бюст артыста.

Ганна Стравінская ў 1922 годзе выехала за мяжу, жыла ў доме сына ў Парыжы. Памерла ў 1939 годзе, пахаваная на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа. Сын Ігар прысвяціў нябожчыцы песню «Незабудачка кветачка» з «Двух вершаў К. Бальмонта для голаса і фартэпіяна».

Творчасць Фёдар Стравінскі працягнуў традыцыі знакамітага опернага артыста Восіпа Пятрова. Дзейнасць яго як выканаўцы — значны этап у гісторыі рэалістычнага мастацтва. Шматгранны спявак-актор, ён валодаў мастацтвам пераўвасаблення, аднолькава па-майстэрску выконваў драматычныя і камічныя партыі. На ўсім працягу свайго творчага шляху Ф. Стравінскі змагаўся з опернай руцінай і фальшам. Сцэнічныя вобразы яго вылучаліся высокай жыццёвай праўдай, псіхалагічнай глыбінёй, завершанасцю музычна-сцэнічнага ўвасаблення. Голас Стравінскага вялікага дыяпазону (больш за дзьве актавы), не ўтрымліваў, аднак, у сабе прыроднай прыгажосці тэмбру. Мяккая пявучасць, выраўненасць рэгістраў, разнастайнасць вакальна-дэкламацыйных фарбаў дасягнутыя спеваком дзякуючы ўдумлівым, упартым у штодзённай працы намаганням.

У рэпертуары Фёдара Стравінскага было 59 опер пераважна расійскіх кампазітараў. Спявак па-майстэрску выконваў характэрныя эпізадычныя ролі, быў адным з найвыбітных папярэднікаў Івана Шаляпіна.

Яскравыя сцэнічныя вобразы Стравінскі стварыў у операх «Варожая сіла», «Юдзіф» А. Сярова (Ярэмка, Алафэрн), «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (Варлаам), «Русалка» А. Даргамыжскага (Млынар), «Руслан і Людміла» Ф. Глінка (Фарлаф), «Князь Ігар» А. Барадзіна (Скула), «Купец Калашнікаў» А. Рубінштэйн (Іван Грозны), «Травеньская ноч» М. Рымскага-Корсакава (Галава), «Мазепа» П. Чайкоўскага (Орлік), «Чарадзейка» П. Чайкоўскага (Мамыраў), «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні (Дон Базыліа, Бартала), «Фауст» Ш. Гуно (Мефістофель), «Мефістофель» А. Бойта (Мефістофель) ды інш.Стравинский Федор Игнатьевич на сайце «История в лицах»..

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Виноградова А. Первая глава из жизни Федора Стравинского: новые находки. // OPERA MUSICOLOGICA. — 2016. № 3 (29). — С. 67—94. Виноградова А. С. Ф. И. Стравинский и русский музыкальный театр последней трети XIX века: репертуар, исполнительское искусство. Диссертация на соискание ученой степени кандидата искусствоведения. — Москва, 2019 Гілеўскі Віктар Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. // Маладосць. 11/2019. — С. 77—84. Кушнер В. Беларускія карані Фёдара Стравінскага // Беларускі гістарычны часопіс. — 2003. № 5. — С. 33—44. Кушнер Васіль Фёдар Стравінскі (1843—1902) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Выпуск другі. — Мінск: Беларускі фонд культуры, 2003. — С. 347—365. Співаченко О. С. Федір Стравінський: роки навчання (за матеріалами українських архівів) / О. С. Співаченко // Культура і сучасність. — 2017. № 2. — С. 165—174.

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Хойніцкім раёне Катэгорыя:Оперныя спевакі і спявачкі XIX стагоддзя Катэгорыя:Акадэмічныя музыканты Расійскай імперыі Катэгорыя:Оперная трупа Марыінскага тэатра Фёдар Ігнатавіч