Ганс Зі́глінг (; ) — нямецкі афіцэр, сябра СС, удзельнік Другой сусветнай вайны. Змагаўся з партызанамі ў Беларусі, пазней узначальваў розныя баявыя адзінкі, складзеныя пераважна з беларусаў. Самы паспяховы камандзір дапаможнай паліцыі ў нямецкай арміі.
Біяграфія Нарадзіўся 24 лютага 1912 года ў Графенгайне Германскай Імперыі ў сям’і школьнага кіраўніка Вільгельма Зіглінга (памёр у 1934 годзе), і яго жонкі Эмы (памерла ў 1965 годзе).
1 сакавіка 1930 года ўступіў у НСДАПЗалесский К. А. СС. Охранные отряды НСДАП. — М.: Эксмо, 2005. — 672 с. — 5000 экз. — . Да 30 верасня 1930 года быў таксама ў СА. У ліпені 1932 года ўступіў у шупа, дзе даслужыўся да капітана шупа. З прычыны службы ў паліцыі Зіглінг выйшаў з НСДАП, аднак вярнуўся ў яе 1 траўня 1933 года (№ 3 279 337)Stefan Klemp. «Nicht ermittelt». Polizeibataillone und die Nachkriegsjustiz. Ein Handbuch, стар. 87. У паліцыі Ганс Зіглінг служыў да 1939 года з перапынкам на армейскую службу ў 1935—1937 гадах, якую скончыў у званні лейтэнанта рэзерву.
У Польскай кампаніі 1939 года Зіглінг камандаваў паліцэйскай ротай, якая ўваходзіла ў айнзацгрупы. У 1940 годзе ажаніўся. У траўні 1941 года падаў заяву на ўступленне у СС. 25 лістапада 1941 года Зіглінг стаў членам СС (№ 450 683) у званні гаўптштурмфюрара.
1939—1941 Паводле Раманько, у 1939—1941 гадах Зіглінг кіраваў паліцыяй парадку ў адной з акруг Генерал-губернатарства, а з лета 1941 года ўжо ў складзе ахоўнай паліцыі на тэрыторыі СССР.
Паводле ж Панамарэнкі, да моманту ўварвання ў СССР Зіглінг камандаваў 1-й ротай 3-га паліцыйнага батальёна і ваяваў з партызанамі ў Карынтыі.
Паводле Залескага, Ганс Зіглінг падчас вайны служыў у 7-м пяхотным палку. У верасні-лістападзе 1941 года ён удзельнічаў у антыпартызанскіх аперацыях у Грэцыі. На Усходні фронт Зіглінг трапіў у снежні 1941 года пасля перакіду туды яго батальёна.
Барацьба з партызанамі У верасні 1942 года 1-я рота Зіглінга была выкарыстаная як кадровая аснова для стварэння ў Баранавічах 57-га ўкраінскага батальёна дапаможнай паліцыі, а сам Зіглінг узначаліў гэты батальён. Да сярэдзіны 1944 года батальён пад яго камандаваннем ваяваў з партызанамі на тэрыторыі Беларусі і эпізадычна ўдзельнічаў у баях супраць РСЧА. Да лета 1944 года за спінай жаўнераў Зіглінга былі дзясяткі паспяховых антыпартызанскіх аперацый. Сам Зіглінг выявіў сябе як таленавіты афіцэр і нярэдка непасрэдна ўдзельнічаў у планаванні і каардынаванні антыпартызанскіх аперацый. За ўдзел у аперацыі «Котбус» Зіглінг атрымаў Нямецкі крыж у золаце. Удзельнічаў таксама ў аперацыях «Бліц», «Херман», «Ота».
Камандзір 30-й дывізіі СС (2-й рускай) У ліпені 1944 года Зіглінг узначаліў толькі створаную брыгаду дапаможнай паліцыі. 1 жніўня 1944 года Ганс Зіглінг быў пераведзены ў войскі СС, а 18 жніўня і ягоная брыгада, якая стала 30-й грэнадзёрскай дывізіяй СС (2-й рускай). Як адзначаў Кастусь Акула, Зіглінг быў пад моцным уплываў рускіх афіцэраў, асабліва калішняга саслужыўца па 57-м батальёне маёра Вячаслава Мураўёва.
Падчас камандавання дывізіяй Зіглінг цалкам адмаўляў нацыянальнае пытанне, бо, на ягоную думку, яно раздзяляла дывізію, робячы яе слабой.
Францішак Кушаль пазней пісаў пра Зіглінга:На мяне рабіў ён уражанне чалавека маладога, недасьведчанага й няўстрыманага. Выплыў ён наверх толькі дзякуючы пратэкцыі. Кажуць, што нейкая бліжэйшая сувязь, ці сваяцтва лучыла яго з Гімлерам.Падчас баёў у Францыі быў цяжка ранены.
Дывізія была няўстойлівая, з-за чаго 29 снежня 1944 года Ганс Зіглінг вызваліўся ад камандавання ёй, а ўжо 11 студзеня 1945 года быў выдадзены загад, паводле якога дывізія расфармавана 1 студзеня таго ж года.
10 лютага 1945 года Зіглінг узначаліў грэнадзёрскую брыгаду СС (1-ю беларускую), якая пазней была перайменаваная ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС (1-ю беларускую). Ганс Зіглінг заставаўся на чале дывізіі да красавіка 1945 года.
Пасля вайны Пасля вайны Ганс Зіглінг жыў у Нёрдлінген-Кляйнердлінгене (Баварыя), стаў прадпрымальнікам.
Памёр пасля 14 снежня 1978 года ў ФРГ.
