«Крыштальны анёлак» — прыз, вышэйшая ўзнагарода Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Заснаваны ў 2004 годзе і прысуджаецца толькі ў галіне лялечнага тэатральнага мастацтва.

Прызам узнагароджваюцца акцёры, рэжысёры, драматургі, мастакі, тэатразнаўцы, спонсары і мецэнаты, іншыя дзеячы тэатральнага мастацтва Беларусі, чыя шматгадовая арганізацыйная, творчая ці мецэнацкая дзейнасць значна паўплывала на станаўленне, развіццё і аўтарытэт беларускага тэатра лялек і чыё імя карыстаецца любоўю і павагай сярод дзеячаў лялечнага мастацтва і гледачоў.

Прыз «Крыштальны анёлак» уяўляе сабой выяву анёла, зробленную з крышталю па індывідуальным заказе. Прысуджаецца, як правіла, штогод у адным экземпляры. Разам з прызам уручаюцца дыплом і грашовая прэмія. Атрымаць прыз можна толькі адзін раз.

Прапановы па кандыдатурах на атрыманне прыза прымаюцца ад калектываў тэатраў лялек Беларусі, студый, асацыяцый, тэатральных клубаў, а таксама ад членаў Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Рашэнне аб узнагароджванні прызам прымае Рада Беларускага саюза тэатральных дзеячаў шляхам тайнага галасавання.

Уручаецца прыз, як правіла, на святкаванні Міжнароднага дня тэатра — 27 сакавіка.

Уладальнікі прыза 2004 — Уладзіслаў Уласаў; 2005 — Юрась Франкоў; 2006 — Валянцін Пражэева; 2007 — Алег Жугжда; 2008 — Аляксандр Васько; 2009 — Мікалай Сцешыц; 2010 — Ларыса Мікуліч; 2011 — Уладзімір Грамовіч; 2012 — Аліна Фаміна; 2013 — Аляксандр Маханькоў; 2014 — Аляксандр Казакоў; 2015 — Святлана Баброўская; 2017 — Алег Рыхтар.

Спасылкі Старонка на сайце Беларускага саюза тэатральных дзеячаў

Катэгорыя:Лялечны тэатр у Беларусі Катэгорыя:Беларускі саюз тэатральных дзеячаў Катэгорыя:Тэатральныя прэміі Катэгорыя:2004 год у Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 2004 годзе Катэгорыя:27 сакавіка