Званні 25 лістапада 1941 года — гаўптштурмфюрар СС. 20 красавіка 1944 года — штурмбанфюрар СС і маёр паліцыі. 14 жніўня 1944 года — оберштурмбанфюрар СС і оберст-лейтэнант паліцыі (або падпалкоўнік шупа).
Узнагароды Медаль «У памяць 1 кастрычніка 1938 года». Крыж «За ваенныя заслугі» 2-га класу з мячамі (15 чэрвеня 1942). Медаль «За Зімнюю кампанію на ўсходзе 1941—1942 гадоў», «Усходні медаль» (15 жніўня 1942). Жалезны крыж 2-го класа (6 студзеня 1943). Крыж «За ваенныя заслугі» 1-га класу з мячамі (20 красавіка 1943). Пяхотны штурмавы знак у серабры (21 чэрвеня 1943). Жалезны крыж 1-го класа (15 ліпеня 1943). Знак за раненне (10 студзеня 1944). Нямецкі крыж у золаце (11 красавіка 1944).
Таксама Ганс Зіглінг атрымаў 5 знакаў выдатнасці для ўсходніх народаў.
Судовы працэс
Беларусь У Беларусі 2 снежня 2025 года Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд крымінальную справу па абвінавачванні ў генацыдзе беларускага народа Ганса Ойгена Зіглінга, члена СС і службоўца ахоўнай паліцыі, паводле артыкула 127 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
З матэрыялаў крымінальнай справы:Абвінавачаны Ганс Ойген Зіглінг, які ўзначальваў з моманту дыслакацыі на акупаванай тэрыторыі БССР ўкраінскую паліцэйскую роту, а з снежня 1942 года-студзеня 1943 года — створаны на яе базе 57-ы батальён ахоўнай паліцыі, выконваў злачынныя загады вышэйстаячага кіраўніцтва нацысцкай Германіі. Ён непасрэдна арганізаваў карныя аперацыі і акцыі, падчас якіх здзейсніў забойствы, уключаючы масавыя, знішчэнне цалкам альбо 11 сельскіх населеных пунктаў. Зіглінг пазбавіў жыцця праз расстрэлы з агнястрэльнай баявой зброі і павешанне не меней 1706 чалавек, у тым ліку не менш 238 заведама малалетніх дзяцей, а таксама асоб, якія былі ў бездапаможным стане, і заведама састарэлых.26 студзеня 2026 года Вярхоўны Суд пачаў судовае разбіральніцтва па крымінальнай справе па абвінавачванні Ганса Зіглінга, які ўваходзіў у склад СС і ахоўнай паліцыі, абвінавачанага ў генацыдзе беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны (арт. 127 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).Згодна з прад'яўленым абвінавачваннем Ганс Ойген Зіглінг, 1912 г.н., ураджэнец населенага пункта Графенвер Германскай імперыі, які памёр у 1978 годзе на тэрыторыі Федэратыўнай Рэспублікі Германія, з'яўляўся адным з нацысцкіх злачынцаў, якія ажыццяўлялі генацыд беларускага народа на акупаванай тэрыторыі БССР.Зіглінг у перыяд з канца 1941 года – пачатку 1942 года ўзначальваў нацыяналістычнае ваенізаванае фарміраванне (украінскую паліцэйскую роту), а са снежня 1942 года па студзень 1943 года – кіраваў створаным на яе базе 57-м батальёнам ахоўнай паліцыі, выконваў злачынныя загады вышэйстаячага кіраўніцтва нацысцкай Германіі.У выніку арганізаваных Зіглінгам карных аперацый і злачынных акцый, здзейсненыя забойствы не менш за 1706 чалавек, уключаючы не менш за 238 дзяцей, у тым ліку заведама састарэлых і асоб, якія знаходзяцца ў бездапаможным стане, а таксама рабіў замах на забойства яшчэ не менш за 30 чалавек, уключаючы дзяцей, прычыніў ім цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, аднак не змог завяршыць свае злачынныя дзеянні па незалежных ад яго абставінах.Таксама Зіглінг абвінавачваецца ў знішчэнні цалкам або часткова не менш за 11 сельскіх населеных пунктаў Беларусі.11 сакавіка 2026 года прысудам Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Ганс Зіглінг прызнаны вінаватым у генацыдзе — дзеяннях, учыненых з мэтай планамернага знішчэння цалкам беларускага народа — нацыянальнай, этнічнай групы і групы, вызначанай на аснове тэрытарыяльнага, ідэалагічнага і іншых адвольных крытэрыяў, праз забойства членаў такой групы і прычынення ім цяжкіх цялесных пашкоджанняў, наўмыснага стварэння жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае фізічнае знішчэнне такой групы, гэта значыць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 127 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У сувязі са смерцю абвінаваўчы прысуд у дачыненні да Ганса Зіглінга пастаноўлены без прызначэння пакарання.
Крыніцы
Літаратура Залесский К. А. СС. Охранные отряды НСДАП. — М.: Эксмо, 2005. — 672 с. — 5000 экз. —
Stefan Klemp. «Nicht ermittelt». Polizeibataillone und die Nachkriegsjustiz. Ein Handbuch. 2. Auflage. Klartext Verlag, Essen 2011,
Спасылкі
Катэгорыя:Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:Члены 30-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў пры СС Катэгорыя:Кавалеры Жалезнага крыжа 1 класа Катэгорыя:Кавалеры Жалезнага крыжа 2 класа Катэгорыя:Узнагароджаныя медалём «За зімовую кампанію на Усходзе 1941—1942» Катэгорыя:Узнагароджаныя знакам выдатнасці для ўсходніх народаў Катэгорыя:Узнагароджаныя знакам «За раненне» ў чорным Катэгорыя:Узнагароджаныя Штурмавым пяхотным знакам Катэгорыя:Удзельнікі Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Оберштурмбанфюрары СС